Вытворца мабільнай праграмы для вывучэння моў Duolingo афіцыйна пацвердзіў хуткі запуск Duolingo Music. Зараз у адной праграме можна будзе вывучаць мовы, матэматыку і музыку.
Вытворца адукацыйных праграм анансаваў з'яўленне ў сваім прадукце новых мультымедыйных функцый, якія будуць уключаць Duolingo Math і Duolingo Music — і ўсё ўнутры адной мабільнай праграмы разам з вывучэннем моў, якое было асноўнай функцыяй Duolingo.
У рэкламным відэа Duolingo дэманструе першыя афіцыйныя выявы прадукту, якія паказваюць, што абноўленая праграма будзе прапаноўваць невялікія ўрокі, інтэрактыўныя практыкаванні і дазволіць карыстальнікам павышаць свае навыкі.
Duolingo не распавёў пакуль усе падрабязнасці пра новы музычны прадукт, але ў кампаніі адзначылі, што новая праграма будзе ўтрымліваць «сотні» ўрокаў і больш за 200 «вясёлых і знаёмых мелодый». Праграма таксама будзе выкарыстоўваць фірмовы гейміфікаваны інтэрфейс і інтэрактыўныя практыкаванні, дзе карыстальнікі змогуць вучыцца на практыцы.
Duolingo паведаміў, што на рашэнне пайсці ў музыку паўплывала патрэба ў музычнай адукацыі ў ЗША, дзе, паводле слоў прадстаўнікоў кампаніі, больш за 3,6 мільёна студэнтаў не маюць доступу да яе, а прыватныя ўрокі могуць каштаваць да 400 даляраў за ўрок. Акрамя таго, даследаванні паказалі, што вывучэнне музыкі дапамагае развіваць такія навыкі, як чытанне, вуснае маўленне, аўдзіраванне і матэматычныя здольнасці, адзначылі ў кампаніі.
Кампанія ўжо некаторы час працуе над тым, каб выкарыстоўваць сваю мадэль навучання для іншых прадметных абласцей. Напрыклад, падчас пандэміі COVID-19 Duolingo запусціў бясплатную праграму навучання англійскай мове для дзяцей пад назвай Duolingo ABC, распавядае TechCrunch. У кастрычніку мінулага года дэбютавала праграма Duolingo Math, якая стала першым больш шырокім прадметным пашырэннем у праграмы па-за межамі вывучэння моў.
Duolingo Music і шматпрадметны функцыянал новай праграмы будуць прэзентаваныя на канферэнцыі Duocon 11 кастрычніка 2023 года.
Каментары