Грамадства55

25 чалавек падалі ў суд на курсы з інстаграмшчыцай. Што з гэтага атрымалася

Практычна цэлы курс патэнцыйных таргетолагаў нядаўна праверыў у судзе, што будзе, калі навучанне ў папулярнай блогеркі вас не задаволіла. Гісторыю распавёў Onliner.

Вольга (імя зменена на просьбу гераіні) была сярод тых, хто купіў курсы па таргеце, якія ў выніку прывялі яе ў суд. Дзяўчына кажа, што заўважыла ў вядомых блогераў таргетолага, якая павінна была ўдзельнічаць у навучанні. І таксама вырашыла запісацца.

Тая самая таргетолаг была з дзясяткамі тысяч падпісчыкаў у Instagram і, як яна сама пісала, навучыла больш за 150 чалавек.

«Я выбрала гэтыя курсы не таму, што хтосьці рэкамендаваў гэтага спецыяліста як таргетолага, а таму, што яна часта мільгала ў блогераў, — кажа Вольга. — Яны расказвалі яе шлях, што такая дзяўчынка з глыбінкі прабілася, і гэта падкупіла. Пра яе прафесіяналізм уяўлення не было. Бачыла рэкамендацыі блогераў, здавалася, што яны не будуць дрэннага раіць, таму што таксама паважаюць сваю аўдыторыю».

Цана залежала ад часу пакупкі і ўмоў (нехта купіў ментарства) — ад 1390 да 2390 рублёў. Першыя заняткі былі 5 студзеня 2023 года.

Прыкладна праз месяц Вольга прыйшла да высновы, што праграма не адпавядае таму, што абяцалі. Дзяўчына кажа, што спыніць навучанне захацелі і іншыя людзі ў групе, у якіх назапасіліся пытанні да актыўнага ў Instagram таргетолага і да ІП з тым жа прозвішчам — арганізатара курсаў.

«Мы пісалі, што хочам спыніць навучанне. Пасля гэтага нам закрылі доступ да чатаў, залілі пакінутыя модулі на платформу GetCourse і сказалі, што аказалі нам паслугі ў поўным аб'ёме. Навучанне было спынена».

«Я вельмі апяклася на гэтым досведзе, была ў шоку, што такія рэчы можна прадаваць як навучанне». 

Сітуацыі, калі кліенты былі незадаволеныя курсамі, здараліся і раней. Звычайна праблема вырашаецца вяртаннем грошай прапарцыйна аб'ёму аказаных паслуг, таму да суда такія канфлікты даходзяць рэдка, тлумачыць юрыст Наталля Гурневіч, якая працавала ў грамадскім аб'яднанні «Рэгіянальнае таварыства абароны спажыўцоў» і займалася гэтай справай.

«У грамадскім аб'яднанні такога прэцэдэнту не было, каб 25 чалавек з 29 пайшлі ў суд, каб вярнуць грошы. Так што гэта рэдкі выпадак».

Пытанні ў навучэнцаў да курса ўзніклі не адразу. Першыя тры модулі былі пра сферу таргету, «прапрацоўку мыслення» і падрыхтоўку Instagram да настройкі рэкламы. Потым па плане быў модуль «Прафесійны таргетолаг» — вось на ім і пачаліся праблемы. «Інфармацыю, якая там была, можна было знайсці ў інтэрнэце. Нам прадалі інфармацыю з Google», — здзівіліся слухачы курса і палічылі гэта плагіятам.

Гэтыя падазрэнні праверыў потым суд — і прыйшоў да высновы, што «інфармацыя, якая давалася ў модулі 4, ёсць у адкрытых крыніцах у інтэрнэце».

Яшчэ адзін момант — праверка хатніх заданняў. На выкананых работах ставілі «сэрца» ці «ракету», гэта і была зваротная сувязь.

Перад навучаннем быў вэбінар, на якім абяцалі модуль аб працы з кліентамі з Амерыкі і Еўропы, лекцыі з юрыстам і бухгалтарам, дадатковыя матэрыялы, але кліенты гэтага не атрымалі.

Арфаграфічныя памылкі ў матэрыялах, нецэнзурная лексіка ў адным з модуляў, незразумелая кваліфікацыя куратараў — пытанняў станавілася ўсё больш.

У судзе бок адказчыка спрабаваў даказаць, што закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» не распаўсюджваецца на канфлікт з вучнямі і ўвогуле некаторыя з іх пазіцыянуюць сябе як таргетолагі. Суд не пагадзіўся: некаторыя пазначалі гэтую інфармацыю ў сацсетках як частку хатняга задання, а нехта ўжо паспеў прайсці іншыя курсы таргетынгу.

