Грамадства2626

КДБ можа прапаноўваць людзям супрацу пад выглядам украінцаў. Аналіз фільма пра «тэрарыстаў, якіх вяло СБУ»

Расказваем пра людзей, якіх падалі ўкраінскімі агентамі, што рыхтавалі дыверсіі на чыгунцы. Пры бліжэйшым разглядзе акалічнасці справаў выклікаюць шмат пытанняў.

Вячаслаў Бародзій. Фота: КДБ via газета «Звязда»

Вячаслаў Бародзій

Вячаславу Бародзію 44 гады. Ён родам з сяла Кірданы, якое знаходзіцца ў Жытомірскай вобласці Украіны блізка ад мяжы з Беларуссю.

Мужчына працаваў у мясцовым лясніцтве. Аніякай інфармацыі пра ягоную нядаўнюю сувязь з войскам няма — дзяржТБ казала, што Вячаслаў служыў у Нацгвардыі Украіны ў 90-я. У «нулявыя» жыў у Мазыры і нават паспеў ажаніцца і стаць бацькам, а ягоны сын дагэтуль жыве ў Беларусі.

Вячаслава вінавацяць у тым, што ён нелегальна пераходзіў мяжу Беларусі, каб выканаць заданне ці то СБУ, ці то ГУР. У фільме заяўляюць, што ён на тэрыторыі Беларусі рабіў хованкі са зброяй, але пры гэтым Бародзію закідаюць толькі «агентурную дзейнасць».

Адметна таксама, што ніводная з ягоных «закладак» не была выкарыстаная ў нейкіх рэальных дзеяннях, прынамсі, такіх звестак у сюжэтах праўладных медыя няма, хоць мужчына быццам пераходзіў мяжу туды-сюды цягам трох месяцаў. А ўсе ягоныя пасылкі, па звестках з фільма, былі канфіскаваныя супрацоўнікамі КДБ. Хаця змест гэтых пасылак не паказваецца.

Аніякіх практычных доказаў ягонай агентурнай дзейнасці не прыводзіцца, акрамя ягоных жа словаў. Ён быў «завербаваны ГУР», але няма ўцямнага тлумачэння, чаму ведамства Буданава выбрала кіроўцу з сяла для вярбоўкі, падрыхтавала яго, а пасля перадало «ў карыстанне» ў СБУ. У яго дома, па легендзе, дагэтуль ёсць цэлы склад выбухоўкі — нібыта на выпадак новага расійскага ўварвання на поўнач Украіны.

Пры гэтым «агенту» Бародзію быццам бы выдалі для задання пісталет Sig Sauer P226, а не пісталет Макарава ці ТТ, распаўсюджаныя як ва Украіне, гэтак і ў Беларусі. Пра выкарыстанне Sig Sauer ва Украіне няма інфармацыі. Затое ёсць звесткі пра тое, што яны стаяць на ўзбраенні беларускіх спецслужбаў — менавіта з такога стралялі ў Андрэя Зельцэра.

СБУ таксама быццам бы сказала Бародзію адразу прызнавацца ў злачынстве, калі яго зловіць памежны атрад, а менавіта, казаць, што ён нелегальна пераводзіць людзей праз мяжу. Пры гэтым больш праўдападобным тлумачэннем, як слушна заўважыў «Белпол», было б сказаць, што ён спрабуе нелегальна прыехаць да сына ў Беларусь або што проста «заблукаў у лесе».

Павел Вабішчэвіч

Павел Вабішчэвіч у наручніках. Скрын відэа БТ

Другі затрыманы — Павел Вабішчэвіч. Яму 37 гадоў. Павел родам з вёскі Рубель Столінскага раёна, але ў апошні час жыў і працаваў у Мінску. 

Па інфармацыі з дзяржСМІ, меў праблемы з алкаголем і азартнымі гульнямі. Нават быў судзімы. Працы мужчына таксама мяняў даволі часта. На апошняй ён нібыта працаваў кладаўшчыком і меў зарплату каля трох тысяч рублёў — рэдкая ўдача знайсці працу кладаўшчыка з такім заробкам. Калі зірнуць банкі вакансій — амаль нерэальна. Кладаўшчыкам прапаноўваюць цяпер каля 1000 рублёў чыстымі.

