Прапагандысты прыдумалі, як падняць сяло — забараніць гурт «Дразды» і ніякіх клубаў, бо працаваць трэба
На канале СТБ у перадачы «Да!Но…», якую вядзе Рыгор Азаронак, абмяркоўвалі, як сярод моладзі падняць прэстыж сельскага работніка. Часам гучалі вельмі дзіўныя прапановы.
Дзе праводзіць вольны час
Вядучы спецыяліст дэпартамента забеспячэння вытворчасці «Гомсельмаша» Мікалай Шаймовіч выказаўся аб тым, што моладзь, якая адвучылася ў абласным цэнтры ці сталіцы і вярнулася ў сельскую мясцовасць, не мае месцаў, дзе праводзіць свой вольны час.
«Там толькі сельскі клуб. Яны прывыклі ў вольны час схадзіць у кіно, у кафэ. У сельскай мясцовасці такога няма».
Азаронак абрубіў: «Працаваць трэба, а не бавіць вольны час». І пачаў пералічваць меры, якія мае дзяржава для замацавання моладзі:
«У нас ёсць размеркаванне. Цудоўная мера. І ўсё, што нам гэтыя вар'яты гавораць, што гэта прыгоннае права… Так, можа быць, прыгоннае права было б не так і дрэнна. Але гэта мы яшчэ абмяркуем».
Старшыня камісіі рэгіянальнай палітыкі і ўзаемадзеяння з органамі мясцовага самакіравання Моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі Станіслаў Сямёнаў прапанаваў такім людзям сесці і паехаць у горад абласнога падпарадкавання. На яго погляд, «сёння з той жа сельскай мясцовасці ў горад абласнога падпарадкавання — рукою падаць».
Хто вінаваты
Азаронак распавёў пра тое, што ў краіне ёсць інфраструктура: «Мы бачылі нашы аграгарадкі, бачылі, што ёсць жыллё, школа, ёсць дзіцячы сад, ЗАГС, магазін. Усё ёсць. Але ці толькі гэта трэба? Заробак, наколькі я ведаю, таксама ёсць. Другое. Малады спецыяліст адразу 50 тысяч даляраў таксама не павінен атрымліваць. Але ці ў гэтым праблема? Бо, можа, малады чалавек хоча гламурнага жыцця? Можа, хоча «дзвіжу»?»
І адразу пачаў шукаць вінаватых у тым, чаму моладзь мае такія жаданні:
«А калі яму рэклама паказвае пэўныя вобразы? Там сельскіх жыхароў зусім няма. А калі глянцавыя часопісы паказваюць пэўныя вобразы? Калі яму фільмы паказваюць, [што] «я хацела б жыць на Манхэтэне», і ўсе астатнія гэтыя песенькі? Ну як яму сказаць: ты будзеш жыць у вёсцы Рагачоўскага раёна?»
Жыццё ў вёсцы — парыў душы
У дыскусію ўключыўся сацыяльны педагог Наваполацкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Уладзімір Мішусцін. На яго погляд,
«жыццё ў сельскай мясцовасці павінна быць як душэўны парыў. Чалавек павінен быць псіхалагічна гатовы».
Нехта ў студыі запярэчыў, што не ў кожным рэгіёне ёсць жыллё і годны заробак.
«Ну, дзесьці нешта менш, нешта больш. Слухайце, давайце лепш параўнаем з тым, як жылі… Пачытайце Коласа «Новую зямлю», Лабановіча згадайце і гэтак далей. Хаця ў гэтым ёсць пэўная паэзія. Але калі мы гаворым, што твая галоўная задача — «жыць у кайф», і пра гэта спяваецца ў песні, то ў вёсцы так не атрымаецца, у вёсцы працаваць трэба. Вось у гэтым, мне падаецца, праблема».
Прыгоннае права? Нармальна. Мы крэпасцю павінны быць
Студэнт Інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР Яраслаў Мяркулаў прапанаваў больш рэкламаваць жыццё ў сельскай мясцовасці.
Азаронак згадаў, што цяпер пайшоў трэнд у тыктоку, калі «нашы механізатары здымаюць відэа пад прыгожыя песні». «І гэта набірае мільёны праглядаў. Яны едуць па полі. Прыгожыя камбайны».
Але калі гэта не працуе, то, на думку Азаронка, ёсць «нармальныя адміністрацыйныя меры».
«Можна гаварыць пра рэкламу, пра сумленне, але калі нешта не працуе, то выбачайце, калі ласка, ёсць размеркаванне. Ёсць паняцце, прэзідэнт сказаў, калі хто там працуе, каб нікуды не адыходзіў. І гэта таксама нармальна. Нам не трэба саромецца. Завылі гэтыя «спадары»: ах, прыгоннае права. Дык і нармальна. Мы крэпасцю павінны быць. Таму і «крапасное» права».
Што рабіць?
Удзельнікі дыскусіі выказваліся аб неабходнасці даступнага жылля ў сельскай мясцовасці. Згадвалі пра магчымасці набыцця дамоў за адну базавую велічыню. Прапаноўвалі больш моладзі вылучаць на кіроўныя пасады ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах.
