Электрык, лідар «Салідарнасці», нобелеўскі лаўрэат, прэзідэнт Польшчы.
Будучы прэзідэнт Польшчы нарадзіўся ў вялікай сям’і 29 верасня 1943 года ў вёсцы Папова ў Ліпноўскім павеце. Скончыў школу механізацыі сельскай гаспадаркі і працаваў электрамеханікам. У 1967 годзе ўладкаваўся электрыкам на Гданьскую суднабудаўнічую верф.
Першы досвед палітычнай барацьбы Лех Валэнса атрымаў у 1970 годзе: ён актыўна ўдзельнічаў у страйку рабочых верфі і быў арыштаваны.
Пазней Валэнса ўваходзіў у афіцыйную Рабочую камісію, адказваў за бяспеку і гігіену. У 1976 годзе яго звольнілі за крытыку дзейнасці прафсаюзаў і адміністрацыі прадпрыемства.
14 жніўня 1980 года ён узначаліў страйк на Гданьскай верфі і стаў лідарам Міжнароднага страйкавага камітэта.
Цягам двух тыдняў лідары акцыі вялі перамовы з уладамі. 31 жніўня яны завяршыліся падпісаннем пагадненняў, якія гарантавалі выкананне ўсіх патрабаванняў рабочых, у тым ліку права на арганізацыю незалежных самакіраваных прафсаюзаў. Найбольш вядомым з іх стала «Салідарнасць».
5 кастрычніка 1983 года Лех Валэнса атрымаў Нобелеўскую прэмію міру за імкненне да мірнага вырашэння праблем і канфліктаў у барацьбе за правы і свабоды.
Сваю ўзнагароду прафсаюзны лідар перадаў польскаму Касцёлу ў фонд развіцця індывідуальнай сельскай гаспадаркі.
У 1988 годзе, калі Польшчу зноў скалыхнулі страйкі, Валэнса выступіў за перамовы з уладамі. Быў арганізаваны знакаміты круглы стол, у межах якога было прынята рашэнне аб правядзенні ў краіне выбараў у Сейм і Сенат.
Па выніках галасавання ў парламент увайшлі ўсе кандыдаты ад «Салідарнасці». У краіне быў сфармаваны першы некамуністычны ўрад. А ў 1990 годзе Лех Валэнса быў абраны прэзідэнтам Польшчы. Гэтую пасаду ён займаў адзін пяцігадовы тэрмін.
Каментары