Жыў з жонкай і двума дзецьмі, здымаў кватэру.

Яго падазраюць у тым, што ён на заданне СБУ спачатку фатаграфаваў вайсковыя аб'екты, пасля перапакоўваў выбухоўку з месца на месца, а пасля мусіў падарваць чыгуначнае палатно. Пачалася ягоная праца з таго, што ён адгукнуўся на аб'яву пра «нескладаную працу за добрыя грошы».

Быццам бы праз залежнасць ад гульняў частку зарплаты ён не даносіў у сям'ю, набраў пазыкаў і вырашыў такім чынам зарабіць. Праўда, зарабіў ён няшмат — агулам быццам каля дзвюх тысячаў даляраў. За падрыў палатна яму, па легендзе, мусілі выдаць яшчэ 15 тысяч.

А праз тое, што ў яго забралі пасведчанне за «нецвярозае кіраванне», мужчына прыцягнуў да «працы» свайго сябра, Андрэя Зіненку.

Андрэй Зіненка

Андрэй Зіненка. Фота: КДБ via БелТА

Яшчэ адзін фігурант справы — 40-гадовы Андрэй Зіненка.

У яго на твары пасля затрымання былі відаць сляды збіцця, а само затрыманне не паказанае. Ён родам з Петрапаўлаўска-Камчацкага, горада на беразе Ціхага акіяна, у якім зіма цягнецца паўгода. Але мужчына даволі даўно жыве ў Мінску і мае грамадзянства Беларусі. Паводле адукацыі ён выкладчык філасофіі і іншых сацыяльных дысцыплінаў.

З 2003-га гэты філосаф працаваў на Мінскім заводзе шасцерань, нейкі час — сантэхнікам у ЖЭСе, пасля ў кампаніі «Валстанмак», якая робіць абсталяванне для чысткі дываноў, а з 2016-га — нейкі час у кампаніі «Доміна», якая прадае сантэхніку. Вабішчэвіча ведаў з нейкай з былых працаў.

Андрэй Зіненка. Фота: ягоная старонка УКантакце

Мужчыну таксама закідаюць удзел у «тэрарыстычным акце». Праўда, у паведамленнях, якія публікуюць дзяржСМІ, Вабішэвіч піша, што «закруціць пасылкі, каб сябра не ведаў, што ў іх», а сам Зіненка кажа, што згадзіўся падвезці Вабішчэвіча, бо той даўно быў вінен яму грошай і абяцаў па-хуткаму іх аддаць, бо адшукаў працу. Ды і ўзнагарода была сумнеўная, бо за тое, каб завезці Вабішчэвіча, той даў яму 100 даляраў, што вельмі мала, калі б ён ведаў, у чым сапраўды рэч.

Вядома, што кадэбэшнікі на гэты момант ужо за імі шчыльна сачылі. Быццам бы нехта перадаў інфармацыю пра Вабішчэвіча яшчэ ў Оршы, калі ён спрабаваў сфатаграфаваць чыгуначнае палатно.

За Вабішчэвічам беларускія спецслужбы даўно сачылі. У фільме гэтыя кадры паказаныя як элементы аператыўнай здымкі Вабішчэвіча і Зіненкі. Скрыншот

Гісторыя гэтых двух людзей выглядае звонку як «падстава» ад беларускіх спецслужбаў, мы гэта патлумачым ніжэй.

Іван Ліхалат

Іван Ліхалат. Фота: ягоная старонка УКантакце

Яшчэ адзін затрыманы — 31-гадовы Іван Ліхалат. Мужчына родам з горада Славута Хмяльніцкай вобласці. У Беларусі жыве больш за 10 гадоў па дазволе на жыхарства. Тут у яго ёсць жонка і трое дзяцей — 10-гадовыя двайняты і малодшая 7-гадовая дачка.

Мужчына працаваў кіроўцам, маляром, рознарабочым. Апошняе месца ягонай працы — аўтасэрвіс «Аўтадоктар» у Гродне.

