Грамадства3434

Шматдзетная маці просіць Лукашэнку вярнуць ёй дочак

У Зінаіды Кальцовай са Слуцка дзяржава забрала дзяцей. Няпростая гісторыя.

У канцы сакавіка ў міліцыю Слуцка паступіў званок: маленькая дзяўчынка стаіць на аконным карнізе дзявятага паверха і можа ў любы момант сарвацца ўніз. Нарад, які прыбыў на месца, вызначыў нумар кватэры і, падняўшыся, знайшоў чацвярых малалетніх дзяцей, пакінутых без нагляду. Іх маці на момант здарэння была на працы, а роля «старэйшай» была адведзена 12-гадовай дзяўчынцы.

Сям'і надалі статус сацыяльна-небяспечнай, дзяцей забралі, а маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Але жанчына не згодная з рашэннем выканкама. Зінаіда Кальцова адразу пачала барацьбу за дочак. Яна завяла тыкток-канал, у якім расказвае пра складаны шлях па вяртанні дзяцей і прычынах, якія прывялі да гэтай сітуацыі.

Акрамя гэтага жанчына запісвае пранізлівыя ролікі, у якіх просіць Аляксандра Лукашэнку звярнуць увагу на яе праблему. Мяркуючы па ўсім, пакуль безвынікова.

@user965182232401

♬ оригинальный звук - zmisha

«Муж плаціць 400 рублёў аліментаў. Я не магу не працаваць»

Зінаіда маці-адзіночка і самастойна выхоўвае пяцярых дзяцей: 17-гадовага сына ад першага шлюбу і чацвярых дзяўчатак ва ўзросце ад 3-х да 12-і гадоў — ад другога. Апошні шлюб распаўся банальна: муж пайшоў да маладзейшай жанчыны, пакінуўшы дзяцей на былую жонку.

Па словах гераіні, мужчына матэрыяльна дапамагае дзецям — штомесяц выплачвае каля 400 рублёў аліментаў, але што гэта за грошы. Таму яна вымушана хапацца за любыя магчымасці зарабіць: бярэ замовы як швачка і працуе кантралёркай у мясцовым кінатэатры.

дзеці Зінаіды Кальцовай
Фота: цікток акаўнт Зінаіды

Нягледзячы на складанасці, Кальцова з дзецьмі пражывае ў светлай двухпакаёвай кватэры. У дзяўчатак свой пакой з новымі двух'яруснымі ложкамі, пісьмовым сталом і месцам для цацак.

На відэа, выкладзеным у тыкток, бачны свежы рамонт, а сама кватэра не падобная да звыклых кватэр з тэлесюжэтаў пра няшчасныя сем'і. У шафе вісіць моднае адзенне, пашытае рукамі маці, на паліцах хапае навучальных гульняў і кніжак. Дзеці забяспечаныя гаджэтамі: у сына 13-ы айфон, у дзяўчатак ёсць планшэт. Аднак у сям'і існуюць свае цяжкасці.

«У мяне цяжкі характар»

Як прызнаецца жанчына, у яе пераменлівы нораў: «Магу быць мілай і добрай, але слова ўпоперак — і я гарачуся». Мусіць, менавіта гэтыя нюансы сталі прычынай разладу са старэйшым сынам — ужо некалькі месяцаў хлопец жыве ў цёткі.

Па словах жанчыны, пасля сыходу бацькі ён звязаўся з кепскай кампаніяй і пачаў выпіваць, мог не з'яўляцца дома, адмаўляўся прымаць лекі.

Зінаіда спрабавала ўразуміць падлетка: забараняла яму кантактаваць з сябрамі, лаяла за алкаголь і цыгарэты. Хлопчык не вытрымаў прэсінгу і пайшоў з дому. Маці спрабавала вярнуць сына, але наладзіць зносіны ўдалося незадоўга да гісторыі з акном.

Цяпер, калі вырашаецца права апекі над сёстрамі, хлопец зноў стаў аддаляцца: «Цяпер сыну ад мяне патрэбны толькі грошы. Ён вучыцца ў каледжы ў Капылі. Спадзяюся, ён яго скончыць і не ўцячэ, як толькі яму споўніцца 18».

 Зінаіда Кальцова
Фота: тыкток-акаўнт Зінаіды

Адносіны са старэйшай дачкой таксама нельга назваць бясхмарнымі: «На ёй скура гарыць, яе трэба трымаць у строгасці,» — апісвае дзяўчынку Зінаіда.

Дванаццацігадовая Аліса і сапраўды няпростае дзіця: яна можа вылаяцца матам і, знаходзячыся ў сацыяльным цэнтры, дае дыхту персаналу там. Пры гэтым дзяўчынка грае на фартэпіяна, наведвае гурткі і актыўна вядзе свой уласны тыкток.

У сваіх відэа Зінаіда не раз адзначае, што выхоўвае дзяцей у строгасці: «Я зараз у ролі і мамы, і таты, і мне трэба трымаць пугу і пернік у адной руцэ». Яна абмяжоўвае карыстанне планшэтам малодшымі дзецьмі і сочыць, каб урокі былі зробленыя старанна і ў тэрмін. Жанчына шмат часу ўдзяляе развіццю дзяцей. Усе малыя займаліся ў мясцовым ДК, выступалі на канцэртах, рана пачалі чытаць.

