«Ні ў чым не абвінавачваю гульцоў». Пагаварылі з заўзятаркай, якая прыйшла падтрымаць беларускую зборную пад бел-чырвона-белым сцягам
Беларуская зборная зноў забівае, ды яшчэ і адбірае ачкі ў швейцарцаў. 15 кастрычніка беларускія футбалісты згулялі з імі ўнічыю 3:3, а на стадыёне ў Санкт-Галене, дзе прайшла гульня, былі і заўзятары пад бел-чырвона-белым сцягам. «Наша Ніва» пагутарыла з адной з іх.
Заўзятарка жыве не ў Беларусі ужо амаль 20 гадоў, займаецца навукай і выкладае ў адным з еўрапейскіх універсітэтаў. Яна расказвае, што да гульні ў нядзелю наведвала футбол толькі аднойчы.
Беларуска распавяла, што да паходу на матч пад нацыянальнымі сцягамі спрычынілася нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco, а таксама беларуска-швейцарская асацыяцыя Razam.ch. Гульня ў Санкт-Галене была не першым матчам беларусаў у Швейцарыі — некалькі месяцаў таму гродзенскі «Нёман» гуляў з «Вадуцам» у еўракубках. Але гэта быў першы раз, калі Libereco прапанавалі паездку на матч з раздачай улётак, і беларусы далучыліся да ініцыятывы.
Улёткі, пра якія ідзе гаворка, раздавалі прадстаўнікі арганізацыі. Вось як яны выглядалі:
Вы маглі чуць пра Libereco і раней: яны дапамагаюць звязваць еўрапейскіх палітыкаў і палітвязняў, каб палітыкі станавіліся іх «хроснымі». Арганізацыя дамаглася таго, каб Nestle знізілі колькасць рэкламы на беларускім тэлебачанні, і дагэтуль займаецца інфармаваннем пра падзеі ў Беларусі.
Чаму ўзяла з сабой сцяг? «БЧБ — гэта для мяне наш гістарычны сцяг, я яго атаясамліваю з Беларуссю. Вершнік на кані, Пагоня — мне здаецца, гэта вельмі моцна адлюстроўвае нашу культуру. Для мяне гэта мацней, чым сучасны праўладны сцяг, які больш асацыяюецца з савецкім часам — мякка кажучы, неадназначным», — расказвае заўзятарка.
Жанчына адзначае, што беларусаў спакойна прапусцілі на гульню з нацыянальнымі сцягамі: «Там усе былі са сцягамі, швейцарцы прынеслі свае. Не было ніякіх абмежаванняў па сімволіцы. Швейцарцы разумеюць, што гэты сцяг — нацыянальнае самавызначэнне».
На матч прыйшло багата заўзятараў — 17 тысяч, кажа жанчына. А вось беларусаў пад нацыянальным сцягам сабралося каля пяці чалавек. Суразмоўца мяркуе, што футбалісты іх не надта бачылі, бо былі сфакусаваныя на гульні, а гэтыя заўзятары стаялі далёка ад поля. Увесь стадыён быў за Швейцарыю, але беларускія гледачы старалася падтрымліваць сваіх — маўляў, ім там было вельмі цяжка.
Беларуска прызнае, што гэтую нацыяналку багата крытыкуюць за адсутнасць пазіцыі па грамадскіх пытаннях. Ёй, аднак, такія погляды не ўласцівыя:
«Я ні ў чым не абвінавачваю людзей, зборная займаецца спортам. Не асуджаю людзей за іх грамадскую пазіцыю, і не залежыць, які бок яны выбралі, ведаю, што некаторыя асуджаюць [футбалістаў зборнай]. Але мне здаецца, што такія гульні, як гэтая, прыцягваюць увагу да крызісу ў Беларусі, каб пра нас не забывалі: маўляў, калі звяртаюць увагу на саму Беларусь, то можа і крызіс у краіне заўважаць.
Калі Беларусь здаецца далёкай і незразумелай краінай, неяк усё роўна, што там адбываецца. А калі ты бачыш футбалістаў з Беларусі, якія някепска гуляюць, узнікае цікавасць да гэтай краіны. Яны бачаць, што мы не настолькі адрозныя ад іх, што мы таксама цывілізаваныя людзі. Тады, мне здаецца, узнікнуць пытанні, што ж у Беларусі з правамі чалавека».
Палітычныя рэжымы прыходзяць і сыходзяць, разважае заўзятарка, а зборная, краіна і людзі застаюцца, то не варта атаясамліваць краіну з цяперашняй уладай у ёй.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЭкс-вядучая перадачы пра футбол на БТ Крысціна Козел вучыцца на нумаролага
Каментары
Спачуваць каму?
Тым, хто ўпісваецца за рэжым?