У гэтай узроставай групе ў Беларусі колькасць хворых на ВРВІ вышэйшая ў два разы
«Гэта звязана з пэўнай модай апранацца», — кажа галоўны санітарны доктар Беларусі.
У Беларусі зараз адзначаецца высокая захваральнасць на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі сярод падлеткаў 15-17 гадоў, распавёў намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Аляксандр Тарасенка, піша БелТА.
«У асноўным мы зараз рэгіструем высокую захваральнасць сярод падлеткаў 15—17 гадоў. Гэта звязваю з пэўнай модай апранацца. Сярод гэтай групы насельніцтва захваральнасць вышэйшая ў два разы, — сказаў Аляксандр Тарасенка. — Але з улікам прыняцця прафілактычных мер я думаю, што і па гэтай групе, і па насельніцтве нам удасца стрымаць сітуацыю».
Намеснік міністра аховы здароўя разлічвае, што захваральнасць у гэтым эпідэмічным сезоне будзе не вышэйшай, чым летась. Пачынаючы з 2011 года, калі штогод сталі праводзіць кампанію па вакцынацыі супраць грыпу, адзначаецца станоўчая тэндэнцыя.
«Чым больш прышчэплена насельніцтва, тым меншая захваральнасць на грып», — удакладніў ён.
Па словах Аляксандра Тарасенкі, на сёння захваральнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі стабілізавалася. Да гэтага быў рост, звязаны з заканчэннем канікул, выхадам з адпачынкаў.
«Сфармаваліся калектывы — і адзначаўся рост. Гэта штогадовая сітуацыя. Але калі параўноўваць з аналагічным перыядам мінулага года, то паказчыкі захваральнасці ніжэйшыя», — заўважыў Аляксандр Тарасенка.
Ён удакладніў, што за мінулы тыдзень паказчык захваральнасці склаў 1260 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.
Кампанія вакцынацыі супраць грыпу стартавала ў верасні. За кошт бюджэту прышчапляюць трохвалентнай вакцынай для прафілактыкі грыпу расійскай вытворчасці.
За ўласныя грошы можна прышчапіцца вакцынамі «Ваксігрып Тэтра» (Францыя) і чатырохвалентнай «Інфлювак Тэтра» (Швейцарыя).
«Усе яны прайшлі рэгістрацыю, паказалі сваю эфектыўнасць», — падкрэсліў намеснік міністра.
Каментары
І што менавіта ў вопратцы ўплывае?