У Белавежскай пушчы ўпершыню выявілі самую маленькую кветкавую расліну ў свеце
Супрацоўнікамі навуковага аддзела Белавежскай пушчы пры правядзенні палявых даследаванняў у Каралёва-Мастоўскім лясніцтве была выяўленая самая маленькая кветкавая расліна на Зямлі — вольфія бескаранёвая. Пра гэта паведамляе сайт Нацыянальнага парку, падкрэсліваючы, што «гэта новы для флоры Белавежскай пушчы від, які раней тут не фіксаваўся».
Вольфія бескаранёвая, ці па-навуковаму Wolffia arrhiza (L.) Horkel ex Wimm., — самая маленькая водная кветкавая расліна на нашай планеце, «такая расліна-ліліпут». Вонкава яна выглядае як драбнюткія сакавіта-зялёныя, ледзь выцягнутыя «шарыкі», якія памерам меншыя за 1 міліметр.
У вольфіі ёсць мікраскапічныя кветкі, хай прымітыўныя і непрыкметныя, але самыя сапраўдныя і паўнавартасныя. Праўда, ва ўмовах Беларусі цвіцення гэтага віду пакуль не адзначалася.
Вольфія — расліна ў Беларусі даволі рэдкая, яна сустракаецца толькі на самым поўдні Беларусі — у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. У Чырвонай кнізе Беларусі яна ўнесеная ў спіс раслін, якія маюць патрэбу ў прафілактычнай ахове.
Міжнародны саюз аховы прыроды таксама ўключыў яе ў свой спіс відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (IUCN Red List) у катэгорыю LC. Гэта значыць від, які выклікае найменшую асцярогу.
Каментары