Культура1919

«Для мяне ўсё адназначна». Ігар Сігоў, сэкс-сімвал беларускага кіно, скончыў здымацца ў Расіі і працуе таксістам

Калі краіна бурліла ў 2020-м, Ігар Сігоў ляжаў у рэанімацыі анкацэнтра. Але, як толькі ён устаў на ногі, ён пакінуў тэатр імя Янкі Купалы. А вайна 2022 года падвяла для яго рысу і пад здымкамі ў Расіі. «Людзі, вы падтрымліваеце вайну і пры гэтым называеце сябе хрысціянамі?» Вялікая гутарка «Нашай Нівы».

Ігар Сігоў ужо амаль год жыве ў Варшаве, ён канчаткова выехаў з Беларусі ў лістападзе 2022-га. Цяпер акцёр працуе таксістам, а таксама звязаны з двума беларускімі тэатрамі. Першы з іх — «Купалаўцы», з якімі Ігар нядаўна прэзентаваў прэм’еру, «Плошчу Перамогі» па Альгерду Бахарэвічу.

Акрамя знакамітай трупы, Ігар іграе і ў менш вядомым Team Theatre — гэты праект таксама працуе ў Варшаве. Ён расказвае, што ёсць перспектывы здымацца ў польскім кіно, але і беларусы Сігова не забываюць. Хутка яго можна будзе пабачыць у «Працэсах» — першым для «Белсата» серыяле, які зняў рэжысёр фільма «Чынчыны ў краіне цудаў» Андрэй Кашперскі.

Што да Team Theatre, там Сігоў іграе ў спектаклі «Мора Хрысціны». Гэта пастаноўка па падзеях 2020-га на Акрэсціна, спроба расказаць пра тое, што было. Ігар разважае: «Складана абазначыць маю ролю — ён і расказчык, і адзін з тых, хто быў у жніўні 2020-га на Акрэсціна, то-бок чалавек, праз якога ідзе ўспамін пра тое, што там адбывалася. Акрамя яго, там ёсць персанажы, якія адбывалі арышт на Акрэсціна, і тыя, хто катаваў, і спектакль заснаваны на расказах рэальных людзей.

Любы матэрыял адбіваецца на тым, як з ім працуеш, тым больш калі гаворка пра дакладныя ўспаміны людзей, якія былі на Акрэсціна, і сярод гледачоў тыя, хто прайшлі праз гэтую экзекуцыю. Іграць складана, але пра тыя падзеі трэба гаварыць, каб людзі ведалі, нават тыя, хто не сядзеў ці ўвогуле не быў у Беларусі ў жніўні 2020-га». 

У сярэдзіне 2020-га Ігар, на той час акцёр Тэатра імя Янкі Купалы, далучыўся да сваіх калег, якія звальняліся з трупы на знак пратэсту супраць фальсіфікацый і гвалту. Але ж Сігоў сышоў з тэатра трохі пазней, чым астатнія — не ў жніўні, а ў канцы верасня. 

«Не працаваў у той час, бо хварэў на рак. Таму звальняўся з тэатра крыху пазней, бо мне рабілі аперацыю і я праходзіў рэабілітацыю.

Здаецца, сышоў з Купалаўскага напрыканцы верасня — у пачатку кастрычніка 2020-га, а купалаўцы сышлі ў жніўні. Але я не адыграў у гэты час ніводнага спектакля». 

Беларус перанёс рак кішэчніка, прайшоў праз складаную аперацыю. Расказвае, што выходзіў з хваробы каля трох месяцаў і быў на мяжы жыцця і смерці, пасля аперацыі чатыры дні ляжаў у рэанімацыі. Ступень хваробы ён не называе, але ўдакладняе, што за яе час схуднеў са 105 кілаграмаў да 80.

«Катуюць людзей, а я што, маўляў, выбачайце, хварэў?»

Здаецца, якая грамадская актыўнасць, калі праблемы са здароўем, тым больш такія? Але для Сігова ўсё адназначна: «Збіваюць людзей, катуюць іх на Акрэсціна, а я павінен быў сказаць, маўляў, выбачайце, я хварэў? Я беларус, і тыя, каго катавалі, таксама беларусы, дык як я магу стаяць убаку? Увогуле не прымаю гвалт, для мяне гэта не метад. Можа быць усё што заўгодна — перамовы, дамовы, але ні ў якім разе не стрэлы, не збіццё і не вайна. 

