Кроксы ад «Марка», мартэнсы ад «Праменя». Шукаем стыльны абутак беларускіх вытворцаў
Мы знайшлі модныя пары, якімі варта дапоўніць восеньскія лукі.
Як і большасць прадпрыемстваў беларускай лёгкай прамысловасці, вытворцы абутку не спяшаюцца гнацца за трэндамі. Шматлікія мадэлі распрацаваныя дзесяцігоддзі таму, а якасць пашыву пакідае жадаць лепшага. Але з соцень неактуальных пар, вырабленых на айчынных прадпрыемствах, мы знайшлі некалькі па-сапраўднаму модных варыянтаў.
Belwest: унісэкс і кеды
Рэчы «ўнісэкс», якія пасуюць для абодвух палоў, трывала ўвайшлі ў моду ў пачатку 1960-х. У той час пачалі пераглядацца стэрэатыпныя гендарныя ролі, у тым ліку пераасэнсоўвалася і становішча жанчыны ў грамадстве. У знак падтрымкі новай плыні дзяўчаты мянялі сукенкі на мужчынскія штаны, а абцасы — на зручныя боты. З часам да трэнду далучыліся мужчыны: так у сучасны мужчынскі гардэроб увайшлі лёгкія тканіны, далікатныя колеры і карункі. Апошнія для аднаго са сваіх вобразаў абраў нават музыка Лявон Вольскі.
У Belwest таксама ёсць некалькі гендарна-нейтральных мадэляў. Напрыклад, чаравікі ў стылі мілітары. Каштуюць такія пары каля 130 даляраў, а знайсці іх можна ў жаночым аддзеле.
Аматаркам стылю Old Money можна прыгледзецца да белых класічных кедаў. Мадэль доўга будзе заставацца актуальнай і выдатна ўпішацца ў базавы гардэроб.
Брэнд не абышоў увагай мужчын: ім прапануюць спартыўныя чаравікі з настроем «Алімпіяды-80». Такія вырабляюцца ў двух колерах — чорным і балотна-зялёным. Насіць пару можна як са спартовымі лукамі, так і дапаўняць імі класічныя камплекты.
Кроксы ад Marko
Віцебскі брэнд уразіў наяўнасцю гумавых тапак мадэлі «Крокс». Пара ад Marko мала чым адрозніваецца ад арыгінала: крыху змененыя памеры дзірак і сам лагатып. Зрэшты, розніца бачная толькі ў цане: арыгінал каштуе каля 50 даляраў, беларуская копія — 7.
У восеньскай калекцыі можна вылучыць жаночыя батыльёны на ўстойлівым абцасе. Такія будуць добра глядзецца ў спалучэнні з лёгкімі і карункавымі сукенкамі і паліто-аверсайз. Абыдзецца пара ў 93 даляры.
У мужчынскай секцыі нашу ўвагу прыцягнулі чаравікі з нубуку. Яны не маюць яркага дызайну, затое могуць стаць нядрэннай класічнай базай на восень. Дарэчы, каштуюць такія танней за жаночыя — усяго 73 даляры ЗША.
Лідскі абутак: пары для крэатыўных
Прагулка па краме «Лідскі абутак» падобная да экскурсіі ў мінулае: столькі састарэлых мадэляў можна знайсці хіба што ў касцюмернай «Беларусьфільма». Напрыклад, гэтыя выдатныя туфлі за 11 даляраў нагадваюць пасляваенныя мадэлі — з грубай бавоўны і са слабым супінатарам.
Дызайнеры прадпрыемства паспрабавалі ажывіць і мадэль пачатку 60-х, расфарбаваўшы яе ў змяіны прынт. Каштуюць крэатыўныя туфлі 22 даляры, а знайсці іх можна ў мужчынскім аддзеле.
«Лідскі абутак» знакаміты сваімі кедамі. Такія мадэлі з'яўляюцца несмяротнай класікай, таму на іх не шкада выдаткаваць грошы. Варта адзначыць расфарбоўку кедаў: яны вырабляюцца ў трэндавых колерах і ні ў чым не саступаюць заходнім аналагам. Каштуе спартовая пара ўсяго 21 даляр.
«Прамень», ці Dr. Martens па-беларуску
Мінская марка парадавала разнастайнасцю стыльнага абутку. У жаночым аддзеле мы заўважылі цікавыя туфлі на нізкім ходзе. Эклектычны абутак спалучае брутальнасць і элементы «бэбі-дол», а форма іх наска — трэнд наступнага сезона.
Другая пара — замшавыя лоферы, яны выдатна падыдуць на сухую восень: іх можна спалучаць як з джынсамі і штанамі, так і з сукенкамі.
Аналаг знакамітых чаравікаў Dr. Martens таксама з'явіўся ў «Праменя». Мадэлі выкананыя са скуры і замшы і маюць шырокую каляровую палітру. На жаль, на сайце кампаніі не пазначаны цэны, але, мяркуем, яны будуць не вышэйшыя за цану арыгінала.
Каментары
(ружжовыя на абцассе)