Праўладныя медыя называюць яго «былым разведчыкам УСУ». Праўда, гэта дакументальна не пацвярджаецца — вайсковы білет, паказаны ў фільме СТБ, паказвае, што служыў ён у частцы А1048, якой прадстаўлены 354-ы навучальны механізаваны полк. У ім, калі меркаваць па структуры ўкраінскай арміі, да прыкладу, вучаць дэсантнікаў. 

Версія КДБ пра Ліхалата гучыць так. Быццам яшчэ ўзімку яму з украінскага нумара тэлефанаваў чалавек з пазыўным «Акім», прадставіўся супрацоўнікам ГУР і «настойліва ўпрошваў дапамагчы Украіне». Праўда, пасля ў рэпартажах дзяржСМІ кажуць, што ён супрацоўнічаў з СБУ, з чаго відаць, што беларускія чэкісты яшчэ не вырашылі, хто сапраўды адказны за «падрыхтоўку тэрарыстычных актаў у Беларусі». А сам Ліхалат расшыфроўвае ГУР як «галоўнае разведвальнае ўпраўленне».

Іван, па легендзе, займаўся тым, што збіраў фота вайсковай тэхнікі і іншых аб'ектаў і перадаваў іх загадкаваму «куратару». За ўвесь час такога супрацоўніцтва яму быццам бы заплацілі ўсяго 700 даляраў.

Таксама на відэа ён кажа, што яму «паступіла задача спаліць рэлейную шафу», а пасля «падарваць чыгуначныя шляхі». Праўда, незразумела, што з гэтага ён зрабіў, ад чаго адмовіўся, бо ў фільме гэта не тлумачыцца.

Пасля выбуху ў Мачулішчах загадкавы агент спецслужбаў сказаў «нікому не казаць, што ты звязаны з ГУР» і «спыніць кантакт». Але пасля быццам узнавіў яго.

За ім і двума ягонымі «супольнікамі» ўвесь час сачыў КДБ. Як КДБ на іх выйшаў, у фільме не тлумачыцца.

Барыс Пухальскі

Барыс Пухальскі. Фота: ягоная старонка УКантакце

Барысу Пухальскаму 48 гадоў. Родам ён з паўднёвага захаду Украіны, з горада Камянец-Падольскі, але даўно жыве ў Беларусі і мае беларускае грамадзянства. Працаваў на звычайных працах — слесарам, аўтамеханікам. Яны з Ліхалатам калегі па апошнім месцы працы.

Супраць яго некалі заводзілі справу па артыкуле «катаванні» (154 КК РБ), але віна даказаная не была і яму замест «крыміналкі» прысудзілі адміністрацыйны штраф.

Па легендзе КДБ, мужчына на прапанову Ліхалата пагадзіўся фатаграфаваць вайсковыя аб'екты ў Беларусі. Пасля яго папрасілі перавезці з месца на месца нейкія «пасылкі». А пасля — пусціць пад адхон цягнік з ваеннай тэхнікай Расіі.

Мужчыну быццам бы затрымалі «на месцы», у Талачынскім раёне, дзе ён заклаў выбухоўку. Дэманструюцца і кадры, дзе быццам бы ён ходзіць па чыгуначных шляхах. Праўда, на відэа ляжыць ён на яўна нейкай цвёрдай падлозе, а сам момант затрымання не паказаны зусім. Такім чынам, і тут несупадзенні.

У відэа дзяржТБ мужчына кажа, што ён на баку Украіны ў гэтай вайне, таму пагадзіўся на працу для Украіны. А таксама, што быў абсалютна пэўны, што ў гэты час па чыгунцы будзе ісці эшалон з ваеннай тэхнікай Расіі — менавіта так яго праінфармаваў «куратар».

Незразумела таксама, якімі «высокаэкспертнымі» навыкамі закладання выбухоўкі валодае Пухальскі — менавіта так яго прадстаўляюць спецслужбы Беларусі. Падчас следчага эксперыменту ён не надта ўмела накладае элементы муляжа выбухоўкі.

Іван Бародзіч

Іван Бародзіч. Крыніца: КДБ via БелТА

Івану Бародзічу 39 гадоў. Ён родам са Століна Брэсцкай вобласці, але апошнім часам жыў у Гродне.