А што, ёсць чалавек, каму ўсё адно, што тады адбывалася ў Беларусі? Магчыма, і ёсць, але мяне гэта кранала і я не мог стаяць у баку, таксама як і з вайной ва Украіне. Для мяне гэта прынцыпова, бо як маўчаць, калі збіваюць тваіх сяброў, калі ўвогуле збіваюць народ за тое, што ён проста хацеў дэмакратыі?»

Сігоў кажа, што не хоча жыць у несвабодзе: «Я вольны чалавек і маю права гаварыць тое, што думаю. Магу не мець рацыі, але гэта іншая справа. Але збіваць за тое, што я выказаў сваю думку ці не пагадзіўся, катаваць мяне за гэта? Калі камусьці гэта падабаецца, хтосьці гэта прымае — сцяг вам у рукі. Кожны выбірае свой шлях, тое, як жыць і чым жыць, быць рабом ці быць вольным чалавекам, паважаючы пры гэтым закон».

«Таго тэатра, які я любіў і ў якім працаваў, у Беларусі больш няма»

Каля 20 гадоў Ігар Сігоў адпрацаваў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, але цяпер інфармацыі пра гэта на сайце тэатра не знайсці — замест старонкі акцёра бачым надпіс «такой старонкі не існуе». Сам Сігоў удакладняе, што з сайта РТБД выдалілі інфармацыю не толькі пра яго, але і пра іншых экс-супрацоўнікаў тэатра, у тым ліку пра тых, хто не працуе там, па палітычнай прыкмеце. 

З рэпертуару, паводле акцёра, прыбралі і шмат старых спектакляў. Недзе гралі непажаданыя людзі, недзе спектакль ставіў непажаданы рэжысёр, штосьці паказалася «ідэйна няправільным». Гэта, тлумачыць Сігоў, палітыка дзяржавы, якую праводзіць дырэктар тэатра: тых людзей, якія ў 2020-м выказалі сваю пазіцыю, проста прыбралі з сайта. 

Цяпер РТБД ствараюць з чыстага ліста, і тое самае цяпер адбываецца з большасцю тэатраў у Беларусі. Як яму, чалавеку, які аддаў беларускаму тэатру дзесяцігоддзі, глядзець на гэта?

«Раней тэатр быў для мяне тым, што я любіў. Тэатр мусіць уздымаць пытанні, якія турбуюць народ, гэта трыбуна і для ўлады, і для народу. А потым такі тэатр задушылі, цэнзура пачала казаць, што можна рабіць, а што — не, якія рэжысёры і акцёры могуць працаваць, а якія не могуць. На маю думку, таго тэатра, у якім я працаваў, у Беларусі больш няма.

Тэатр не можа быць апалітычным, вазьміце Шэкспіра. «Яго п’есы апалітычныя? Не. Апалітычным можа быць хіба што дзіцячы тэатр, але і ў тых жа вавёрак і ваўкоў жыццё таксама заснаванае на становішчы ў грамадстве, таму гэта таксама палітыка». 

«Гэта ўсё брахня»

Адзін з улюбёных спектакляў у кар’еры Сігова — «Адвечная песня» па аднайменным творы Янкі Купалы. Акцёр удакладняе, што для яго гэта спектакль пра пазіцыю, якая была ў яго заўсёды і захоўваецца цяпер — што перш за ўсё ён чалавек: «Магу памыляцца і рабіць штосьці не так, але я чалавек і я вольны прымаць такое рашэнне, якое палічу правільным». Выбраць найважнейшую ролю ў фільме цяжэй, але Ігар адзначае «Дняпроўскі рубеж» — ваенную драму пра абарону Магілёва ў пачатку 1941-га.

У тое, што цяпер здымаюць і ставяць у Беларусі, Ігар не верыць. Акцёр разважае: мо тыя спектаклі, што зараз ствараюцца ў беларускіх тэатрах, і не накіраваныя на палітыку, але яны заплюшчваюць людзям вочы на рэчаіснасць, а гэта — шлях да апраўдання вайны ці рэпрэсій.

