Грамадства

«Рэгіструем нумары машын у Літве, фірмы — у Польшчы і працягваем вазіць». Дальнабойнікі расказалі, як цяпер ездзяць праз польска-беларускую мяжу

Увесь грузапаток праз польска-беларускую мяжу цяпер ідзе праз адзіны дзейны пункт пропуску «Кукурыкі — Казловічы». Журналістка Mostmedia.io з'ездзіла да польскай мяжы і паразмаўляла з дальнабойнікамі аб працы ва ўмовах абмежаванняў.

Фота: Марыя Дулевіч / Mostmedia.io

Маршрут пачынаецца ў Белай Падлясцы. Да КПП «Казловічы» адсюль усяго 52 кіламетры. Тут кіроўцы велікагрузаў спыняюцца ў прыдарожных гатэлях, пры неабходнасці рамантуюць машыны і рыхтуюцца да праходжання мяжы.

Недалёка ад выезду з горада — вялікая стаянка з запраўкай. Там, па словах мясцовых жыхароў, заўсёды можна ўбачыць нямала цягачоў. На паркоўцы стаіць мінімум 20 аўтамабіляў.

«Калі выязджаць ноччу, то раніцай ужо буду ў Брэсце»

Сабраўшыся каля адной з машын, вадзіцелі гутараць пра тое, колькі часу гэтым разам зойме праходжанне мяжы.

Аляксандр завяршае маршрут з Еўропы ў Беларусь. Кажа, у жніўні чэргаў амаль не было. Паводле ягоных падлікаў, на дарогу ад Белай Падляскі да Берасця з улікам праходжання мяжы яму спатрэбіцца блізу васьмі гадзін — адна змена.

«Цяпер у адзін бок стаіць каля 90 машын, — тлумачыць Аляксандр. — Калі выязджаць з Белай Падляскі ўначы, то раніцай ужо буду ў Брэсце. А яшчэ ў пачатку жніўня чарга на Варшаўцы была большай, але і яна не параўнаецца з чаргой, якая была ў пачатку года.

Тады працягласць чаргі дасягала 25—30 кіламетраў, а хуткасць праходжання мяжы была ніжэйшай у разы.

«Тады складанасцяў было больш, — успамінае Аляксандр. — Трэба было шукаць аб'язныя шляхі або без усялякага сораму аб'язджаць машыны, якія стаялі побач. За гэта, праўда, і па мордзе можна было атрымаць, але і добра зарабіць — працадаўца даплачваў мінімум 200 еўра за аб'езд».

«Польскі прычэп рэгіструюць у Літве, і ён спакойна праходзіць мяжу»

Па назіраннях кіроўцаў, якія рэгулярна ездзяць з Беларусі ў Заходнюю Еўропу праз Польшчу, чэргаў стала значна менш пасля ўвядзення беларускім урадам забароны на ўезд грузавікоў, зарэгістраваных у Польшчы.

Да ўвядзення пастановы чарга да мяжы пачыналася ад самай Белай Падляскі, гэта значыць расцягвалася на 50 кіламетраў. Але абысці гэтую забарону аказалася нескладана.

«Абмежаванні дзейнічаюць толькі для польскіх велікагрузаў, — тлумачыць іншы дальнабойнік Віталь. — Але польскі прычэп рэгіструюць у Літве, і ён спакойна праходзіць мяжу: заязджаюць, перачэпліваюцца і едуць далей па маршруце. Ім не трэба перазагружацца і праходзіць дадатковыя праверкі».

«Размытнёўку праходзім у Польшчы, а далей едзем праз Літву»

З 1 чэрвеня 2023 новае абмежаванне: Польшча забараніла суб'ектам гаспадарання краін Еўрасаюза рабіць перачэпку беларускіх і расійскіх прычэпаў. А ўжо 1 ліпеня забаранілі вывозіць кабіны і шасі праз Польшчу.

