Грамадства22

Павел Данейка разгорнута адказаў літоўскаму выданню LRT

Беларускі даследчы цэнтр Beroc на сваёй старонцы ў фэйсбуку заявіў, што ў матэрыяле на сайце грамадскага літоўскага тэлерадыё з крытыкай беларускага бізнэсоўца і дзеяча грамадзянскай супольнасці Паўла Данейкі тэндэнцыйна пададзеныя факты, а некаторыя зусім не адпавядаюць рэчаіснасці. Для доказу была выкладзена поўная рускамоўная версія інтэрвʼю. Прыводзім асноўнае.

Павел Данейка Павел Данейко Pavel Daneyko
Павел Данейка. Фота: сацыяльныя сеткі бізнэсоўца

14 верасня аддзел расследаванняў літоўскага LRT апублікаваў матэрыял, прысвечаны беларускаму бізнэсоўцу і дзеячу грамадзянскай супольнасці Паўлу Данейку. Журналісты звяртаюць увагу на тое, што ў хуткім часе пад дахам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта мае адкрыцца факультэт бізнэсу і эканомікі на базе даследчага цэнтра Beroc, дырэктарам у якім Данейка.

На стварэнне гэтай структуры плануецца выдаткаваць 1 мільён еўра фінансавання ад ЕС. Аднак, заяўляюць журналісты, Данейка не толькі неаднаразова негатыўна выказваўся ў бок Літвы, але і падтрымліваў рэжым Лукашэнкі.

Да 2020 года ён уваходзіў у кансультатыўную групу пры Радзе бяспекі Лукашэнкі, а таксама займаў пасаду сябра рады дырэктараў Белгазпрамбанка і рэалізоўваў праекты з найбуйнейшымі банкамі, што кантралююцца расійскім рэжымам. 

Аўтары расследавання прыгадваюць словы Данейкі, якія ён сказаў у лістападзе 2019 года на круглым стале з удзелам дыпламатычнага корпуса, афіцыйных прадстаўнікоў улады Беларусі і шырокага кола кіраўнікоў міжнародных праектаў.

Тады Данейка сказаў, што Літва праваліла рэформы, а кіруюць там правыя нацыяналісты, якія хочуць падняць сабе рэйтынгі. На думку Данейкі, нармальныя адносіны паміж Беларуссю і ЕС не развіваюцца, бо Літва ўсё блакуе.

Таксама Данейка сказаў, што назву Літве падаравала Кацярына II, а Вільню — Сталін. Журналісты LRT сцвярджаюць, што Данейка не раз аналагічна выказваўся як у грамадскім асяроддзі, так і ў прыватных размовах, чаму яны маюць доказы. Журналісты папрасілі Данейку прывесці доказы яго слоў аб тым, што Літва знаходзіцца ў змове з Пуціным з мэтай знішчэння Беларусі.

Адміністрацыйны дырэктар Beroc у адказ кажа, што аб гэтым ён сказаў у 2019 годзе падчас нефармальнай размовы з літоўскімі калегамі, калі ішло абмеркаванне шляху Беларусі да супрацоўніцтва з ЕС у праграме «Усходняе партнёрства» і перашкод на ім.

«Гэта была вельмі вострая і шчырая дыскусія закрытага характару, фрагмент якой запісаў журналіст. Нашы адносіны з літоўскімі калегамі дапускалі і дапускаюць гранічную шчырасць», — адзначыў Данейка і папрасіў прабачэння перад усімі, каго закранулі яго словы.

Пры гэтым Данейка сцвярджае, што не крытыкаваў Літву ці літоўцаў: «Гэтае выказванне мела месца ў кантэксце крытыкі пазіцыі шэрагу літоўскіх палітыкаў адносна таго, як і ў якой паслядоўнасці лепш вырашаць актуальныя пытанні для абедзвюх краін». 