Цяперашнія беларускія кіно і тэатр, мяркуе Сігоў, хутчэй маюць местачковы фармат і будуць цікавымі толькі для Беларусі і Расіі. І рэч не ў тым, як іграюць беларускія акцёры, лічыць Ігар: «Мне нецікавыя самі тэмы кіно, гэта не тое, пра што трэба сёння казаць. Варта гаварыць пра тое, што адбываецца цяпер, а не прайшло калісьці. Усе гэтыя гады нам спрабуюць навязаць, што мы павінны жыць так, як раней жылі нашы прадзеды, і паважаць гісторыю. Але гэта ўсё брахня. 

Пра мінулае варта памятаць і шанаваць яго, але казаць трэба пра сённяшні дзень: пра вайну ва Украіне, 2020 год у Беларусі, пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. І менавіта датычна гэтых сітуацый трэба разбірацца, хто мае рацыю, а хто — вінаваты, бо калі ўжо здымаць кіно, то варта высвятляць, у чым была праблема».

«Царкі, якія цяпер ва ўладзе, вырашылі, што яны разумнейшыя за народ»

Акцёр мяркуе, што трэба казаць і пра тое, што Расія напала на Украіну без аб’ектыўных прычын. Бо тыя прычыны, якія прапануюць расіянам — поўная лухта, паводле Сігова. Яго не ўпэўнівае матывацыя вайны, якую прадстаўляюць расійскія медыя — маўляў, ва ўсім вінаваты Захад: «Па-першае, паглядзіце, расіяне, у чым вы жывяце. Беларусы звычайна жылі прыстойней за Расію. Але гнаць на Захад, дзе існуе дэмакратыя? Я не ўсхваляю Захад і Амерыку. Маю на ўвазе, што вырасла пакаленне, якое хоча гаварыць, выказваць свае думкі, і мае на гэта права. Уладам і сем’ям трэба гэта ўлічваць. Царкі, якія цяпер ва ўладзе, вырашылі, што яны разумнейшыя за народ, але гэта лухта». 

«Ніколі і ніяк не стану на бок Расіі»

Яшчэ да канчатковага пераезду ў Польшчу, у 2021-м годзе, Ігар Сігоў працаваў у Расіі — здымаўся ў тамтэйшых серыялах. Таксама ён засвяціўся на Першым канале ў забаўляльнай перадачы «На самай справе», дзе знакамітыя людзі быццам праходзяць праз дэтэктар хлусні і раскрываюць тайны асабістага жыцця. Беларус удакладняе, што такое шоу праходзіць як гульня — па сцэнары, у жыцці ўсё інакш.

Цяпер, кажа Сігоў, расійскія цэнтральныя медыя ён не глядзіць і глядзець не хоча: 

«Часам у ютубе выскокваюць нейкія прапагандысцкія ролікі, але для мяне гэта бязглуздзіца. Гэта такое трызненне, такая нянавісць да людзей, прыдуманыя невядома як факты, перакананні. Яны насамрэч лічаць свой народ настолькі тупымі, што ўліваюць ім гэтую бздуру? Разважны чалавек выдатна разумее, што насамрэч адбываецца. Калі ты разумны, гэта відавочна, да бабкі не хадзі. Калі ты хочаш даведацца праўду, ты яе даведаешся, тым больш што інтэрнэт дае магчымасці прачытаць інфармацыю ў розных крыніцах і параўнаць яе. 

Калі ты проста дурны, тут нічога не зробіш, і так прасцей жыць. Але я ведаю людзей з Расіі, якія зрабілі выбар на карысць справядлівасці, у якіх ёсць разуменне таго, што адбываецца. Таму для мяне цэнтральныя расійскія СМІ — гэта цяпер унітаз, маю на ўвазе каналы з прапагандай і скокі на касцях». 

Тым не менш, у 2021-м беларус усё-ткі здымаўся і ў расійскіх серыялах, і ў тэлешоу. Тлумачыць, што рэч ішла пра грошы, ды і фільмы былі не пра палітыку, а «ці пра бандытызм, ці пра каханне». На той момант не ўкладвалася ў галаве, дзеліцца Сігоў, што цяперашняя вайна магчымая і Расія нападзе на Украіну. Што да падзей у Беларусі, яны, разважае акцёр, былі нашай унутранай барацьбой.