І яшчэ цікавы момант: адказчык настойваў, што мэтай курсаў не было навучанне прафесіі таргетолага. Пры гэтым выпускнікам адпраўлялі сертыфікаты з указаннем «таргетолаг».

Юрыст Наталля Гурневіч растлумачыла:

«У гэтым выпадку паслугі не пазіцыянаваліся як адукацыйныя, проста як інфармацыйна-кансультацыйныя, адказчык настойваў на гэтым у судзе. Але ў той жа час, калі даваў тлумачэнні, некалькі разоў казаў пра навучанне.

Калі спажывец заключае такі дагавор, трэба яго ўважліва вывучыць і зразумець, ці з'яўляецца асоба, якая аказвае паслугу, індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнай ці фізічнай асобай. Калі гэта юрыдычная асоба ці ІП, то ў такім выпадку вярнуць сродкі можна, але трэба ўлічваць два моманты:

1) калі можна скасаваць дагавор, бо паслуга аказана няякасна;

2) дагавор можна скасаваць у аднабаковым парадку. У такім выпадку трэба ўлічыць фактычна панесеныя выдаткі адказчыка, звычайна гэта азначае, што можна вярнуць грошы за тую частку курса, якую вы не прайшлі. Да фактычных выдаткаў адносяць тыя, якія ўжо адказчык патраціў на праходжанне курса гэтым спажыўцом. Гэта можа быць аплата платформы, зарплата выкладчыка, калі курс афлайн — арэнда памяшкання.

Калі судом будзе ўстаноўлена парушэнне правоў спажыўца, то закон дазваляе спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды. Памер кампенсацыі будзе разлічаны судом зыходзячы з маральных пакут спажыўца».

Навучэнцы ж прайшлі палову курса, таму прэтэндавалі на вяртанне 50% кошту.

«Калі б не было моцнай доказнай базы, складана сказаць, як бы ўсё павярнулася. Справа была ці то на 6, ці то на 7 тамоў, мы прыносілі скрыншоты, перапіскі, запісы з экранаў, запісы вэбінара і першага ўступнага ўрока. Таму змаглі даказаць, што абяцалі кліентам адно, а ў выніку яны атрымалі іншае», — тлумачыць юрыст.

Па рашэнні суда навучэнцам павінны вярнуць палову кошту курсаў, няўстойку ў памеры 100 рублёў і кампенсаваць маральную шкоду ў памеры 100 рублёў. 

Разам гэта 25740 рублёў. Такую ж суму складзе штраф (90% пойдзе ў бюджэт, 10% — Рэгіянальнаму таварыству абароны спажыўцоў). Акрамя таго, адказчык павінен заплаціць 6528 рублёў грамадскаму аб'яднанню за прадстаўленне інтарэсаў навучэнцаў у судзе і дзяржпошліну 4975 рублёў.

Каментары5

  • Інсташуняўка
    24.09.2023
    «Інфармацыю, якая там была, можна было знайсці ў інтэрнэце. Нам прадалі інфармацыю з Google»

    "Дурань, які зразумеў, што ён дурань, ужо ня дурань". 

    Дарма яны заяву падалі, карыстныя веды атрымалі і незразумела чым незадаволены.
    Інфу пра тое як карыстацца нейкай сацсеткай, трэба шукаць на афсайце гэтай сеткі, а не ў ашуканцаў.
  • Беларус
    24.09.2023
    ром, “ва блага” ён можа быць толькі для расейцаў
  • mikola
    24.09.2023
    idyioty.....znaisli kudy *padavac* ! lepei by adrazu u Gaagu.....

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў9

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі запускаюць рэаліці-шоу для блогераў, галоўны госць — Вольга Бузава8

Удзельніка «X-фактара» арыштавалі за палітыку — хутка будзе суд1

У Гарадку за экстрэмізм асудзілі музыку, якога не аднойчы прызнавалі найлепшым работнікам культуры Прыдзвіння

Цемнаскуры акцёр Паапа Эсіеду можа сыграць Северуса Снэйпа ў новым «Гары Потэры»1

Пенсіянера з Астравецкага раёна аштрафавалі на 2000 рублёў. Магчыма, за колер альтанкі ў двары

Spotify апублікаваў штогадовы рэйтынг самых папулярных артыстаў года4

У Румыніі будуць судзіць замежніка, які планаваў дыверсіі па ўказанні Расіі

«ЗША павінны адмовіцца ад змены рэжыму ў Беларусі». Амерыканскі эксперт — пра «мягкую перазагрузку» адносін з Беларуссю45

Жыхару Наваполацка выставілі абвінавачванне ў тэрактах на БАМе1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў9

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў

Галоўнае
Усе навіны →