Культура88

«Пакінуць пасля сябе не толькі горку смецця і вуглякіслага газу». Актрыса Крысціна Дробыш расказала пра вярбоўку ў эскорт Лукашэнкі і мізэрныя заробкі ў Купалаўскім

У новым выпуску шоу «Жыццё-маліна» Мікіта Мелказёраў сустрэўся з Крысцінай Дробыш, былой актрысай Купалаўскага тэатра і кіраўніцай праекта агучвання кніг «Кніжны воз». Размова ішла пра мізэрныя заробкі ў Купалаўскім, вярбоўку ў эскорт Лукашэнкі і працу па агучванні дзіцячых кніг.

Скрын з ютуб-канала «Жыццё-маліна»

Пра вярбоўку ў эскорт да Лукашэнкі

Крысціна расказвае, што ў беларускім акцёрскім асяроддзі хапае харасменту. Але ў пачатку кар’еры з ёй здарылася гісторыя, якая і на гэтым фоне выглядае ўнікальнай.

Дробыш заўсёды марыла працаваць толькі ў Купалаўскім. Трапіла туды і атрымала добрую ролю ў вялікім спектаклі. За тыдзень да прэм’еры ёй прызначылі незвычайную сустрэчу і папрасілі прыгожа апрануцца, надзець абутак з абцасамі.

«Я абсалютна наіўна апранаю сукенку і нейкія абцасы, прыходжу а дзявятай ранку ў прыёмную дырэктара, мне прапаноўваюць каву. Было прадчуванне, што штосьці адбываецца: помню, што мне далі маленечкі кубачак кавы і талерачку, і ён проста звінеў, бо трэсліся рукі. Мяне запрашаюць у кабінет, [туды] заходзіць жанчына ў шыкоўным футры з пахам парфумы, ад якой можа пачацца мігрэнь», — успамінае актрыса.

Незнаёмка ведала, як завуць Крысціну, але свайго імя не назвала. Яна падрабязна распытала актрысу, як ёй праца ў тэатры, і пацікавілася, ці можна адмяніць рэпетыцыю спектакля ў нядзелю. Крысціна адмовілася: маўляў, тыдзень да прэм’еры, гэта немагчыма.

Пасля развітання з незнаёмкай сакратарка распавяла дзяўчыне, што з ёй размаўляла Наталля Пяткевіч, на той час адна з набліжаных да Лукашэнкі асоб. Дробыш зразумела, што яе спрабавалі завербаваць у эскорт да Лукашэнкі.

«Пачынаю гугліць і разумею, што мне зусім не падалося, гэта была Пяткевіч, на той момант — правая рука Лукашэнкі. У мяне пачынаецца лютая істэрыка. Я прыляцела да чалавека, які мне сказаў прыйсці ў кабінет, раўла, крычала, што не буду гэтага рабіць», — распавяла актрыса.

Як Дробыш гэта тлумачыць, ад удзелу ў эскорце яе «выратавалі»: расказалі «боку, які запрашаў», што дзяўчына можа не даць рады ў такой функцыі.

Пра Латушку ў 2020-м і пробы ў царкве

Крысціна падзялілася ўспамінамі аб працы з Паўлам Латушкам у Купалаўскім — з 2019-га па лета 2020-га палітык быў дырэктарам тэатра. Паводле актрысы, Латушка тады і цяпер — два розныя чалавекі. Яна расказала, што ў тэатры не ўсе разумелі новаўвядзенні, якія ён прынёс, але пад кіраўніцтвам Латушкі Купалаўскі пачынаў рабіцца больш сучасным, бо ён арганізоўваў арыгінальныя мерапрыемствы.

Скрын з ютуб-канала «Жыццё-маліна»

Таксама Дробыш згадала падзеі лета 2020-га, калі ў знак пратэсту супраць сфальсіфікаваных выбараў і рэпрэсій тэатр пакінула шмат купалаўцаў на чале з Латушкам.