Ён падкрэслівае, што ніколі не выказваўся аб змове Літвы з Пуціным:

«Вашую здагадку аб змове Літвы з Пуціным я разглядаю як творчую маніпуляцыю з вашага боку і пакідаю яе вам. Ні пра што падобнае ні тады, ні цяпер з майго боку ў дачыненні да Літвы як краіны і як дзяржавы гаворкі ісці не магло і не можа».

Чаму Данейка вырашыў асесці ў Літве

Адказваючы на пытанне: «Паколькі Ваша пазіцыя ў адносінах да Літвы не змянілася (грамадзяне Літвы, якія нам сведчылі, кажуць, што Вы не саромеецеся крытыкаваць Літву на сваіх працоўных сустрэчах), растлумачце, калі ласка, чаму Вы вырашылі асесці ў Літве і падаць заяву на атрыманне дазволу на жыхарства ў краіне, да якой Вы ставіцеся з пагардай і чарніце сваімі выказваннямі?», — бізнэсовец заўважыў, што няма і не можа быць ніякіх фактаў яго быццам бы дрэннага стаўлення да Літвы, і прапанаваў:

«Калі нейкія грамадзяне Літвы вам яшчэ пра нешта сведчылі ў адносінах да мяне, давайце назавем іх імёны і прывядзем дакладныя сведчанні і факты. Я ж настойваю, што гэта беспадстаўныя здагадкі і інсінуацыі».

Далей выканаўчы дырэктар Beroc расказаў пра рэлакацыю арганізацыі ў 2021 годзе ва Украіну, а пасля пачатку вайны — у Літву.

«Літва дала нам магчымасць пачаць усё з нуля, за што мы ёй вельмі ўдзячныя. Таму асноўныя характарыстыкі майго стаўлення да Літвы — гэта павага і падзяка. І ў гэтым мая пазіцыя да Літвы ніколі не мянялася», — сцвярджае Данейка і зноў паўтарае, што

«рабіць заявы аб тым, што я з пагардаю стаўлюся да Літвы і ачарняю яе сваімі выказваннямі на аснове фрагмента адной цытаты — гэта ваша свядомая маніпуляцыя. Мне шкада, што нехта ці нешта прымушае вас да такіх дзеянняў».

Чаму Данейка ў анкеце Дэпартамента міграцыі ў пытаннях аб сувязях з беларускімі стратэгічнымі абʼектамі не пазначыў, што ў свой час зʼяўляўся членам рады дырэктараў Белгазпрамбанку

Адказваючы на гэта пытанне, бізнэсовец здзівіўся таму, што журналісты ведаюць змест асабістых анкет Дэпартамента міграцыі Літвы, і смела публічна аб гэтым заяўляюць.

«Цікава, як гэта суадносіцца з заканадаўствам Еўрасаюза аб абароне персанальных даных (GDPR)?» —

задае рытарычнае пытанне Данейка і адзначае, што ён не бачыць падстаў прылічаць Белгазпрамбанк да стратэгічных абʼектаў. А факт таго, што ён быў незалежным дырэктарам у радзе дырэктараў, «шырока вядомы і з лёгкасцю правяраецца ў адкрытых крыніцах». Трэцяй прычынай, чаму ён гэтага не зрабіў, было тое, што такая дзейнасць не была яго пастаяннай занятасцю.

Далей Данейка даў падрабязныя тлумачэнні адносна сваёй працы ў Белгазпрамбанку.

Бізнэсовец сцвярджае, што адным з ключавых фактараў яго згоды на выкананне функцый незалежнага дырэктара стала асоба старшыні праўлення Белгазпрамбанка Віктара Бабарыкі. Пасля яго арышту галоўнай матывацыяй застацца ў складзе рады дырэктараў для Данейкі стала

«дапамога ў захаванні банкам яго падмурка (каманды, карпаратыўных практык), закладзенага Віктарам Бабарыкам, а таксама недапушчэнне злоўжыванняў з боку рэпрэсіўных органаў рэжыму для прыкрыцця палітычнага пераследу Віктара Бабарыкі».