Гэта адзіны з затрыманых, хто доўгі час служыў у беларускім войску, як мінімум да 2011 года. Пасля мужчына перайшоў у кампанію, якая вырабляе і прадае гігіенічныя вырабы, а пасля заняўся грузаперавозкамі. Мужчына мае дзве вышэйшыя адукацыі.

Мужчыну дзяржСМІ прадстаўляюць «высакакласным экспертам па выбуховай справе». Незразумела, дзе ён атрымаў такія навыкі, бо, паводле базы «Кіберпартызанаў», мужчына быў супрацоўнікам вайсковай часткі №16377 — зенітна-ракетнай брыгады супрацьпаветранай абароны.

Незразумела таксама, што менавіта ён зрабіў. Яго вінавацяць у тым, што ён выслаў Ліхалату нейкія чатыры фотаздымкі. «Нейкая вайсковая тэхніка, прычэпы», — кажа Бародзіч. «Ён мне сказаў, што некалі працаваў на ўкраінскія спецслужбы», — на гэтай фразе яго абрываюць.

Яму нібыта таксама прапанавалі быць кіроўцам для Ліхалата і Пухальскага, але ён гэтага, імаверна, не зрабіў, бо чэкісты не паказваюць кадраў іхняй супольнай паездкі.

Што яшчэ не так з апошнімі двума выпадкамі?

Сцвярджаць напэўна, не ведаючы дэталяў справы, што ўсе выпадкі абвінавачання ў «агентурнай дзейнасці» на карысць Украіны былі цалкам зрэжысіраваныя беларускім КДБ, немагчыма. Але паказаныя ў фільме дэталі выклікаюць пытанні.

Напрыклад, Вабішчэвіч быццам бы ў выніку мусіў падарваць чыгунку, па якой перамяшчаецца расійская вайсковая тэхніка. Але, як заўважыў «Белпол», Вабішчэвіч, калі меркаваць з відэа КДБ, абсалютна не валодае навыкамі ўстаноўкі выбухоўкі, а на «справу» ідзе п'яны. Не інфармуюць яго пра тое, як гэта рабіць, і «куратары СБУ».

Аніякіх вайсковых грузаў у той момант па чыгунцы не ішло, таму спецслужбам Украіны не было сэнсу арганізоўваць дыверсію ў гэты час. У выпадку атакі на самалёт у Мачулішчах бачная логіка — гэта важны для расійскага войска апарат, які каштуе вельмі дорага. Але навошта СБУ падстаўляцца ўпустую?

Акрамя таго, ніхто з беларусаў фактычна не меў спецыяльнай падрыхтоўкі і не валодаў навыкамі нават базавай канспірацыі — з фільмаў вынікае, што гэтыя суперагенты нават не выдалялі гісторыі ў месенджарах.

Выходзіць, украінскія спецслужбы мала таго што вербавалі абы-каго, ды яшчэ выдавалі гэтым людзям выбухоўку ды зброю? Між тым даставіць зброю ў Беларусь складана і зліваць яе вось так было б неразумна.

Адметна і тое, што ў выпадку Пухальскага і Ліхалата «куратар СБУ» спачатку даручыў купіць рацыі і нават выдзеліў на гэта грошы. Але зрабіць яны гэтага не здолелі, таму «куратар» сказаў, што можна «працаваць далей і без рацыяў». Вельмі дзіўныя паводзіны для падрыхтоўкі сур'ёзнай аперацыі.

Вабішчэвіч, Пухальскі і Ліхалат. Здымак з фільма дзяржаўных медыя

Усе гэтыя людзі затрыманыя цягам апошніх трох тыдняў, а КДБ паспеў зрабіць патрэбныя высновы. Гэта дзіўна для такіх выпадкаў — нават для абвінавачвання палітычнага аналітыка Паротнікава ім спатрэбілася паўгода.

Пры гэтым пра маштабныя вышукова-аператыўныя мерапрыемствы інфармацыі ў публічную прастору не выходзіла. Да прыкладу, пасля атакі ў Мачулішчах былі апытаныя сотні людзей, якія хаця б павярхоўна ведалі фігурантаў справы, а сярод затрыманых аказаліся нават тыя, хто дапамагаў усляпую — да прыкладу, людзі, якія шукалі Швяцу кватэру.

