Упершыню ў гісторыі краіны колькасць замежнікаў, якія жывуць у Літве, перавысіла 200 тысяч, паведамляе Delfi са спасылкаю на Дэпартамент міграцыі. Паводле звестак на 1 верасня, у Літве пражывала 203 157 чалавек з розных замежных краін.
На пачатку года ў краіне знаходзілася амаль 190 тысяч замежнікаў.
Самай буйной дыяспарай у Літве застаюцца ўкраінцы — 85 579 чалавек. Большасць з іх прыбылі ў Літву пасля пачатку вайны.
Больш за ўсё за год у Літве вырасла беларуская дыяспара.
Паводле даных на пачатак года, у краіне пражывала крыху больш за 48 тысяч беларусаў, а паводле даных на 1 верасня іх было больш за 60 тысяч, то-бок дадалося 12 тысяч чалавек.
Колькасць расійскіх грамадзян у Літве вырасла нязначна. Паводле даных на пачатак года, у краіне пражывала 15 706 расійцаў, а паводле даных на 1 верасня — 16 179. Большасць з іх — 8571 — гэта пастаянныя жыхары Літвы, якія жывуць тут на працягу пары дзясяткаў гадоў або даўжэй.
Каментары