Грамадства1717

Праўнук удзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі і вязня польскай турмы ваюе за Украіну. «І гэта жах»

31-гадовы Яўген Жураўскі — анархіст з Баранавічаў. Вось ужо 9 месяцаў, як ён стаў «Саламам» — мінамётчыкам беларускага батальёна «Волат». Пры гэтым ён і на фронце застаецца веганам. Жураўскі — патомны рэвалюцыянер. «Не хачу, каб мае дзеці бачылі тое, што даводзіцца бачыць мне на вайне, — расказвае ён і прызнаецца: — Апынуўшыся на радзіме, я буду цалаваць зямлю і плакаць». Вялікая гутарка «Нашай Нівы».

Яўген Жураўскі. Фота: асабісты альбом Яўгена Жураўскага

«Бахмут выглядае горш, чым разбураны нацыстамі Мінск»

Яўген Жураўскі на фронце 9 месяцаў. Яго ўяўленні пра вайну грунтаваліся на тым, што ён бачыў у фільмах ды камп'ютарных гульнях. Гэтыя карцінкі не падобныя да рэальнасці, кажа ён.

На тактычна-медыцынскіх занятках вайскоўцам паказваюць, якія раненні атрымлівае салдат ад стрэлу 120-ым мінамётам. З ім працуе Жураўскі.

«Пабачыўшы тыя кадры, у мяне праскочыла: блін, гэта мы робім такое з людзьмі, — расказвае мінамётчык — Гэта жахліва. Але па нас страляюць з «Градаў», 120-х мінамётаў. Мы адказваем са свайго 120-га мінамёта. Гэта наша работа, без якой немагчыма перамагчы».

Жураўскі тлумачыць, што спецыфіка працы мінамётчыка ў тым, каб страляць па пазіцыі ворага здалёк. 

«Я наогул ніколі не страляў у чалавека ў твар. Спадзяюся, што і не буду. Нават стараюся не глядзець відосы, якія нам кідаюць аператары дронаў. Тое, што паказваецца там, для мяне максімальна непрыемна», — прызнаецца Яўген.

Бахмут — месца найцяжэйшых баёў з расійскімі агрэсарамі ў Данецкай вобласці. Горад знішчаны. Да поўнамаштабнага ўварвання расіян ва Украіну ў ім жыло больш за 72 тысячы чалавек. Фота: Libkos / AP Photos

Жураўскі кажа, што не хоча, каб яго дзеці бачылі тое, што людзі робяць з іншымі людзьмі, толькі таму, што хеўра састарэлых мярзотнікаў вырашыла перабудаваць свет, начытаўшыся фашыста Івана Ільіна.

Жураўскі бываў у Бучы і Гастомелі, калі там яшчэ не былі разабраныя завалы разбураных дамоў. Бачыў, што зрабілі расійскія войскі з Барадзянкай — невялікім гарадком у Кіеўскай вобласці. Цяпер каліновец ваюе ў раёне Бахмута.

«Можна казаць, што Бахмута няма, — гаворыць Яўген. — «Рускі свет» яго знішчыў. Усе бачылі фотаздымкі знішчанага нацыстамі ў Другую сусветную вайну Мінска. Дык вось, Бахмут цяпер выглядае горш. Нават не ўяўляю, як можна яго адбудаваць».

«На вайне экшну хапае, але ён не з фільмаў»

Жураўскі не верыў, што вайна пачнецца, але маральна быў падрыхтаваны да ўдзелу ў ёй. Яго знаёмыя распрацавалі план на выпадак расійскай агрэсіі. Паводле яго, беларускія добраахвотнікі меліся запісацца ў сілы тэрытарыяльнай абароны. Ён дзейнічаў згодна з планам.

Ва Украіну Яўген прыехаў 8 сакавіка 2022 года, суправаджаючы гуманітарную дапамогу, сабраную польскімі і нямецкімі анархістамі. 

