Культура1515

Архітэктурныя творы аўтара бела-чырвонага-белага сцяга прызнаныя Сусветнай спадчынай ЮНЕСКА

Міжваенная архітэктура літоўскага Коўна была ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. «Мадэрнісцкі Коўна: архітэктура аптымізму, 1919—1939» стаў пятым аб'ектам у Літве, які атрымаў такое высокае прызнанне ў свеце. Свой унёсак у гэтую спадчыну зрабіў і беларускі дзеяч, інжынер Клаўдзій Дуж-Душэўскі.

Рашэнне аб прысваенні статусу было прынята ў панядзелак на 45-й сесіі Камітэта сусветнай спадчыны, якая праходзіць з 10 да 25 верасня ў сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе.

Дагэтуль Літва была прэзентаваная ў спісе гістарычным цэнтрам Вільні XIII—XVIII стагоддзяў, Куршскай касой, археалагічнымі помнікамі ў Кернаве ды геадэзічнай дугой Струвэ, якая таксама праходзіць праз Беларусь, Украіну, краіны Балтыі і іншыя.

У тлумачэнні паведамляецца, што гэта выдатны прыклад сучаснага горада, які характарызуецца хуткай урбанізацыяй і мадэрнізацыяй, разнастайным выражэннем каштоўнасцей і імкненняў, звязаных з аптымістычнай верай у незалежную будучыню. Адзначаецца, што архітэктура Коўна адлюстроўвае шматгранную прыроду мадэрнізму і раскрывае аптымістычны менталітэт новай дзяржавы і амбіцыйныя чаканні ад будаўніцтва новай сталіцы, якія пераплятаюцца з традыцыямі горада і рэгіёна.

Мадэрнісцкі цэнтр Коўна. Фота: твітар ЮНЕСКА
Чырвонай лініяй пазначаны межы аб'екта Сусветнай спадчыны, а цёмна-шэрым — мадэрнісцкія будынкі, якія ўвайшлі ў ягоны склад. Схема з дасье

Сталіцай Літоўскай Рэспублікі, абвешчанай у 1918 годзе за месяц да абвяшчэння БНР, першапачаткова была Вільня. У гэты час у Вільні знаходзіўся беларускі палітычны дзеяч і стваральнік нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга Клаўдзій Дуж-Душэўскі, які, як сам паведамляў, нават мусіў стаць міністрам беларускіх спраў пры літоўскім урадзе.

Але ўжо ў 1919 годзе пасля паходу Жалігоўскага гэты горад перайшоў пад кантроль Польскай Рэспублікі і сталіца Літвы была часова перанесена ў Коўна. Пасля горад некалькі раз пераходзіць то ў савецкія рукі, то ў польскія. 

«…калі ў верасні 1920 г. палякі зноў авалодалі Вільняй, то габрэйскі гандляр Ютан прапанаваў мне месца на сваёй падводзе. І за некалькі дзён мы й даехалі ў Коўню…» — так успамінаў свой ад'езд Дуж-Душэўскі.

Па-літоўску гэты горад называецца Каўнас, па-беларуску бытавалі два варыянты: Коўна і Коўня.

На акупаванай Віленшчыне палякі пачалі душыць як літоўскі, так і беларускі нацыянальныя рухі, бачачы ў іх небяспеку ў сваім валадаранні над «крэсамі ўсходнімі».

Дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у дзяржавах Балтыі Клаўдзій Дуж-Душэўскі (злева) і шэф Беларускай вайскова-дыпламатычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі Кастусь Езавітаў (справа), 25 снежня 1919 г.

Аднойчы, калі Дуж-Душэўскі вяртаўся ў Вільню, каб наведаць сваю сям'ю, яго затрымалі польскія жандары, падазраючы ў супрацы з небяспечнымі элементамі (якая знаёмая сітуацыя!). 

Пасля выхаду з Лукішак 7 лютага 1921 года беларускаму дзеячу было зразумела, што ў Вільні палякі не дадуць яму жыцця. Разам з жонкай ён канчаткова перабіраўся ў Коўна, новую літоўскую сталіцу.

У 1927 годзе ён скончыў будаўнічы факультэт мясцовага Літоўскага ўніверсітэта, атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-будаўніка, што дазволіла яму працаваць у праектным бюро архітэктара Уладзіміра (Уладаса) Дубянецкага.

Перанос сталіцы надаў магутны імпульс развіццю Коўна, які, у адрозненне ад Вільні, тады не дацягваў да сталічнага статусу. У сувязі з чым у тагачасных архітэктараў, відавочна, праблем з заказамі не было. 

Інжынер Клаўдзій Дуж-Душэўскі і ягоныя асноўныя пабудовы ў Коўне.