«А тут адбылося іншае: адна краіна чамусьці вырашыла анексаваць тэрыторыі другой. Гэта што за трызненне? І самае галоўнае, што калі, як я сказаў, Пуцін абвясціў спецыяльную ваенную аперацыю па нібыта вызваленні ад бандэраўцаў рускамоўнага насельніцтва Украіны, большасць расіян падтрымалі яго, вайну і нават смерць людзей, пісалі ў сацсетках, што ім, маўляў, так і трэба. Людзі, вы падтрымліваеце вайну і пачынаеце за гэта агітаваць, і пры гэтым называеце сябе хрысціянамі? І потым хочаце, каб з вамі неяк працавалі?» — пытаецца Сігоў.

Жонка Ігара — украінка родам з Херсона, у яго шмат сяброў з Украіны. Гэта людзі з Херсона, Кіева, шмат яго знаёмых цяпер нават знаходзяцца на перадавой і бароняць сваю краіну. Таму Сігоў адназначна кажа, што ён на баку Украіны і тых людзей, якія абараняюць сваю Радзіму. 

Хаця афіцыйная Беларусь і Украіна ў гэтай вайне апынуліся па розныя бакі, канфлікт не падзяліў сям’ю беларуса Сігова, як і 2020-ты ў Беларусі: «Мая жонка мяне падтрымала, калі я выступіў на баку купалаўцаў і сышоў разам з імі з тэатра ў знак пратэсту супраць гвалту, які адбыўся ў 2020-м. Зразумела, што я падтрымаў яе, калі ва Украіне пачалася поўнамаштабная вайна. Дзякуй Богу, у нас аднолькавае меркаванне і наконт першай, і наконт другой сітуацыі. 

На мяне паўплывала стаўленне расіян да вайны і тое, што большасць з іх падтрымалі Пуціна. Гэта імперыя. Калі хрысціянства кажа «не забі», не ведаю, як патлумачыць прапаганду вайны і забойства мірных грамадзян. Гэта не бандэраўцы, а звычайныя людзі, якія жылі сваім жыццём, марылі жыць далей і гаварылі па-руску, бо Расія разбамбіла рускамоўныя гарады. Таму для мяне ўсё адназначна, і зразумела, што я ніколі і ніяк не стану на бок Расіі, бо не жадаю прапаведаваць вайну і забойствы людзей, і не залежыць, якая ў гэтага мэта».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары19

  • ром
    10.09.2023
    Дык А дзе той симвал?? Вижу нейкага пенсиянера… у кино яго не бачыу
    Таки симвал як и лукашэнка😁
  • Не сімвал. Многа дзяцей нарабіў
    10.09.2023
    І вялікі ў сэкс-сімвала кахальнік?
  • Тэкля
    10.09.2023
    Бачыла фільмы з яго ўдзелам. Не ведала, што гэта беларускі акцёр. Павага чалавеку! Здароўя!

Што вядома пра грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, якому ў Беларусі прысудзілі расстрэл24

Што вядома пра грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, якому ў Беларусі прысудзілі расстрэл

Усе навіны →
Усе навіны

Чарга легкавых аўто на ўезд у Польшчу з Беларусі павялічылася ў чатыры разы5

Юрый Чыж пайшоў у расійскі суд, каб пазмагацца за свой малаказавод у Геленджыку

Як трансгендар абваліў продажы самага папулярнага амерыканскага піва15

Ілан Маск жорстка высмеяў Microsoft за глабальны IT-збой5

Святлана Ціханоўская сустрэлася з Віктарам Орбанам23

Не рабіце гэтую памылку ў захоўванні хлеба5

Назіраецца маштабны збой электронікі па ўсім свеце. Аэрапорты адмяняюць палёты13

Калабаранты з Запарожскай вобласці выдаюць сустрэчу з прамаскоўскім беларускім актывістам Лушчом за афіцыйны візіт1

За два з паловай гады на мяжы Беларусі і ЕС загінулі 126 мігрантаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, якому ў Беларусі прысудзілі расстрэл24

Што вядома пра грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, якому ў Беларусі прысудзілі расстрэл

Галоўнае
Усе навіны →