З усяго сказанага вышэй напрошваецца выснова пра тое, што магла мець месца правакацыя КДБ. Спецслужба мэтанакіравана выходзіць на людзей украінскага паходжання або з сімпатыямі да Украіны. Робіцца гэта ў месенджарах і сацсетках. Спецслужбісты прапануюць ім «нескладаную» працу па фатаграфаванні аб'ектаў: чалавек або бачыць аб'яву ў інтэрнэце пра лёгкі заробак, або нехта звяртаецца да яго непасрэдна як «супрацоўнік украінскіх спецслужбаў». Дзве апошнія справы былі арганізаваныя па гэтай схеме.

Пасля гэтага чалавека просяць нешта сфатаграфаваць і адшукаць сабе «памочнікаў», а пасля перайсці да «рызыкоўных дзеянняў» (і тут незразумела да канца, да якіх менавіта). Ад пачатку за ўсімі фігурантамі пастаянна сочыць КДБ.

У выніку чэкісты атрымліваюць «раскрытыя справы», пры гэтым нічым не рызыкуюць. У адрозненне ад выпадку Мачулішчаў ды атакі на базу АМАПа ў 2020-м.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары26

  • Varta
    23.09.2023
    Если КГБ снимает фильм о предотвращенном "терракте", и при этом серьезного ущерба или пострадавших от "терракта" нет - значит, он и есть организатор "терракта". Смешно видеть рассказы о схронах оружия, которое никогда не выстрелило благодаря усилиям сельчан из КГБ. Спецслужбы Израиля и США обзавидовались уже эффективности работы лукашенковского гэбья.
  • Anatol Starkou
    23.09.2023
    Але я пачаў супрацоўнічаць з КГБ не адразу, а ужо на прыканцы Савецкага Саюза, добрую справу зрабіў і нават атрымаў невялікую ўзнагароду. Я не сарамлюся гэтага, а наадварот, гэтая праца дапамагла мне зьехаць у ЗША і працаваць далей. Канешна, я не палкоўнік, нават не супрацоўнік, а калісьці быў дапаможнікам. Вось такія справы, БЧБ чытачы
  • Anatol Starkou
    23.09.2023
    Дурное каментаваць не хачу.
    Гэта ж за ТРЫЦЦАЦЬ ПЯЦЬ ГАДОЎ з пачатку так званага адраджэння нацыі ніводнаму бчб не прыйшла ў галаву думка: 
    супакойцеся, бчб, хопіць шукаць між сабой між беларусамі кадэбістаў. 

    Шукайце на здроў'е. Гэтым разам за мяжой.

Уладзімір Караткевіч. Як яму ўдалося застацца несавецкім і не скурвіцца? Ён дорага заплаціў12

Уладзімір Караткевіч. Як яму ўдалося застацца несавецкім і не скурвіцца? Ён дорага заплаціў

Усе навіны →
Усе навіны

«Расія лжэ наконт эканамічнага росту. Санкцыі працуюць, іх трэба ўзмацніць» — міністры фінансаў ЕС19

Галоўная зорка зборнай Украіны пераходзіць у іспанскі топ-клуб

Шэф-кухар. Што вядома пра расіяніна, арыштаванага ў Францыі за падрыхтоўку чагосьці жахлівага падчас Алімпіяды4

Расійскія актывісты паскардзіліся патрыярху Кірылу на Веніяміна — ён не моліцца за перамогу6

Галоўнакамандуючы УСУ расказаў пра перавагу Расіі ў тэхніцы і акрэсліў, што рабіць украінцам3

Лукашэнка папрасіў не называць яго гаспадзінам16

Галоўнакамандучы УСУ: Ва Украіны ёсць план вяртання Крыма, і гэта рэалістычна4

Сур'ёзна? Алімпійцы будуць плаваць у Сене? Насамрэч, афігенны праект адраджэння ракі8

Панядзелак стаў самым гарачым днём у гісторыі назіранняў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Уладзімір Караткевіч. Як яму ўдалося застацца несавецкім і не скурвіцца? Ён дорага заплаціў12

Уладзімір Караткевіч. Як яму ўдалося застацца несавецкім і не скурвіцца? Ён дорага заплаціў

Галоўнае
Усе навіны →