Ваенныя будні каліноўцаў. Ваяры адзначаюць Новы год у Бахмуце. Фота: асабісты альбом Яўгена Жураўскага

Беларус прызнаецца, што яму было боязна адпраўляцца на фронт, але яго ўлюбёнае выказванне дапамагло адолець сумневы: «Ісці — капец як страшна. Не ісці — капец як сорамна».

«Рускі свет» я ненавіджу ўсё сваё жыццё. Калі гэта рускамірская пошасць пераможа ва Украіне, то надзеі на вольную Беларусь, пазітыўныя перамены ва ўсім свеце можна закопваць», — кажа ён.

Першы час Жураўскі думаў, што яго падраздзяленне непадрыхтаваных навабранцаў тэрабароны кінуць стрымліваць расійскія калоны на Жытомірскую трасу, якою агрэсары намагаліся прарвацца да Кіева. Чакаць выездаў на баявыя заданні давялося, аднак, доўга.

«Вайна — гэта не прыгожыя кадры з экшнам і спецэфектамі кожную хвіліну, — тлумачыць ён. — Гэта шмат бруднай фізічнай працы. Маруднае чаканне і не заўсёды інтэнсіўны стралковы бой».

«На вайне застаюся веганам»

Яўген Жураўскі — веган. Ён з дзяцінства любіць жывёл, а яго настольнай кнігай быў энцыклапедычны чатырохтомнік Альфрэда Брэма. З 14 гадоў ён пачаў задумвацца, ці правільна любіць жывёл і есці іх мяса.

«Упершыню я адмовіўся ад мяса ў 2009 годзе. Мне было 17 гадоў. Потым вярнуўся да спажывання мяса. Пазней я зразумеў, што больш не хачу спрычыняцца да забойства жывёл і пастанавіў ісці да веганства», — расказвае Яўген.

Яўген Жураўскі з веганскай пасылкай. Яўген пакуль без адгадаваных вусоў — адзнакай ваяроў палка Каліноўскага. Фота: асабісты альбом Яўгена Жураўскага

Жураўскі прызнаецца, што першы час на вайне яму было цяжка веганіць.

За дзень з ежы магло быць толькі два віды салаты. Але была мэта вытрымаць.

Далей у нашага ўзвода тэрабароны наладзіліся добрыя адносіны з львоўскай веганкухняй. Гэта валанцёрская арганізацыя, якая гатуе ежу для веганаў і вегетарыянцаў, якія ваююць, а таксама для пацярпелых ад вайны людзей. 

«Валанцёры сталі больш дасылаць вегетарыянскай ежы. Сітуацыя з харчаваннем нармалізавалася настолькі, што я еў стравы, пра якія [раней] толькі чуў», — расказвае Яўген.

З вегетарыянскай ежай напачатку было кепска і ў палку Каліноўскага. У адрозненне ад тэрытарыяльнай абароны, ваярам ежу прывозілі ўжо гатовую. Бывала, што веган-беларус абыходзіўся толькі салатай, бо каша была з мясам. Арганізм жа патрабаваў больш калорый падчас нагрузак.

«Калі ехалі на баявыя, дык непакоіўся, як быць. Неяк на месцы знайшлася ўпакоўка з амерыканскімі веганскімі пайкамі для падарожнікаў. Першы час харчаваўся толькі імі, бо выбрацца з Бахмута на склад было складана», — апавядае мінамётчык.

Яўген Жураўскі з прэзентам — веганскаю ежаю ад валанцёраў. Фота: асабісты альбом Яўгена Жураўскага

Сярод саслужыўцаў Яўгена ёсць і яшчэ тыя, хто трымаецца веганства і вегетарыянства. Цяпер з ім служыць веган, які нядаўна далучыўся да каліноўцаў.

«Нам пашанцавала з камандзірам, які любіць кухарыць. Калі гатуе для нас боршч, то ёсць невялікая каструлька для веганаў. Нядаўна ён на базе адклаў дзве каробкі веганскай ежы. Я жартую, што ежы зараз для веганаў хопіць да канца вайны, але харчы разыходзяцца дужа хутка, асабліва на пазіцыі», — расказвае Яўген.

