Каго садзяць за данаты, а каму дазваляюць адкупіцца. Вось якая логіка
Усё болей беларусаў атрымліваюць рэальныя тэрміны за ахвяраванні на розныя незалежныя ініцыятывы і фонды. Расказваем, хто менавіта трапляе за краты і якім чынам можна зменшыць рызыку.
Хто ўжо трапіў за краты за данаты
Збольшага гэта людзі, якія данаціліі ў Фонд беларускай салідарнасці BySol у 2020 годзе. Гэта вельмі розныя людзі, але ўсе яны атрымалі ад трох да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі.
Напрыклад, айцішніца з кампаніі ГеймСтрым (былы Wargaming) Ксенія Алькенава атрымала чатыры гады калоніі, стваральнік беларускамоўнага навукова-папулярнага часопіса Pamylka Юрый Адамаў — тры гады, а мінчук Кірыл Клімаў — чатыры гады. Сумы ахвяраванняў ва ўсіх выпадках былі далёкія ад завоблачных і вымяраліся дзясяткамі даляраў.
Такіх спраў «Нашай Ніве» вядома агулам каля чатырох дзясяткаў. Гэта, напэўна, азначае, што ў рэальнасці іх у некалькі разоў больш, бо інфармацыя пра арышты і суды даходзіць несістэмна і часам запознена.
Каго і на колькі судзілі за «фінансаванне тэрарызму»?
На гэты момант вядома пра двух асуджаных па справах, звязаных з «фінансаваннем тэрарызму». Гэта Зміцер Слук і Мікалай Васілевіч.
Зміцер Слук — 35-гадовы ураджэнец Бабруйска.
Лукашысты сцвярджаюць, што ў жніўні 2021-га мужчына ахвяраваў каля 2700 даляраў нейкай ініцыятыве, «разумеючы тэрарыстычны характар яе дзейнасці». Да канца невядома, што менавіта гэта за ініцыятыва. Яму прысудзілі восем з паловай гадоў пазбаўлення волі. «Тэрарыстычнай дзейнасцю» лукашэнкаўцы часта называюць барацьбу за грамадзянскія правы, свабодныя выбары ці змаганне Украіны супраць расійскай агрэсіі.
Мікалай Васілевіч — 44-гадовы мінчук. Раней ён працаваў масажыстам для зборнай Беларусі па біятлоне.
Яму па выніках двух судоў прысудзілі дзевяць з паловай гадоў за «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці» і «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (спачатку толькі па гэтым артыкуле шэсць гадоў). Сумы ахвяраванняў невядомыя, а падрабязнасцяў судоў няма.
Тонкасць у тым, што біятлон і зборная па гэтым відзе спорту — пад апекай Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Ці не гэтым тлумачыцца асабліва вялікі тэрмін.
Якія ініцыятывы на сёння прызнаныя «экстрэмісцкімі» і «тэрарыстычнымі»?
У ліку «тэрарыстычных» толькі чатыры ініцыятывы — АГСБ, NEXTA/LUXTA, BYPOL з планам «Перамога» і «Сітуатыўна-аналітычным цэнтрам» і рух «Супраціў», уключаючы ініцыятывы «Кіберпартызаны», «Буслы ляцяць» і «ДНС». Чаты гарадоў Беларусі з імем «97%» у канцы — таксама «тэрарыстычныя» арганізацыі, бо адвольна аднесеныя судом да «NEXTA».
Па справах за «фінансаванне экстрэмізму» людзей судзяць за ахвяраванні ініцыятывам і медыя, якія некалі прызналі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
Перадусім гэта BySol і By_help. Менавіта за ахвяраванні ў гэтыя фонды асудзілі большасць палітвязняў па гэтых артыкулах, падрабязнасці справаў якіх вядомыя публічна.
Другая іх група — чаты ўсіх двароў Беларусі, якія былі на мапе dze.chat. Іх сотні, а некаторыя, якіх там не было, уключаныя туды асобна, што робіцца, каб «накінуць» артыкул людзям, якія ўжо знаходзяцца за кратамі. Асобна сюды ўключылі дваравыя выданні — «Веснікі», «Сем Чыжоў» і «Сумленная газета».
Трэцяя група — незалежныя медыя. Сюды ўваходзіць «Наша Ніва», Zerkalo, «Белсат», «Матолькапамажы» і «Беларускі Гаюн», «Радыё Свабода», «Флагшток», «Беларуская асацыяцыя журналістаў», «Чай з малінавым варэннем», kyky.org, «Беларусь галаўнога мозгу»,«Брэсцкая газета», тэлеканал «Ранак», «Маланка», volkovysk.by, Hrodna Life, «Баста!» і «Дзвіж», Хартыя 97, STOP LUKA, «Еўрарадыё», «Мая краіна Беларусь», «Нік і Майк», «Рэальная Беларусь», «Прамень», «БелаПАН», «Рэвалюцыйнае дзеянне», NEXTA/LUXTA і ўсе звязаныя з ім каналы і некалькі іншых вельмі дробных медыя.
Чацвёртая група — гэта каналы і супольнасці, якія ўключаюць туды, проста каб падвесці тых ці іншых людзей пад рэпрэсіі. Напрыклад, так там апынуўся гурт Tor Band.
Як ужываюцца гэтыя артыкулы дэ-факта?