«Хачу яшчэ раз адзначыць: не Пал Палыч прыняў рашэнне аб тым, што тэатр спыняецца, а мы ўсе, «бараны», пайшлі за ім. [Не], гэта было наша рашэнне, і мы тады выклікалі кіраўніцтва, каб заявіць і спытаць, ці падтрымлівае яно нас, і яны падтрымалі. Шчыра кажучы, за тры гады закалябалі называць нас баранамі.

Я помню гэты момант, для мяне ён быў страшна чалавечы, бо для мяне людзі раскрываюцца ў сітуацыях, калі яны разгубленыя або злуюцца. Я бачыла гэтую разгубленасць, убачыла Пал Палыча чалавекам — не публічнага чалавека, не дыпламата, не персону, а чалавека, які тут і цяпер прымае рашэнні і размаўляе.

Што б пра яго ні казалі раней ці пазней, я бачыла чалавечы момант у моцнага чалавека, які прыняў рашэнне. Няважна, якія, можа быць, у яго былі мэты, мо пабудаваць палітычную кар’еру — ён яе пабудаваў, мне здаецца, і працягвае будаваць, гэта патрабуе нейкіх высілкаў», — разважае Крысціна.

Дробыш расказвае, што яна захавала свае разліковыя лісткі з Купалаўскага тэатра да 2020 года: «Мой сярэдні заробак у Купалаўскім быў каля 250—300 даляраў за месяц». Пры гэтым яна здымалася ў расійскім серыяле «Вяртанне Мухтара — 2» і атрымлівала за дзень здымак прыкладна столькі, колькі ёй плацілі за месяц у тэатры.

Нізкія тэатральныя заробкі прымушалі брацца за любыя магчымасці падзарабіць у кіно, і часам гэта прыводзіла да дзіўных гісторый.

«Мне аднойчы прапанавалі сыграць тэрарыстку ў расійскім кіно, я сказала не. Аднойчы мяне выклікалі на пробы, далі адрас, а па гэтым адрасе — царква, ну акей. Мне прапаноўвалі там сыграць прастытутку, якая едзе аўтастопам з дальнабойнікам — былым святаром. Вельмі радая, што мяне не выбралі, бо я тады не надта ўмела адмаўляцца ад праектаў», — успамінае яна.

Пра агучванне дзіцячых кніг

Крысціна — сузаснавальніца праекта агучвання дзіцячых кніг «Кніжны воз». Расказвае, што такое агучванне не заўсёды карыстаецца попытам, але ёсць у ім вялікі сэнс. Бо ёсць дзеці, якім патрэбная гэтая праца і якія засынаюць пад беларускую мову — Дробыш лічыць, што гэта цудоўна. 

Скрын з ютуб-канала «Жыццё-маліна»

«Для мяне тое, што цяпер існуе і пішацца дзіцячая літаратура і што яна вельмі класная — гэта ўжо поспех. І тое, што мы можам зацікавіць амаль тысячу чалавек, якія будуць засынаць пад сучасную беларускую літаратуру на якаснай беларускай мове — гэта поспех. Лічбы будуць часам падаць, часам расці — няважна, але гэтыя людзі ёсць», — разважае актрыса.

Крысціна Дробыш згадвае сустрэчу на фестывалі «Тутака» з дзецьмі — слухачамі «Кніжнага воза»:

«Гэта іншы ўзровень, не тое, што ты робіш прэзентацыю, гэта дзеці. Ты не скажаш ім: ведаеце, мы запісваем 60 кніг. Ім гэта нецікава, я гэта разумею.

Страшна разгубілася, бо на мяне глядзяць гэтыя вочкі, яны не разумеюць, хутчэй за ўсё, што яны слухаюць мой голас, няважна. Я ім прынесла налепачкі, нейкія гульні. І мы з імі так душэўна паразмаўлялі, я спытала, што яны слухаюць.

