«Важна скарыстацца з гэтай магчымасці». З пачатку вайны беларусы адкрылі ў Польшчы больш за 11 тысяч ІП
З пачатку вайны Расіі з Украінай больш за 11 тысяч беларусаў зарэгістраваліся ў Польшчы як індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП), сведчаць звесткі штотыднёвіка Польскага інстытута эканомікі (PIE). Дзве траціны з іх працуюць у IT, піша выданне Most.
Усяго з пачатку 2022 года па чэрвень 2023 года беларусы зарэгістравалі ў Польшчы 11 716 JDG (Jednoosobowa działalność gospodarcza — польскі аналаг ІП).
Але калі ў пачатку мінулага года грамадзяне Беларусі штомесяц рэгістравалі каля 200 ІП, то з сакавіка статыстыка зафіксавала двухразовы рост, а з мая 2022 года па гэты момант беларусы штомесяц рэгіструюць у Польшчы 600-850 ІП.
Кожны чацвёрты замежны ІП, які з'явіўся ў Польшчы за гэтыя 1,5 года, — з Беларусі. Больш рэгіструюць толькі ўкраінцы.
Асноўны скачок звязаны з рэлакацыяй з Беларусі IT-спецыялістаў. Многія з іх з'ехалі акурат пасля пачатку вайны ва Украіне і пасля ўвядзення ў дачыненні да Беларусі заходніх санкцый.
Дзве траціны ўсіх новых беларускіх ІП у Польшчы (7,9 тыс.) адносяцца да віду дзейнасці «Інфармацыя і сувязь», з іх 86% займаюцца праграмаваннем. Многія іншыя прадпрымальнікі таксама занятыя інтэлектуальнай працай.
11% ІП вядуць прафесійную, навуковую або тэхнічную дзейнасць, 5% займаюцца будаўнічым бізнэсам.
«Галіновая структура беларускіх JDG можа спрыяць папаўненню недахопу супрацоўнікаў у Польшчы, асабліва з высокімі кампетэнцыямі ў галіне IT. Важна скарыстацца з гэтай магчымасці, каб беларускія кампаніі, якія ўзнікаюць у Польшчы, спрыялі паскарэнню лічбавізацыі польскіх кампаній», — лічаць у PIE.
Чытайце таксама:
Польскі дэпутат: Абавязкова знойдзецца рашэнне, каб беларусы маглі заставацца ў Польшчы
Каментары