Лавачка прыкрываецца? Бізнэс хвалюе, што нямецкія банкі сталі заварочваць плацяжы па адной з самых патрэбных схемаў
Суразмоўцы «Нашай Нівы» звяртаюць увагу, што нямецкія банкі пачалі адмаўляць у плацяжах па дамовах саступкі — папулярным відзе ўзаемаразлікаў беларускіх і еўрапейскіх кампаній пасля ўвядзення санкцый. Як гэта працуе і на якім этапе дзейнічае забарона?
«У Германіі выдалі нарматыўна-прававы акт, які забараняе плаціць па дамовах саступкі з 01.01.2024, але нямецкія банкі ўжо заварочваюць такія плацяжы. Падазраем, што гэта чарговая мера, як яны лічаць, супраць абыходу санкцый, і такія акты хутка прымуць і іншыя краіны», — паведамілі «Нашай Ніве» суразмоўцы з камерцыйных колаў.
Што гэта азначае на практыцы?
«Дапусцім, я літовец, эстонец або іншы еўрапеец з даўнімі камерцыйнымі сувязямі ў Беларусі, якія я не намераны рваць.
Але ёсць праблема — банкі маіх краін проста не плоцяць у Беларусь і не прымаюць адтуль плацяжы, незалежна ад таго, што мой бізнэс не звязаны з ваенкай, энергетыкай, угнаеннямі і гэтак далей.
Каб вырашыць праблему аплаты, я карыстаюся схемай з саступкай доўгу.
Дапусцім, мне трэба заплаціць за штосьці ў Беларусі, але я плачу іншай еўрапейскай кампаніі, якой павінна трэцяя кампанія з Беларусі. Я плачу еўрапейцам у Еўропе, а іх даўжнікі ў Беларусі плоцяць тым, каму павінен я.
Мае адносіны з беларускай кампаніяй для банка нябачныя, у прызначэнні плацяжу будзе толькі напісана, што ён выплочваецца ў рамках дамовы заліку, таму што непасрэдна я той еўрапейскай кампаніі нічога ні за што не павінен», — тлумачыць сэнс беларускі бізнэсмен, які з партнёрамі карыстаецца схемай саступкі доўгу.
«Складана памераць шырыню практыкі. Але яна выкарыстоўваецца, таму што яна простая і танная.
Калі ты хочаш іначай, то можаш адкрываць рахункі ў іншых юрысдыкцыях, якія з Беларуссю працуюць. Напрыклад, у польскім РКО, або ў Арменіі, Казахстане.
Зноў жа, тут пачынаюцца страты на курсах, танцах з бубнам і гэтак далей. А саступка доўгу — простая і эфектыўная схема», — дадаў іншы наш суразмоўца.
Калі схема закрыецца і ў іншых еўрапейскіх краінах і там кампаніі не змогуць праводзіць узаемазалікі паміж сабой, што ад гэтага беларускаму бізнэсу?
«Я разумею, што еўрапейскія банкі цяпер нават у разліках унутры іх краін на многія плацяжы глядзяць з недаверам і схільны бачыць абыход санкцый у тым, што ім адразу не зразумела. А таму страхуюцца на нейкі, хацелася б верыць, час.
Хаця, як па мне, лавачку глабальна прыкрыць будзе складана, таму што народ стане пісаць іншае прызначэння плацяжу — усіх не правераць.
І змогуць прыдрацца, толькі калі паступіць данос, што насамрэч вось гэтыя дзве кампаніі паміж сабой не маюць адносін, якія дэкларуюць, а грошы, што паміж імі ходзяць, гэта саступкі даўгоў у інтарэсах беларускіх контрагентаў.
Але, адкінуўшы гэтую рызыку, можна прыдумаць сотню варыянтаў, як зрабіць так, каб банк не зразумеў, што адбываецца», — дадаў наш іншы суразмоўца.
Праблема разлікаў паміж беларускімі і еўрапейскімі кампаніямі абвастраюцца кожны год па палітычных прычынах.
Нават тыя сферы, якія не закранулі санкцыі за рэпрэсіі і саўдзел у вайне, становяцца таксічнымі для еўрапейскіх банкаў, якія не хочуць разбірацца, легальным ці нелегальным бізнэсам ажыццяўляюцца плацяжы ў бок Беларусі.
У выніку гэта рэдка дае эфект, таму што кампаніі знаходзяць варыянты, якія праводзіць аплаты праз трэція юрысдыкцыі, але гэта павышае цану тавараў і паслуг, што ўласнікі кампаній перакладваюць на плечы спажыўцоў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬСтаўкі па крэдытах у Беларусі выраслі ўпершыню з пачатку года
Хто інвестуе ў беларускія токены
Беларусь пастаўляе ў Расію польскія яблыкі у абход санкцый. Адбываецца гэта з дазволу саміх польскіх пастаўшчыкоў
У Латвіі беларускага бізнэсоўца, якому дапамаглі пасля 2020 года, падазраюць у абыходзе санкцый
Каментары