Беларус стаў аўтарам дзясяткаў будынкаў у Коўне, Панявежы, Клайпедзе ды Шаўлях, пасля вайны заставаўся ў горадзе, дзе займаў пасаду загадчыка кафедры гісторыі архітэктуры ва ўніверсітэце, а пасля праектаваў для савецкага дзяржаўнага інстытута. 

Большасць будынкаў, спраектаваных Дуж-Душэўскім, захавалася да нашага часу. Мяркуючы па той прапанове, якая была падрыхтаваная літоўцамі для ЮНЕСКА, некаторыя ягоныя пабудовы цяпер належаць да Сусветнай спадчыны. Сярод 216 будынкаў, якія былі прапанаваныя Літвой, ёсць і тры, чыім аўтарам пазначаны славуты беларус:

  • Дом Ігнаса Ёнінаса па вуліцы Руту, 3 (Rūtų g. 3), пабудаваны ў 1928 годзе; 
  • Жылы дом Пранаса Аўгустайціса, размешчаны ў двары квартала па адрасе вуліца К. Данялайча, 7А (K. Donelaičio g. 7A) і пабудаваны ў 1931 годзе;
  • Жылы дом па вуліцы В. Путвінскё (V. Putvinskio g. 33), пабудаваны ў 1933 годзе.
Дом па адрасе V. Putvinskio g. 33, пабудаваны ў 1933 годзе. Фота: Kultūros paveldo departamentas
Нечаканыя класічныя дэталі на помніку мадэрнізму. Фота: Kultūros paveldo departamentas
Дэталі дома па адрасе V. Putvinskio g. 33. Фота: Kultūros paveldo departamentas

Гэта даволі сціплыя будынкі, з мінімалістычнымі сродкамі выразнасці, тым не менш не пазбаўленыя цікавых дэталяў, што ў цэлым характэрна для тагачаснага стылю. Але гэта далёка не ўся спадчына Душэўскага, бо ў табліцы нярэдка апускалася суаўтарства або ўвогуле не прыводзіўся аўтар.

Праект Клаўдзія Дуж-Душэўскага і перароблены варыянт Бронюса Эльсбяргаса. Фота: KAA

У тэксце 413-старонкавага дасье, падрыхтаванага літоўскімі спецыялістамі, ёсць цэлы артыкул пра жылы дом Казімераса Шкемы (V. Putvinskio g. 60), які быў пабудаваны ў 1933 годзе быццам бы па сумесным праекце Клаўдзія Дуж-Душэўскага і Браніслава Эльсберга. Але насамрэч Дуж-Душэўскі адмовіўся ад свайго аўтарства, калі «раптам даведаўся, што мой праект быў зменены нейкім архітэктарам Эльсбергам» і па пераробленым праекце ўжо пачалі выводзіць сцены.

Будынак кінатэатра «Metropolitain» з барам «Pale-Ale». Архіўныя фота.

Адным з першых значных праектаў Клаўдзія Дуж-Душэўскага можна лічыць будынак кінатэатра «Metropolitain» з барам «Pale-Ale» (Laisvės al. 71), спраектаваны разам з прафесарам Уладзімірам Дубянецкім. Сапраўднае аўтарства праекта дагэтуль не высветлена, бо праект Дубянецкага адрозніваецца ад пабудаванага будынка, а Душэўскі заўсёды згадваў яго як свой.

Галоўны фасад «Metropolitain» быў, бадай, найяскравейшым узорам стылю ар-дэко ў літоўскай архітэктуры. А білеты ў гэты кінатэатр былі самымі дарагімі ў горадзе.

У 1950-я гады будынак быў да непазнавальнасці перабудаваны пад Ковенскі драматычны тэатр, які і сёння размяшчаецца тут, аўтэнтычны выгляд захавалі толькі зала і вестыбюль. З гэтай прычыны самы знакаміты твор Дуж-Душэўскага ў спіс Сусветнай спадчыны не патрапіў.

Дом Пурыцкіса па адрасе Vaižganto g. 14 цяпер таксама ўваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны.

Паводле даследчыка Томаша Блашчыка, сярод прыватных дамоў, спраектаваных Дуж-Душэўскім, найбольшую каштоўнасць маюць дамы міністра замежных спраў Юозаса Пурыцкіса (Vaižganto g. 14) і дыпламата Ёнаса Аўкштуоліса (Aušros g. 1). Да нашага часу захаваліся дамы Жакявічэне і Гарунгшціса (Trakų g. 15 і 17), адваката Уладаса Пожэлы (Vienybės a. 10, цяпер Putvinskio g. 41) і інжынера Раклайціса (Vienybės a. 11, цяпер Putvinskis g. 43). З вядомых выкананых праектаў не захаваўся дом Вінцаса Антуліса, які стаяў на рагу праспекта Вітаўта і вуліцы Шавельскай. Акрамя таго, К. Душэўскі пабудаваў сабе дом у раёне Жалякальніс (Aušros g. 47, цяпер Aušros g. 59).

