На Магілёўшчыне дзяцей сталі вазіць па лукашэнкаўскіх мясцінах. Як у СССР па ленінскіх
Новы ідэалагічны маршрут «Дарогай Першага» прыдумалі ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Школьнікам падчас яго расказваюць пра дапрэзідэнцкае жыццё Лукашэнкі, паведамляе Mayday.team.
У сельгасакадэміі абвясцілі пра старт «абласнога турыстычнага марафону» для дзяцей ад 10 да 16 гадоў. Групы школьнікаў у загадным парадку фарміруе «Магілёўаблтурыст». Маршрут экскурсіі: Магілёў — Шклоў — Александрыя — Горкі.
Першымі турыстамі ў мінулыя выхадныя сталі вучні магілёўскіх сярэдніх школ №19 і №25. З Магілёва, дзе Лукашэнка атрымліваў першую вышэйшую адукацыю, школьнікаў павезлі ў Шклоў, дзе ён працаваў, а потым — у Александрыю, дзе месціцца былая школа-музей Лукашэнкі. Скончыўся маршрут у Горках, у БДСГА, дзе Лукашэнка вучыўся «без адрыву ад вытворчасці».
У акадэміі дзецям паказалі аўдыторыю №1020 у першым корпусе БДСГА, дзе некалі нібыта слухаў лекцыі Лукашэнка, і далі магчымасць пасядзець за «рэтрапартамі». Наведванне аўдыторыі суправаджаецца расповедам пад назвай «О Времени и о Человеке, Личность которого вписана в Историю современной Беларуси» (арфаграфія з арыгінала).
Працягнецца абласны марафон да 10 лістапада. Калі ідэалагічную навінку палічаць удалай, дзяцей гэтым маршрутам павязуць і з іншых рэгіёнаў.
Зрэшты, гэта не такая ўжо і навінка, ідэя яўна запазычаная з савецкіх часоў. У СССР існавалі турыстычныя маршруты па ленінскіх месцах. У іх склад, дарэчы, таксама ўваходзілі Горкі, толькі не нашы беларускія, а падмаскоўныя, дзе Ленін правёў апошнія гады свайго жыцця.
Каментары