«Але і тут абмежаванні ні на што істотна не паўплывалі. Размытнёўку праходзім у Польшчы, а далей едзем праз Літву. Па тэлевізары Наўседа крычыць, што ён выганіць усіх беларусаў і расіян з краіны, але па факце — суцэльная крывадушнасць. — Віталь смачна мацюкаецца і тлумачыць далей: — Мы рэгіструем нумары машын у Літве, а фірмы — у Польшчы і працягваем вазіць тавар, як і вазілі.

Яны гавораць па тэлевізары пра эмбарга і санкцыі. Па факце —гандаль паміж Літвой, Беларуссю і Расіяй як быў, так і будзе, таму што ніхто не хоча адно аднаму выплачваць няўстойку».

Велікагрузы не ўсюды пускаюць праз мяжу. Напрыклад, літоўскі цягач можа ўехаць у Літву, а польскі ў Літву і далей у Беларусь — не.

«Пачнецца сезон саджанцаў і елак — будзем іх вазіць»

Нягледзячы на аптымістычны на першы погляд настрой, дальнабойнікі заўважаюць змены. На беларускай мытні цяпер больш дбайна правяраюць машыны, ладзяць поўны надгляд грузу і асабістых рэчаў. Напрыклад, ежы для асабістага спажывання ў кіроўцаў павінна быць мінімум, у адваротным выпадку могуць прымусіць выкінуць.

«Можна правозіць прадукты толькі на тры дні, — распавядае яшчэ адзін дальнабойнік Дзмітрый. — Але многія ж так не робяць — напаўняюць халадзільнік як у апошні раз, спадзеючыся на цуд. Я бяру столькі, каб не было шкада выкінуць на мяжы, калі папросяць».

Санкцыі закранулі і структуры грузапатоку. Кіроўцы, якія пагадзіліся пагаварыць з журналістамі, цяпер у асноўным возяць прадукты харчавання: піва, чыпсы, каву і алкаголь.

«Хутка пачнецца сезон саджанцаў і елак — будзем іх вазіць».

«Лагісты складуць маршруты праз Расію»

На пытанні аб ПВК «Вагнер», якую з польскага боку мяжы лічаць пагрозай бяспецы, дальнабойнікі адказваюць з усмешкай.

«Я нават не адразу даведаўся, што яны ўжо ля мяжы праводзяць вучэнні, — распавядае Віталь. — А калі праз гэта закрыюць мяжу, то бяды вялікай не будзе — лагісты складуць маршруты праз Расію (Калінінградскую вобласць). Ехаць туды ні за якія грошы не хочацца, таму што дарогі жудасныя, але ў крайнім выпадку прыйдзецца.

Дрэнна будзе, напэўна, толькі тым кіроўцам, якія, напрыклад, жывуць у Брэсце. Яны дадому звычайна заязджаюць на пару дзён, з сям'ёй сустракаюцца. А калі закрыюць межы для велікагрузаў, то ў іх наўрад ці будзе час на гэта».

Каментары

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця6

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Усе навіны →
Усе навіны

Прыпыніла працу найбуйнейшая на Берасцейшчыне школа замежных моў, яе офіс апячаталі1

Дзім Дзімыч уступіў у «Белую Русь»1

«Ён заляцеў проста ў яе акно». Гісторыя 14-гадовай Марыі з Кіева, якую забіў расійскі дрон

Беларускі абураюцца адвэнт-календаром ад Luxvіsage — і не толькі з-за цаны6

Сястра Марыі Калеснікавай пракаментавала яе фота з калоніі5

Mak.by запусціў уласную дастаўку ежы2

Пачынаецца суд над святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў за «здраду дзяржаве»1

Случак: Моўная палітыка БНФ у 1990-я была вельмі памяркоўнай, я з ёй не згодны30

Ва Украіне на 15 гадоў турмы асудзілі ўраджэнца Магілёва, які ваяваў на баку Расіі і трапіў ва ўкраінскі палон

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця6

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Галоўнае
Усе навіны →