Пад Рэчыцай п'яны муж абліў сваю былую жонку бензінам і кінуў запалку
За жыццё пацярпелай змагаюцца медыкі, а мужчыну затрымалі.
Жудаснае злачынства адбылося 12 верасня ў вёсцы Броннае. Раніцай паступіла паведамленне пра пажар, на месца выехалі ратавальнікі, міліцыя і хуткая. Адразу стала зразумела — падпал быў наўмысны, паведамляюць Моцныя навіны.
З-за агню сур'ёзна пацярпела 43-гадовая гаспадыня дома, лекары дыягнаставалі каля 60% апёкаў цела. Яна паспела паведаміць, што абліў яе бензінам былы муж, ён жа кінуў запалку. Тут жа ўзяліся за яго пошукі.
Хаваўся 36-гадовы падпальшчык нядоўга, ужо праз некалькі гадзін яго затрымалі ў адным з гаражоў райцэнтра.
Было ўстаноўлена, што муж і жонка даўно ў разводзе, але пражываюць разам. У гэтую раніцу ў іх на глебе рэўнасці былога мужа адбыўся канфлікт. Мяркуюць, што менавіта ў гэты момант ён узяў каністру з бензінам, абліў жанчыну і падпаліў. Сам жа патэлефанаваў у экстранныя службы і кінуўся наўцёкі.
Пацярпелая ў шокавым стане паспела дабегчы да сваёй сяброўкі, дзе распавяла, што адбылося. Тая і выклікала хуткую. Распачатая крымінальная справа, а з жанчынай, спадзяемся, усё будзе добра.
Каментары