Украінская разведка заявіла аб датычнасці да атакі дронамі ў Курску — па будынку ФСБ і нафтаперапрацоўчым заводзе
Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны правяло аперацыю ў Курску, атакаваўшы дзве цэлі — будынак упраўлення ФСБ у цэнтры горада і нафтаперапрацоўчы завод у раёне аэрадрома. Пра гэта «Украінскай праўдзе» заявіла крыніца ў вайсковай разведцы.
Па словах крыніцы, у першым выпадку было прамое траплянне дрона ў будынак, у выніку другога — пачаўся пажар. Дакладнай інфармацыі аб маштабах разбурэнняў або пацярпелых пакуль няма, дадала крыніца.
Раніцай 24 верасня губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт паведаміў, што ў цэнтральнай акрузе Курска ўкраінскі дрон атакаваў адміністрацыйны будынак, нязначна пашкодзіўшы яго дах.
Пазней у мясцовых пабліках зʼявіліся паведамленні аб новым выбуху ў горадзе.
24 верасня Курск адзначае Дзень горада. Улады заявілі, што не стануць адмяняць святочныя мерапрыемствы ў гонар 991-годдзя Курска, аднак вырашылі не ладзіць святочнага салюту.
Каментары