А старшыня Моладзевага парламента Мікіта Рачылоўскі выказаў думку аб тым, што трэба імкнуцца да таго, каб кожная вёска ў краіне была як вёска Бараўляны каля Мінска, дзе назіраецца вялікі рост насельніцтва. Прычына — развітая інфраструктура.
«Пакуль не будзе інфраструктуры, якія б вы дамы не адбудоўвалі, ніхто там жыць не будзе. Вы б самі туды не пераехалі».
Азаронак заўважыў, што сучасная псіхалогія ўрбаністаў не прадугледжвае ўласнай маёмасці, якая характэрная для вяскоўца.
«Сёння модныя вось гэтыя ўрбаністы, каршэрынг. Узяў гэты самакат, паехаў. У нас нават некаторыя чыноўнікі: «О, мы зрабілі 50 самакатаў». У нас гэта так модна. А ў чым псіхалогія? У тым, што ў цябе нічога свайго няма. Ты прыйшоў, сеў, недзе кінуў. Усё. Далей пра гэта не думаеш. А псіхалогія сельскага жыхара, чалавека з вёскі — гэта калі ў цябе свой дом. Вось гэтай псіхалогіі няма. Вось гэта псіхалогія ўрбаністаў, шэрынгу і іншай дрэні, якую ў нас чамусьці ўсё культывуюць, незразумела навошта. А яна ламае тое, што свая зямля, свой дом, свая радзіма».
Станіслаў Сямёнаў прапанаваў «моладзь з раёнаў не ў абласны цэнтр вазіць, паказваць помнікі, паркі, а трэба з абласнога цэнтра вазіць на экскурсіі ў раёны».
І вершы, і музыка павінны працаваць на прэстыж сельскага работніка
Каб павышаць прэстыж сельскага жыхара, моладзь прыдумала падключаць ідэалогію.
Азаронак дадаў: «І вершы, і музыка павіны працаваць на прэстыж сельскага работніка».
Рачылоўскі адзначыў, што бяда ў тым, што дзяржаўная моладзевая палітыка дрэнна рэалізуецца на месцах. «Адтуль ідуць усе праблемы. Аддзел адукацыі, аддзел спраў моладзі, ідэалагічны ў цэлым аддзел не ўзаемадзейнічае з людзьмі. Ён толькі працуе з актывістамі».
«Сельская мясцовасць больш выступае за Бацьку, за саюз з Расіяй і пры гэтым больш размаўляе на беларускай мове. І гэта вельмі цікавы момант. У нас вось нацыяналісты, гэтыя гарадскія варʼяты, што распавядаюць, што яны за мову, але яны яе не ведаюць. Але пры гэтым яны ўсе русафобы», —
выказаў сваё бачанне Азаронак.
Адна з удзельніц прапанавала больш размяшчаць сацыяльнай рэкламы пра сяло.
«У нас вісіць усюды — палі, камбайнеры. І гэта лепш, чым раней віселі ўсякія ўрбаністы, усякая сволач, —
заўважыў Азаронак і працягнуў: У нас шмат гаварылася: давайце і дом дамо, і грошай. Але ж гэта палягчае, а мы хочам зрабіць для таго, каб, наадварот, праца была прэстыжнай. Гэта супярэчлівыя рэчы».
Гурт «Дразды» — наогул забараніць
Рачылоўскі абурыўся гуртам «Дразды»:
«Вельмі важна без фальшывага вось гэтага вось папулізму, калі мы гаворым пра тое, што вось мы такія ўсе беларускія, мы тут усе любім, мы тут з вёскі, як гурт «Дразды». Мы не павінны быць такімі паказушнымі. Мы павінны быць сапраўднымі. Мы павінны паказваць усе плюсы і мінусы, а не казаць «Мы тут хлопцы з вёскі, мы прыехалі для вас» і гэтак далей. Трэба быць сапраўднымі».
«Сапраўдны хлопец з вёскі ніколі так не скажа», — падтрымаў Азаронак.
Пры гэтым музыкі са сцэны дзякавалі Лукашэнку за краіну, дзе кожны можа спакойна працаваць і выхоўваць дзяцей.
«Гурт «Дразды» — гэта не наш прыклад. Яго наогул трэба забараніць», — пайшоў далей Рачылоўскі.
«Вось абсалютна згодны, правільна. Гэта ў тым ліку падыме прэстыж сельскага работніка. Таму што калі яны незразумела сябе паводзяць з пункту гледжання ідэалогіі і пры гэтым кажуць, што яны з вёскі, то адразу ўзнікаюць пытанні», —
заўважыў Азаронак і скончыў перадачу прапановай ехаць у вёску, бо там добра.
Чытайце яшчэ:
Лукашысты патрабуюць чыстак і рэпрэсій на гістфаках у ВНУ
Рыгор Азаронак будзе выкладаць у Полацкім дзяржаўным універсітэце
Каментары