Веганы адмаўляюцца не толькі ад спажывання мяснога, як вегетарыянцы, але ідуць далей: не носяць, напрыклад, вопратку і абутак са скуры жывёл.

Па яго словах, у веганаў на вайне ёсць праблемы з абмундзіраваннем. Яму толькі нядаўна ўдалося адшукаць якасны тактычны абутак са штучнага матэрыялу.
Кінуты кот. Фота: асабісты альбом Яўгена Жураўскага

Яўген заўважае, што на тэрыторыях, ахопленых вайной, шмат кінутых свойскіх жывёл. Многія траўмаваныя. Яны цягнуцца да ўкраінскіх салдат, шукаючы паратунку. Бачыць іх невыносна балюча, кажа ён.

«Не змагу пачувацца вольным, пакуль нехта паняволены»

Яўген Жураўскі з Баранавічаў. У яго сям'і «была даўняя камуністычная традыцыя». Прадзед удзельнічаў у расійскай Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, а затым у грамадзянскай вайне. Пасля ён сядзеў у польскім канцлагеры за рэвалюцыйную агітацыю.

Падлеткам Жураўскі зразумеў, што вакол дзеецца нешта не тое. 

«Мне падабалася ідэя пра свет, заснаваны на свабодзе, роўнасці і братэрстве. Аднак чым больш вывучаў савецкі досвед, тым больш упэўніваўся, што аўтарытарная сацыялістычная мадэль узводзіць толькі дыктатуру», — кажа Яўген.

Яўген Жураўскі на акцыі салідарнасці са зняволенымі анархістамі. Выставу ў Беларускім моладзевым хабе наведала за адзін вечар больш за 250 чалавек. Праз чатыры дні свет зменіцца: пачнецца вайна. Фота: асабісты альбом Яўгена Жураўскага

Неяк Жураўскі наткнуўся на працы тэарэтыкаў анархізму. У іх хлопец убачыў вобраз ідэальнага для сябе грамадства. Так Яўген стаў паслядоўным анархістам. 

«Анархістам я стаў праз свой эгаізм, бо хачу жыць вольна і спакойна. Каб ніякія людзі ці інстытуцыі не прымушалі мяне рабіць тое, чаго я не жадаю. Але я не змагу пачувацца вольным, пакуль хоць нехта паняволены», — тлумачыць каліновец.

На яго погляд, падзеі ў Беларусі — прыклад таго, што прадстаўнічая дэмакратыя да добрага не вядзе. Прэзідэнцкія, парламенцкія рэспублікі лёгка становяцца аўтарытарнымі дыктатурамі, мяркуе ён.

За ўдзел у анархісцкіх акцыях Жураўскага некалькі разоў штрафавалі і кідалі на «суткі». 

У 2020 годзе Яўген вымушаны быў эміграваць пасля таго, як невядомыя кінулі ў акно пракуратуры «слоік з вадкасцю і рыззём». Была распачата крымінальная справа за «асабліва злоснае хуліганства». У мясцовых актывістаў анархісцкага руху адбыліся вобшукі. Ператрэслі жытло і актывіста. 

Акцыя пратэсту ля беларускага пасольства ў Польшчы. За яе супраць Яўгена Жураўскага распачалі крымінальную справу на радзіме. Яна была прысвечаная памяці айцішніка Андрэя Зельцэра, застрэленага супрацоўнікамі КДБ у 2021 годзе. Пры штурме кватэры Зельцэр застрэліў супрацоўніка спецслужбы. Фота: Следчы камітэт Беларусі

У Варшаве Жураўскі працаваў у адным з мясцовых бараў. Арганізоўваў акцыі пратэсту.

За адну з іх, каля пасольства Беларусі ў Польшчы, супраць Жураўскага на радзіме распачалі крымінальную справу «за дзеянні, скіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці». Пазней сілавікі разграмілі кватэру маці актывіста. 

«На змену няўдалай рэвалюцыі прыйшла жорсткая рэакцыя»

Яўген Жураўскі мяркуе, што пратэст 2020-га пацярпеў паразу, бо яго мэты не дасягнутыя. Не былі скасаваныя вынікі сфальсіфікаваных выбараў, беспакаранымі за гвалт засталіся сілавікі, Лукашэнка дагэтуль пры ўладзе.