Бізнэсовец сцвярджае, што апошні раз браў удзел у пасяджэнні рады дырэктараў у пачатку 2021 года. У ліпені таго ж года ён вымушаны быў эміграваць. А ягоныя паўнамоцтвы як члена рады дырэктараў скончыліся 28 лютага 2022 года.

Бізнэсовец не адказаў на пытанне аб заробку ад банку за працу ў радзе дырэктараў. Ён расказаў, што незалежныя дырэктары не атрымліваюць штомесячны заробак. Яны могуць атрымаць штогадовае грашовае ўзнагароджанне. У 2021 годзе такіх выплат не было, бо банк меў вялікія страты.

Чаму не сышоў з Белгазпрамбанка, калі пачалася вайна ва Украіне?

На гэта пытанне Данейка адказаў так: «Я «сышоў», а дакладней, вымушаны быў пакінуць Беларусь у ліпені 2021 года. З гэтага моманту дэ-факта я ніякай працы ў банку ўжо не вёў і не мог весці. 25 лютага 2022 года я пачаў рэлакацыю з Кіева на аўтамабілі. Калі праз шмат дзён мы нарэшце прыбылі ў Варшаву, тэрмін дзеяння кантракту скончыўся ўжо і дэ-юрэ».

Пра сувязі з «Альфа-банкам»

Данейка распавёў, што ў яго не было ніякіх спецыфічных адносін з «Альфа-банкам». Некаторыя супрацоўнікі гэтага банка, як і мноства іншых банкаў і нефінансавых кампаній, вучыліся ў Бізнэс-школе ІПМ. «Пасля яе закрыцця пад ціскам рэжыму ў ліпені 2021 года ніякіх адносін з гэтым банкам у нас не засталося зусім», — адзначае бізнэсовец.

Сувязі з Радай бяспекі Беларусі

Журналісты папрасілі Данейку пракаментаваць інфармацыю аб тым, што ён у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце хваліўся сваімі сувязямі ў Радзе бяспекі Беларусі.

Бізнэсовец патлумачыў, што ў рамках праекту BELROC «Кастрычніцкі эканамічны форум» адбываўся дыялог прадстаўнікоў бізнэсу, замежных інвестараў і прадстаўнікоў дзяржаўных органаў.

«У тым ліку гэта быў і дыялог з чыноўнікамі ўрада і эканамічных ведамстваў, якія маглі ўваходзіць у групу па эканамічнай бяспецы Рады бяспекі».

Пасля жніўня 2020 года, па словах бізнэсоўца, «кантакты дэградавалі і цалкам перарваліся, у гэты час яны немагчымыя».

Ці застаўся бізнэс у Беларусі

Данейка патлумачыў, што быў сузаснавальнікам Бізнэс-школы ІПМ, якую ўлады Беларусі закрылі ў ліпені 2021 года. Ён выйшаў са складу сузаснавальнікаў 17 чэрвеня таго ж года. Па словах бізнэсоўца, гэта быў ягоны адзіны бізнэс-праект. Цяпер ён такіх не мае і ніякімі ўстановамі ў Беларусі не кіруе.

Пра бакалаўрскую праграму «Бізнэс-эканоміка» ЕГУ і 1 мільён еўра фінансавання

Па словах Данейкі, у праграме ў якасці выкладчыкаў па профільных дысцыплінах заяўлена 35 чалавек. З іх 31 маюць доктарскія ступені ў эканоміцы і/ці бізнэсе. Супрацоўнікаў Beroc сярод выкладчыкаў 16 чалавек (13 з навуковай ступенню). Менавіта на іх ляжа асноўная нагрузка. Астатнія — гасцявыя выкладчыкі, сярод якіх «ёсць акадэмічныя «зоркі» першай велічыні, якія працуюць ва ўніверсітэтах ЗША, Швецыі, Вялікабрытаніі».