Важна ведаць, што артыкулы за фінансаванне «тэрарызму» ды «экстрэмізму» ў перыяд, калі «не да законаў», прымяняюцца пастфактум. Гэта значыць, што не важна, куды вы ахвяравалі і ці была на момант ахвяравання гэтая ініцыятыва ў спісах МУС або КДБ — напрыклад, на момант, калі людзі ахвяравалі ў Bysol.
Артыкулу 361-2, па якіх судзяць тых, хто ахвяруе на «экстрэмізм», увогуле не існавала ў Крымінальным кодэксе Беларусі ў такім выглядзе на момант, калі людзі ахвяравалі грошы. Новая рэдакцыя кодэксу дазволіла прымяняць яе адвольна, бо зрабіла фармулёўку артыкула — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» — вельмі абстрактнай.
У судзе гэта звычайна гучыць як «зрабіў ахвяраванне ў памеры ікс арганізацыі ігрэк, усведамляючы экстрэмісцкі (тэрарыстычны) характар яе дзейнасці». Зразумела, што ніхто не спрабуе высветліць, ці была ініцыятыва прызнаная экстрэмісцкай у момант, калі рабіўся данат.
Каму пагражае пакаранне?
Тэарэтычна — усім, хто ахвяраваў у нейкія «пратэсныя» ініцыятывы. Невядома, якія з іх прызнаюць «экстрэмісцкімі» або «тэрарыстычнымі», але гэта можа адбыцца ў любы момант.
Прычым слова «пратэсныя» лукашысты інтэрпрэтуюць максімальна шырока. Супраць Аляксандра Лукашэнкі, супраць дыктатуры — значыць пратэсная.
Як засцерагчыся ад рэпрэсій за данаты?
Калі вы ахвяравалі ў ініцыятывы, прызнаныя «тэрарыстычнымі», з уласнай беларускай карткі, то адзінае, што вы можаце зрабіць, каб абсалютна гарантавана застрахавацца — гэта выехаць з Беларусі.
У такім выпадку ніхто не будзе прасіць у вас «адкупіцца», вы проста апынецеся за кратамі. У выездзе вам можа дапамагчы Bysol. Калі вы ўжо за мяжой, то не варта вяртацца ў Беларусь, калі вы не гатовыя бліжэйшыя гады правесці за кратамі.
Калі гэта «ўсяго толькі» ініцыятыва, прызнаная «экстрэмісцкай», то залежыць ад таго, як вы ахвяравалі, колькі і калі.
Калі праз Stripe ці наўпрост, то «адмыцца» не атрымаецца і вас можа чакаць выклік у КДБ з патрабаваннем «выкупу» (пачытайце гісторыю жанчыны, якая хадзіла на такую гутарку). Калі праз Facebook, то выдаліце яго па гэтым гайдзе.
Калі вы ў Беларусі і ахвяравалі праз Patreon, то лепш выдаліць ваш акаўнт — як і з фэйсбукам, банк не бачыць, каму менавіта вы ахвяравалі, але гэта небяспека. Выдаліць яго можна па гэтай спасылцы, націснуўшы ў правым верхнім баку кнопку Make a privacy request, далей Erase, далей Allow, а далей — Confirm request. Праз 14 дзён ваш акаўнт выдаліцца. Нават калі вы не ў Беларусі, то звярніце ўвагу на наш гайд па тым, як абараніць акаўнт у Patreon.
Калі вы ахвяравалі з замежнай карткі і вы цяпер у Беларусі або збіраецеся некалі туды, то выдаліце рахунак і пачысціце вашы браўзеры, выдаліўшы кэш. Калі ён быў віртуальны, то зрабіць гэта проста. Калі прывязаны да карткі, то давядзецца змяніць картку.
Такім чынам, спецслужбы не здолеюць даказаць, што ахвяравалі менавіта вы. Таксама лепш увогуле не захоўваць праграму замежнага банка на вашым тэлефоне, папрасіце пра гэта сябра, сваяка ці калегу, якім вы давяраеце. Прасіце пра гэта не па тэлефоне і не ў памяшканні, якое з вялікай імавернасцю можа праслухоўвацца.
Калі вы ахвяравалі крыптавалютай, то выдаліце акаўнт, праз які вы ахвяравалі. Напрыклад, тут ёсць даволі падрабязная інструкцыя для выдалення акаўнта ў Binance, але такія ёсць і для іншых і тут вам дапамогуць пошукавыя сістэмы. Калі вы стваралі кашалёк праз Electrum ці іншы кашалёк з адкрытым кодам, то перавядзіце з яго сродкі і выдаліце файл кашалька.
Не забудзьцеся таксама выдаліць усё мэйлы і файлы, звязаныя з ахвяраваннямі і вычысціць «Сметніцу» паштовага кліента і вашага камп'ютара.
І памятайце: век так не будзе, будзе і гэтаму канец.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Пісаў лісты студэнтам-вязням, у якіх апісваў фізічныя цікавыя факты». Што вядома пра навукоўца Юрыя Адамава, асуджанага за данаты
На допытах у КДБ «за данаты» цяпер патрабуюць здаваць яшчэ і знаёмых, якія выходзілі на пратэсты
«Даведалася, што выклікаюць у КДБ». Як айцішнікі вывозілі грошы ў 2023 годзе
Каментары