Калі тысячы людзей выйшлі пратэставаць, не было палітычных арганізацый, якія б ведалі, куды наносіць удары праціўніку, як абараняць дэманстрантаў, як вызваляць людзей з турмаў. Жураўскі мяркуе, што найбольш білі па сістэме невялікія групы анархапартызанаў, але іх было недастаткова.

Дэманстрацыя ў Мінску на вуліцы Кальварыйскай, 2020 год

На змену ўздыму 2020-га прыйшла жорсткая рэакцыя.

Каліновец перакананы, што пратэсты адновяцца, бо беларусы «Лукашэнку не палюбяць за тое, што ён увёў тэрарыстычную дыктатуру».

«Цяпер яму з дапамогай маскоўскіх сяброў удаецца ўтрымліваць уладу, але як толькі ў Расіі пагоршае сітуацыя, то пагоршае яна і ў Лукашэнкі, таму лёс Беларусі шмат у чым вырашаецца ва Украіне, — лічыць Жураўскі. — Калі Расія будзе пераможанай, то дыктатар застанецца сам-насам са сваімі праблемамі. У яго не хопіць рэсурсаў здушыць новую хвалю беларускага пратэсту». 

Яўген Жураўскі прызнаецца, што яму цяжка ўявіць, як цяпер жывуць у Беларусі суайчыннікі. На яго думку, сітуацыя ў іх горшая, чым ва ўкраінцаў, якія ваююць.

«У нас ёсць зброя, побач таварышы, якія падтрымаюць. Мы не бездапаможныя і не самотныя. Унутры ж Беларусі людзі перабываюць у страху і чаканні арышту. І ім няма ад каго чакаць дапамогі і магчымасці даць адпор карнікам», — кажа каліновец.

Яўген спадзяецца, што землякі не звыкнуцца з гвалтам, але па вызваленні ад дыктатуры ім спатрэбіцца псіхалагічная дапамога, упэўнены ён.

Пратэст, 2020 год. Сілавікі цягнуць схопленага пратэстоўца.

«Мы ўсе будзем траўмаваныя. Нехта жыў працяглы час у чаканні пераследу, нехта сядзеў у турме, а нехта ваяваў. Цэлая краіна з посттраўматычным стрэсавым расстройствам. І гэта жах», — адзначае Жураўскі.

Да вайны ў яго і праваабаронцы Насты Лойкі была ідэя стварыць цэнтр рэсацыялізацыі для былых нявольнікаў турмаў. 

У няволю шмат хто пападае за абы-якія правіны, а выходзяць адтуль з паламанымі лёсамі і знявечанай псіхікай, кажа Яўген. Цяпер гэтая задума больш актуальная, а яе мэтавая аўдыторыя павялічылася.

Жураўскі кажа, што ва Украіне грамадства і дзяржава намагаюцца дапамагаць траўмаваным вайной людзям вярнуць іх да мірнага жыцця. Частка з іх можа быць небяспечнай для іншых людзей.

Такая ж сітуацыя і з беларусамі, але ім няма на каго спадзявацца, акрамя як на саміх сябе.

Беларускія анархісты на фронце ва Украіне. Фота: асабісты альбом Яўгена Жураўскага

«Мая ідэальная Беларусь — гэта максімальна дэцэнтралізаваная краіна з моцным нізавым самакіраваннем. Мы сведкі таго, што нясе з сабою цэнтралізацыя. Улада пры ёй трапляе ў рукі аднаго чалавека», — кажа Яўген.

Жураўскі лічыць, што грамадзяне новай Беларусі павінны мець права на валоданне зброяй.

Калі ў хаце будзе стаяць помпавая стрэльба, то палітык, які наважыцца захапіць уладу, дзесяць тысяч разоў падумае, ці варта рызыкаваць, тлумачыць каліновец.

