«Ідэя нейтральнай Украіны ў існых умовах ужо не мае сэнсу». Кісінджэр патлумачыў, чаму змяніў сваю пазіцыю
Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў ЗША сустрэўся з дыпламатам, навукоўцам і палітыкам Генры Кісінджэрам, які раней быў катэгарычна супраць членства Украіны ў НАТА, але цяпер змяніў сваё меркаванне.
Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.
Ён адзначыў, што таксама браў удзел у сустрэчы. Паводле ягоных слоў, у Кісінджэра ёсць шмат трапных цытат, якія характарызуюць сучасны стан спраў у вайне з Расіяй.
«Да гэтай вайны я быў супраць членства Украіны ў НАТА, таму што баяўся, што гэта пачне менавіта той працэс, які мы назіраем цяпер. Сёння, калі працэс дасягнуў такога ўзроўню, ідэя нейтральнай Украіны ў такіх умовах ужо не мае сэнсу», — цытуе Кісінджэра ўкраінскі чыноўнік.
Кіраўнік Офіса дадаў, што Кісінджэр цяпер адзін з лабістаў Украіны ў НАТА.
Генры Кісінджэр у 1970-я гады займаў пасаду дзяржаўнага сакратара ЗША і быў дарадцам па нацыянальнай бяспецы. Пры яго ўдзеле халодная вайна паміж ЗША і СССР пайшла на спад, гэты перыяд у гістарыяграфіі вядомы як «разрадка». У 1973 годзе Кісінджэр стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру ў сувязі з дасягнутым перамір'ем у В'етнаме.
У 2008 годзе Кісінджэр выступаў супраць уступлення Украіны ў НАТА і за тое, каб Украіна засталася ў сферы ўплыву Расіі. У 2015 годзе, пасля расійскай агрэсіі, ён крытыкаваў санкцыі супраць Расіі і апраўдваў акупацыю Крыма.
У маі 2022 года, выступаючы на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, Кісінджэр заявіў, што Украіна павінна саступіць частку сваёй тэрыторыі Расіі, каб скончыць вайну. Гэтае выказванне было жорстка раскрытыкавана.
Ужо ў ліпені 2022 года Кісінджэр перайшоў да больш стрыманай пазіцыі адносна Украіны, а ў студзені 2023 года ўвогуле падтрымаў ідэю ўступлення Украіны ў НАТА.
Каментары