Блінкен папярэдзіў кангрэсменаў пра рызыку ўварвання Азербайджана ў паўднёвую Арменію — Politico
Яны абмяркоўвалі меры, якія могуць прыняць ЗША ў адказ на тое, што Азербайджан узяў пад свой кантроль тэрыторыю Нагорнага Карабаха.
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен папярэдзіў кангрэсменаў, што войскі Азербайджана ў наступныя тыдні могуць уварвацца на поўдзень Арменіі, паведамляе Politico са спасылкай на крыніцы. Матэрыял пераказвае «Медуза».
Па словах крыніц, Блінкен 3 кастрычніка абмяркоўваў гэтае пытанне падчас тэлефоннай размовы з невялікай групай кангрэсменаў ад Дэмакратычнай партыі. Кіраўнік Дзярждэпа і заканадаўцы абмяркоўвалі меры, якія могуць прыняць ЗША ў адказ на тое, што Азербайджан узяў пад свой кантроль тэрыторыю Нагорнага Карабаха. Блінкен, у прыватнасці, сказаў, што ЗША перастануць аказваць ваенную дапамогу Баку.
У Дзярждэпартаменце адмовіліся каментаваць тэлефонную размову Блінкена, але падкрэслілі, што ЗША падтрымліваюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Арменіі і выступаюць за вырашэнне канфлікту шляхам прамых перамоваў.
Паўднёвая Арменія размешчана паміж асноўнай часткай Азербайджана і яго эксклавам — Нахічэванскай аўтаномнай рэспублікай, — якія мяжуюць з Турцыяй і Іранам. Афіцыйны Баку прапануе пракласці праз Сюнікскую вобласць Арменіі Зангезурскі калідор даўжынёй каля 40 кіламетраў, каб злучыць Азербайджан і Нахічэвань. Бакі дамовіліся стварыць калідор у трохбаковым пагадненні, прынятым у 2020 годзе пасля заканчэння другой вайны ў Карабаху. Аліеў пагражаў вырашыць гэтае пытанне сілавым шляхам, зазначае Politico.
Каментары