Дык за што забралі дзяцей?

Каля 20:00 28 сакавіка васьмігадовая дачка Зінаіды выйшла на падваконне з боку вуліцы. Дзяўчынка хацела парадаваць маму і сцерці бруд, які прыліп да шыбы з боку вуліцы. Зінаіды ў гэты момант дома не было. 

Жанчына так тлумачыць здарэнне: «Я працавала, былі канікулы — куды мне было дзець дзяцей?» і ў наступным відэа дадае: «Такая сітуацыя магла адбыцца з кім хочаце. Так, я была на працы. А калі б я ў прыбіральню выйшла? Дзіцяці не раз казалі не падыходзіць да акна — не паслухалася. І такое бывае».

З запісу, які Зінаіда схавана вяла на паседжанні камісіі, якая вырашала долю яе дочак, можна чуваць меркаванне іншага боку. На ім работнікі выканкама зачыталі сваё заключэнне: «Жыллёвыя ўмовы здавальняючыя, ёсць спальныя месцы, пасцель. Аднак падчас наведвання [кватэры камісіяй] Зінаіда паводзіла сябе агрэсіўна і выяўляла плаксівасць». На пытанне жанчыны, а «як яна павінна сябе паводзіць, калі ў яе забіраюць дзяцей?», члены камісіі не адказалі.

Наступнае паседжанне, на якім маці спрабавала адстойваць свой пункт гледжання і таксама намагалася весці запіс, скончылася вердыктам: «Вы агрэсіўна сябе паводзіце і настройваеце сябе супраць усіх астатніх».

 Зінаіда Кальцова, дзеці
Фота: тыкток-акаўнт Зінаіды

Па словах маці, іншым чыннікам забрання бацькоўскіх правоў магло паслужыць невыкананне аднаго з патрабаванняў нагляднай камісіі, якія былі ўручаныя ёй пасля здарэння: жанчына не наведвала псіхіятра-нарколага.

Адзначым, што Зінаіда не мае праблем з наркотыкамі, алкаголем ці курэннем і не стаіць на медычным уліку з-за псіхічных захворванняў.

Але наведваць спецыяліста ёй усё роўна даводзіцца — на фоне стрэсу жанчыне дыягнаставалі дэпрэсію і неўроз. На адным з такіх прыёмаў яна зрабіла відэазапіс размовы з доктарам:

— Скажыце як доктар, ці ёсць падставы не вяртаць мне дзяцей? — пытаецца Зінаіда.

— Тое, што вы адмовіліся ад лячэння — не нагода не вяртаць дзяцей. У вас не было вострых станаў, — адказвае доктар.

— Ці варта мне іх вярнуць?

— Я думаю, так.

На гэты момант маці мае даведкі, якія пацвярджаюць яе стабільны стан. У тым ліку даведку ад псіхолага, у якой гаворыцца аб адсутнасці неабходнасці лячэння.

Што пра гісторыю думаюць самі дзеці

Аліса, старэйшая дачка Зінаіды, выкладвае відэа ў тыкток, дзе кажа, што хоча вярнуцца дадому. Дзяўчынка дзеліцца: «Мама можа часам прыкрыкнуць, але для нас яна робіць усё» і дадае: «Тата пайшоў з сям'і, і ўсё пайшло наўскось».

На зварот самой жанчыны да дзяцей «чаго вы хочаце больш за ўсё?» малодшыя дзяўчаткі дружна адказваюць: «Хочам вярнуцца дадому».

Зінаіда спадзяецца, што, пакуль яна змагаецца за права быць маці, апеку аддадуць яе бацькам, дзеду і бабе дзяцей, і дзяўчат не адправяць у інтэрнат. 

Каментары34

  • цыганка
    15.09.2023
    муж пайшоў да маладзейшай жанчыны,

    дайця пагадаю...
    кляпаць яшчэ дзяцей?
  • ром
    15.09.2023
    Вот так))) а вы не цэнитя вашага роднага батьку)) яки не хоча сходить!!🤣 нерадивыя дзетя)))
  • дочка Максима Дизайнера
    15.09.2023
    пабольшэ унучак ёй

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»30

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскія МіГ-31К ужо не ў Беларусі?1

Партугалія пачне выдаваць гуманітарныя візы. Іх змогуць атрымаць і беларусы

Паўночнакарэйскія войскі ўжо на тэрыторыі Украіны — The Washington Post

«Квадроберства ў Беларусі існуе даўно». Найлепшыя твіты тыдня8

Беларусы адпачылі ў Еўропе, патраціўшы па 200 еўра на чалавека за 12 дзён1

Туск хоча пастрожыць міграцыйную палітыку ў Польшчы, але актыўна прыцягваць працоўныя рэсурсы5

Тры маляўнічыя прысядзібныя паркі, якія варта наведаць увосень2

За апошнія два дні на беларускіх метэастанцыях зафіксавана 11 рэкордаў цяпла

Лукашэнка спадзяецца, што расіяне знойдуць яму нафту на Гомельшчыне8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»30

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»

Галоўнае
Усе навіны →