Супраць адваката і былога знатака Іллі Новікава ў Расіі завялі справу аб дзяржздрадзе
ФСБ падазрае яго ў датычнасці да «здзяйснення дзяржаўнай здрады ў форме пераходу на бок праціўніка». Гэта караецца пажыццёвым зняволеннем.
Адвакат і былы знаўца перадачы «Што? Дзе? Калі?» Ілля Новікаў праходзіць паводле справы аб дзяржаўнай здрадзе, паведамляе РБК са спасылкай на ФСБ.
Спецслужба падазрае яго ў датычнасці да здзяйснення дзяржаўнай здрады ў форме пераходу на бок праціўніка. Арт. 275 КК прадугледжвае пазбаўленне волі аж да пажыццёвага.
Новікаў у Расіі абараняў захопленую ў палон украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку і рэжысёра Алега Сянцова.
Ён з 2021 года жыве ў Кіеве, дзе ў судзе бараніў экс-прэзідэнта Пятра Парашэнку. У мінулым снежні МУС Расіі абвясціла яго ў вышук, артыкул не раскрываўся. Ілля ў мінулым годзе ў Кіеве паступіў у тэрытарыяльную абарону, са зброяй у руках бароніць Кіеў.
У пачатку 2000-х гадоў ён быў адным з найлепшых гульцоў «Што? Дзе? Калі?», уладальнікам «Брыльянтавай савы» (2014) і двух «Крыштальных соваў» (2004, 2014), але пасля таго, як стаў адвакатам Надзеі Саўчанкі, яго выкінулі з інтэлектуальнага клуба, а каманду Алеся Мухіна, дзе ў той час гуляў Ілля, аднойчы нават не дапусцілі да гульні.
Чытайце таксама:
Адвакат, былы знаток «Што? Дзе? Калі?» Ілля Новікаў: «Я больш не расійскі юрыст. Я ўкраінец»
Каментары