Данейка звяртае ўвагу, што фінансаванне складае не 1 мільён, а 900 тысяч еўра і разлічана на тры гады. «Тыя, хто разбіраецца ў сферы адукацыі, зразумеюць, што ў маштабе любога адукацыйнага праекту гэта дастаткова сціплая сума», — заўважае бізнэсовец.

На бакалаўрскую праграму плануюць штогод набіраць 60 студэнтаў. Але большая частка фінансавання пойдзе на фарміраванне матэрыяльнай базы і фінансаванне часткі аперацыйных выдаткаў. Бізнэсовец плануе, што на чацвёрты год праграма выйдзе на планаваную колькасць студэнтаў і стане самаакупнай.

Бізнэсмен паабяцаў, што пасля таго, як праграма пройдзе акрэдытацыю, будзе зроблена яе публічная прэзентацыя.

Павел Данейка ў 1996 годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета XIII склікання ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі і ўваходзіў у групу тых парламентарыяў, якія паставілі подпісы пад патрабаваннем імпічменту Аляксандра Лукашэнкі. Пазней ён заставаўся актыўным у грамадзянскай супольнасці Беларусі і паралельна займаўся бізнэсам.

Чытайце яшчэ:

Аддзел расследаванняў літоўскага LRT апублікаваў артыкул з крытыкай Паўла Данейкі

Паўла Данейку выключылі з рады дырэктараў Белгазпрамбанка

Каментары2

  • ЯЕГУ
    14.09.2023
    Дык ён гранта-бізнэсмэн, атрымоўваецца? Відаць, камусьці гэты грант лімонны таксама на вока ўпаў, калі пачалася такая заваруха з медыя-артылерыяй.
  • бабруйчанін
    14.09.2023
    Асабістыя банкавык дадзеныя беларусау Летува яшче у 10 годзе па запыту рБ здавала
    Пасля ліцымерна пад ціскам " памылкі" пацвердзіла
    Толькі у пачатку 2023 мус Летува прыпыніл супроцоуніцтва з каллегамі з мус рБ.
    ?? Аб скасаванні стасункау паміж сбЛетува з коллегамі з кдбе рБ ні паведамлялі..
    Наконт " разследацелей" ...Нешта усе гєтыя " разследавання" нагадваюць замоулення ..
    Як " разлесадаванне" в утульнам прыемнам Лондане разследавацеля з Украіна і " гонкі" за фрідманам..Мяркую разследаванне у Кіеве дзе яно акрамя хайпа прынесла б карысць дзля Украіна і больш карысна эфектыуна ...ні так утульна прыемна і безпечна

Сілавікі ўзяліся за карыстальнікаў твітара — дзясяткі акаўнтаў звычайных беларусаў сталі «экстрэмісцкімі»9

Сілавікі ўзяліся за карыстальнікаў твітара — дзясяткі акаўнтаў звычайных беларусаў сталі «экстрэмісцкімі»

Усе навіны →
Усе навіны

Эмінем стане дзедам

Былы нямецкі міністр схуднеў на 30 кілаграмаў і адправіў вопратку ва Украіну

Што з выездам з Беларусі па стане на раніцу суботы?

Як хутка засаліць грыбы (каб узімку яны былі як свежыя)2

У Беларусі новае экстрэмісцкае фармаванне — «Школа лідарства для жанчын»2

Серыяльныя забойцы: справу братоў Менэндэс 35-гадовай даўніны разгледзяць зноў з-за серыяла Netflix4

«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў аб працы на хіміі па 18 гадзін на дзень4

Памочнікі Палесціны сталі фаварытамі Нобелеўскай прэміі міру. Як так атрымалася?6

Помнік Францыску Скарыну ў Калінінградзе перанеслі на іншае месца4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі ўзяліся за карыстальнікаў твітара — дзясяткі акаўнтаў звычайных беларусаў сталі «экстрэмісцкімі»9

Сілавікі ўзяліся за карыстальнікаў твітара — дзясяткі акаўнтаў звычайных беларусаў сталі «экстрэмісцкімі»

Галоўнае
Усе навіны →