З вышэй пералічаных будынкаў дом Пурыцкіса, узведзены ў 1932 годзе, таксама цяпер уваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны.

Таксама Дуж-Душэўскі працяглы час працаваў у Паштовым упраўленні пры літоўскім Міністэрстве шляхоў зносін, дзе адказваў за будаўніцтва. Ён пабудаваў мноства будынкаў пошты ў стылі канструктывізму, у тым ліку ў Шанчэі, які сёння з'яўляецца раёнам Коўна. На жаль, межы, акрэсленыя ў дасье Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, не ахопліваюць гэты раён горада.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі (злева) на будоўлі. Фота з сямейнага архіва Душэўскіх

Дарэчы, значную частку грошай, якія Дуж-Душэўскі зарабляў гэтай сваёй плённай архітэктурнай працай, ён аддаваў на беларускую справу.

Часопіс «Калоссе» пісаў у 1938 годзе:

«…Музей [Беларускі музей імя Івана Луцкевіча] атрымаў ад старога беларускага дзеяча з Коўна інжынера-архітэктара Кляўдыюша Душэўскага паведамленне, што са сваіх заробкаў ён пастанавіў выплачваць даволі значную суму штомесячна на дапамогу Музею. […] 

Гожа адзначыць, што інжынер Душэўскі ўжо каля 20 гадоў жыве ў Коўне і сваёй фаховай працай здабыў для сябе паважныя матэрыяльныя падставы быту, каторыя далі яму магчымасць не толькі пабудаваць для сябе пекны дом у сталіцы Летувы, але, як бачым, і дапамагчы са сваіх заработкаў беларускай культурнай установе. Пажадаем, каб за ягоным прыкладам пайшлі і другія заможныя Беларусы, лічба каторых з году ў год узрастае…».

Доўгі час Дуж-Душэўскі праектаваў будынкі пошты, адзін з якіх сёння знаходзіцца ў межах Коўна. Фота: фэйсбук Modernizmas ateičiai

Пры гэтым Клаўдзій Дуж-Душэўскі, застаючыся шчырым беларусам, вывучыў літоўскую мову і з вялікай павагай ставіўся да краіны, якая яго прытуліла:

«…не пакідаючы беларускую работу, я застаюся беларусам, а таксама ж імкнуся быць і добрым грамадзянінам маёй радзімы Літвы… Да Літвы стаўлюся, як да сваёй радзімы, і хачу быць карысным і добрым грамадзянінам, але ва ўнутраныя справы Летувы не ўмешваюся, бо хачу быць тактоўным да краіны, якая дала мне прытулак…»

Нагадаем, што 25 Сакавіка гэтага года на магіле Дуж-Душэўскага ў Петрашунах у Коўне адкрылі новы помнік. На цырымонію адкрыцця прыляталі ў тым ліку нашчадкі ўратаваных ім у вайну яўрэяў.

Прыклад Дуж-Душэўскага паказвае, што нават у цяжкіх умовах эміграцыі беларусы здольныя дасягаць высокіх вяршынь і быць прызнанымі на сусветным узроўні.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары15

  • Ася
    19.09.2023
    Чарговы ўдар па прапагандзе! Беларус нідзе не прападзе
  • Уладзь
    19.09.2023
    Ці выйдзе цяпер лукашэнкаўская Беларусь з ЮНЕСКА? Усё роўна з чаркай ды шкваркай яму там нічога не свеціць
  • Волат
    19.09.2023
    Віншую Літву з гэтым статусам для Коўна, яны сапраўды шмат для гэтага зрабілі, асабліва ў мінулым годзе! Беларусам ёсць чаму павучыцца

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі10

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі

Усе навіны →
Усе навіны

Кароль Карл III: Купаючы мяне, мама трэніравалася насіць карону

Затрымалі хлопца, які забіў у цэнтры Нью-Ёрка кіраўніка найбуйнейшай страхавой кампаніі ЗША2

У Магілёве з'явіліся прыпынкі з радкамі з Пушкіна. У тым ліку пра Лукамор'е ФОТЫ14

Былога кіраўніка БПЦ падазраюць у «спрыянні захопу храмаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны2

Хто такая Аліса Вайдэль — кандыдатка на пасаду канцлера Германіі ад ультраправай «Альтэрнатывы»12

У Літве арыштавалі 82-гадовага былога ссыльнага за шпіянаж на карысць Расіі3

Чыноўнікі пракаментавалі знос будынка Гістарычнай майстэрні ў Мінску

Для галоўнага ахоўніка Лукашэнкі прыдумалі кіраўнічую пасаду ў Беларусбанку8

Крах рэжыму за 11 дзён. Чаму армія Асада так хутка развалілася?7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі10

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі

Галоўнае
Усе навіны →