Гляджу, вось гэтыя маленькія людзі мне расказваюць пра мой праект і пра тое, як ён ім падабаецца, якія іх любімыя персанажы, главы, расказваюць, што яны хочуць пачуць. І я разумею, што я хачу ў дошку разбіцца, але здабыць для іх Гары Потэра ў аўдыяверсіі».

Што наконт рэсурсаў? Крысціна расказвае, што агучванне на два галасы кнігі са 100 старонкамі з запісанай для кнігі музыкай, якаснай апрацоўкай матэрыялу, постпрадакшнам і іншымі неабходнымі элементамі каштуе каля дзвюх тысяч даляраў. Запіс кнігі ў 300 старонак можа заняць 50 гадзін працы.

Ладзіць такую ініцыятыву складана, і Дробыш прызнаецца, што часам думае, што яна займаецца марнатраўствам. Але выратоўвае ідэя, якой з актрысай некалі падзяліўся добры сябар:

«Маўляў, глядзі, былі 90-я, калі скончыўся Савецкі Саюз і быў час адлігі, калі рванула ўсё беларускае. Усё гэта трапіла да людзей толькі гадоў праз дзесяць, а да кагосьці [дайшло] толькі ў 2020-м. Глядзі, вось мы з табой цяпер штосьці робім — запісваем, укладаем туды свае грошы і сілы — і мы раптам прыйшлі да таго, што гэта можа цалкам быць інвестыцыяй. Мы зробім гэта для тых, каму, магчыма, гэта стане цікавым і актуальным праз дзесяць-дваццаць гадоў. 

Для мяне вялізны сэнс ва ўсім гэтым — пакінуць пасля сябе не толькі горку смецця і вуглякіслага газу. Я магу пакінуць пасля сябе тое, што я ўмею, — пэўную частку кніг з якаснай беларускай мовай для тых, каму гэта, магчыма, будзе калісьці патрэбна. Калі гэта цяпер патрэбна дзесяці чалавекам — для мяне гэта ўжо класна. Калі гэта будзе патрэбна яшчэ камусьці — яшчэ больш класна».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • Кася
    09.09.2023
    Дзякуй вам ща гэты праект!
  • Очень интересно
    09.09.2023
    Сколько быдло наладилась жырная свиноматка лукашенко ?гэта сур'ёзна, выгнаў генафонд нацыі і мы толькі ведаем пра кольку якому яшчэ у жываце мамы адбіў бошку другі сын у психушке ,я в а...Е сколько потомство это быдло оставило ???? Сцівін Кінг ёсць тэма.
  • свинаматка
    09.09.2023
    а што ў ёй беларускага?

Расія ўнесла ў папярэдні спіс ЮНЕСКА Брэсцкую крэпасць. Але чаму Расія?4

Расія ўнесла ў папярэдні спіс ЮНЕСКА Брэсцкую крэпасць. Але чаму Расія?

Усе навіны →
Усе навіны

Нарэшце пойдуць дажджы

Сёння пачынаюць судзіць гісторыка Ігара Мельнікава2

Што цяпер чуваць пра воспу малпаў, якую месяц таму абвясцілі пагрозай свету?1

«Мама, ён ударыў яго аб дрэва!» Падрабязнасці жорсткага забойства кацяняці ў Мінску1

Літва рыхтуе Нацыянальны план масавай эвакуацыі7

Ідэолаг Мінабароны расказаў, што гульню Pokemon Go выкарыстоўвалі для шпіянажу — збіралі даныя пра авіябазу ў Мачулішчах13

Шайгу: Пра перамовы з Украінай не можа ісці гаворкі, пакуль не выкінем іх з нашай тэрыторыі8

Apple прэзентавала лінію новых айфонаў са штучным інтэлектам

Пажар на Альманскіх балотах тушаць больш за 100 чалавек

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расія ўнесла ў папярэдні спіс ЮНЕСКА Брэсцкую крэпасць. Але чаму Расія?4

Расія ўнесла ў папярэдні спіс ЮНЕСКА Брэсцкую крэпасць. Але чаму Расія?

Галоўнае
Усе навіны →