«Я ж вельмі моцна люблю Лукашэнку». Жлобінская пенсіянерка паскардзілася на мясцовую міліцыю і трапіла ў ІЧУ
Увесну 2023 года Жлобінскі раённы суд прызначыў адміністрацыйны штраф прыхільніцы Лукашэнкі. Да суда пенсіянерку ўтрымлівалі ў ІЧУ як палітычную правапарушальніцу, піша «Флагшток».
Падрабязнасці незвычайнага адміністрацыйнага працэсу распавяла «Флагштоку» жыхарка Жлобіна Аліна, яна апынулася ў адной камеры з пенсіянеркай вясной 2023 года.
— Да нас пасадзілі бабулю 70 гадоў — Еву. Яна распавяла, што назвала ў сваім відэа на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы нашага былога начальніка міліцыі службовым злачынцам, таму што ён ніяк не рэагаваў на яе звароты.
Ёй патэлефанавалі з пракуратуры пад маркай падпісаць нейкія дакументы. Нібыта яны разабраліся. Бабуля прыйшла і яе затрымалі.
У працэсе размовы высветлілася, што пенсіянерка зʼяўляецца прыхільніцай Лукашэнкі.
— Бабуля расказвала: «Я ж вельмі моцна люблю Лукашэнку. Я прымала ўсе папраўкі, якія былі. Як так мяне маглі пасадзіць да суда?»
Нягледзячы на сваю любоў да Лукашэнкі, яна, як і я, спала без матраца. Не было пакладзена нічога. Святло ў камеры з-за нас дваіх не выключалі. Вадзілі ў кайданках і скручвалі ластаўкай тварам у падлогу. Мяне і бабулю.
«Флагшток» знайшоў відэазвароты жлобінскай пенсіянеркі. Затрыманай аказалася Ева Піскун са Жлобіна. З запісаў можна зразумець, што гісторыя пачалася ўлетку 2022 года, калі жанчына прыехала ў Гомель на аздараўленне.
У адной з паездак у гарадскім транспарце ёй упершыню трапіўся аўтобус без кандуктара. Купіўшы білет у кіроўцы, яна не ведала, што яго неабходна кампаставаць. Кантралёр, які зайшоў у аўтобус, выпісаў ёй штраф. Штраф быў аплачаны, але, на думку жанчыны, неправамоцна, і яна звярнулася з патрабаваннем вярнуць грошы.
У студзені 2023 года Ева Піскун запісала відэазварот, у якім расказала, што супрацоўнікі міліцыі не хочуць яе слухаць.
«Валакіта і бюракратызм, непісьменнасць. У нас Лукашэнка патрабуе: не выкручвайце рукі людзям, стаўцеся сурʼёзна да складання ўсіх дакументаў, усіх працэдур, адміністрацыйных у тым ліку. Лукашэнка працуе асобна, а ўсе астатнія службы працуюць асобна. Чаму такі гармідар у краіне татальны?»
Жанчына ў відэа таксама паведамляла, што кіраўнік Жлобінскага РАУС Генадзь Мельнік «хаваецца ад людзей», і што пры яго маўклівай згодзе «складаюцца фіктыўныя адміністрацыйныя пратаколы, спыняюцца адміністрацыйныя матэрыялы».
Напрыканцы жанчына заклікала да кадравых чыстак у структуры раённага РАУС.
У сваіх відэазваротах жанчына падкрэслівала, што адрасуе сказанае Лукашэнку.
«Флагшток» пагаварыў са знаёмым пенсіянеркі.
На ўмовах ананімнасці ён паведаміў, што пасля здзекаў у ізалятары Ева знаходзіцца ў шоку. Суд прызначыў ёй вялізны штраф, які яна не ведае, як выплаціць.
А Генадзь Мельнік больш не ўзначальвае Жлобінскі РАУС. Па звестках «Флагшток», ён атрымаў павышэнне ў Следчым камітэце ў Гомелі.
Каментары