Жураўскі не хацеў бы, каб Беларусь уступала ў НАТА ці Еўрасаюз, але ў яе павінен быць праеўрапейскі шлях развіцця. «Еўрапейскія краіны больш вольныя. Там больш магчымасцяў уплываць на тое, што адбываецца ўнутры краіны. Такія краіны далёкія ад майго ідэалу, але яны лепшыя за лукашысцкую Беларусь», — кажа ён.

Яўген Жураўскі не выключае, што полк Каліноўскага і іншыя беларускія добраахвотнікі ўкраінскага войска могуць удзельнічаць у вызваленні Беларусі. Але гэта можа здарыцца толькі тады, калі народ Беларусі выкажа сваю пазіцыю. 

Яўген Жураўскі марыць пра вяртанне. «Апынуўшыся на радзіме, я буду цалаваць зямлю і плакаць», — кажа ён. «У мяне толькі адзін шлях вяртання — узброены», — мяркуе ён пры гэтым.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

«Давайце перагорнем старонку». Лукашэнка сышоў ад адказу на пытанне замежных журналістаў пра масавыя рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі будзе свой Мандэла, ці свой Валэнса, ці свой Гавэл? Адказваюць Алексіевіч, Латушка, добраахвотнік…

«Вайна патрэбная была, каб купка жывёлін папіярылася». Прыгожын даў рэзананснае інтэрв’ю, у якім падвёў грунт пад спыненне вайны

«Пагроза з боку Беларусі рэальная». Меркаванні прэзідэнта Літвы і спікера Сейма наконт уніфікацыі абмежаванняў падзяліліся

Каментары17

  • Freddy
    08.09.2023
    Усе бачылі фотаздымкі знішчанага нацыстамі ў Другую сусветную вайну Мінска
    Для статистики Минск во вторую мировую разрушили советские войска. Немцы его взяли быстро без сопротивления.
  • Freddy
    08.09.2023
    Жураўскі не хацеў бы, каб Беларусь уступала ў НАТА ці Еўрасаюз, але ў яе павінен быць праеўрапейскі шлях развіцця
    Абсолютно  согласен. Редко когда человек здраво мыслит в этом направлении. Все союзы это копии совка в той или иной форме.    
  • Freddy
    08.09.2023
    Вот такими должны быть молодые беларуские политики. Я бы за Журавского в парламент голосовал. Очень бы хотелось что бы такие как он вернулись живыми с войны. Вас очень нехватает в Беларуской политике. 

ГУБАЗіКу забаранілі публікаваць «пакаяльныя відэа». Цяпер яны выстаўляюць «пакаяльныя аўдыя»

ГУБАЗіКу забаранілі публікаваць «пакаяльныя відэа». Цяпер яны выстаўляюць «пакаяльныя аўдыя»

Усе навіны →
Усе навіны

Расія забараніла ўвоз мандарынаў з Абхазіі5

Эрдаган: мэта апазіцыі — Дамаск. Мы прапанавалі Асаду разам вызначыць будучыню Сірыі, але адказу не было4

Ва Украіне з'явілася новая ракета-дрон «Пекла»

Карпенка паабяцаў расказаць пра вынікі збору подпісаў на наступным тыдні7

Вярнуўся з вайны, уладкаваўся ў Варшаве, пасварыўся з усімі — і знік. Прыяцелі пра экс-каліноўца Максіма Ралько, якога затрымалі ў Беларусі19

Замежнікі скардзяцца — у беларускі ўніверсітэт не паступіш без пасярэднікаў2

Вальфовіч: У Лукашэнкі ёсць свой ядзерны чамаданчык і чырвоная кнопка17

Самалёт Пуціна ў Мінск суправаджалі два знішчальнікі

«Яшчэ 10 чалавек паехалі». Як кашмарылі Гродна падчас апошняй аблавы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіКу забаранілі публікаваць «пакаяльныя відэа». Цяпер яны выстаўляюць «пакаяльныя аўдыя»

ГУБАЗіКу забаранілі публікаваць «пакаяльныя відэа». Цяпер яны выстаўляюць «пакаяльныя аўдыя»

Галоўнае
Усе навіны →