Парламентарыі Расіі і Беларусі падрыхтавалі слуханні аб мерах па абароне сваіх суайчыннікаў за мяжой. Як піша расійская «Незалежная газета», гаворка ідзе, напрыклад, аб развіцці інстытута падвойнага грамадзянства на постсавецкай прасторы. Прапануюць выдаваць «электронную карту для сувязі з гістарычнай радзімай» (не зразумела, размова тут толькі пра расіян ці беларусаў таксама). Прадстаўнікам расійскай і беларускай дыяспары, жадаючым вярнуцца, абяцаюць пры пераездзе дадатковыя льготы. 

Тлумачыцца, што частка людзей захоча вярнуцца, бо праз вайну Расіі ва Украіне склалалася сітуацыя «беспрэцэдэнтнай русафобіі», «многія суайчыннікі сутыкнуліся з нарастаючым ціскам з боку мясцовых уладных структур і СМІ». Таму актуалізавалася пытанне аб зыходзе не толькі з Украіны, але і з прыбалтыйскіх і іншых дзяржаў.

Сярод асноўных напрамкаў работы дэпутаты бачаць выбудоўванне станоўчага вобразу РФ і Беларусі. І пастаяннае асвятленне жыцця і праблем расійскіх і беларускіх суайчыннікаў за мяжой і пасля вяртання дадому.

«І Расія, і Беларусь згодныя з узмацненнем мер па захаванні рускай мовы як мовы міжнацыянальных зносін за мяжой. Для гэтага варта дамагацца пашырэння маштабаў выкладання ў навучальных установах замежных дзяржаў, а таксама падтрымліваць яе выкарыстанне ў друкаваных і электронных СМІ», — прыводзіць выданне высновы дэпутатаў.

Прапануецца і такая мера, як спрашчэнне і паскарэнне працэдур, звязаных з атрыманнем расійскага грамадзянства разам з наяўным для тых, хто пакуль не плануе пераезд, але імкнецца ўмацаваць сувязі з радзімай. Не ясна, ці тое ж самае збіраюцца прапанаваць і з беларускім грамадзянствам або беларусаў прыпісваюць да «расійскіх суайчыннікаў».

«У частцы РФ у праекце рэкамендацый сказана, што «дадзеныя праграмы павінны прадугледжваць спрошчаную працэдуру атрымання грамадзянства, а таксама рэалізацыю сістэмы мер па фінансаванні пераезду да месца пастаяннага пражывання, атрыманне дапамог на перыяд ўладкавання ўсім членам сем'яў, выплату пенсій па ўзросце, а таксама льготнае крэдытаванне набыцця жылля». Размова пойдзе і аб магчымасці ўвесці спецыяльную электронную карту «расійскага суайчынніка», якая дасць ім не толькі афіцыйны статус або рознага роду «бонусы», але і, напрыклад, доступ да партала «Дзяржпаслугі», — піша выданне.

Такія меры, мяркуюць дэпутаты, дапамогуць краінам палепшыць дэмаграфічную сітуацыю.

Клас
1
Панылы сорам
21
Ха-ха
91
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
12