Жанчына зняла, як ДАІ штрафуе яе дачку за адсутнасць флікера. Да яе прыслалі АМАП і «ўжылі сілу»
У Лоеўскім раёне байцы АМАПа затрымалі жанчыну, аштрафавалі за непадпарадкаванне і завялі крымінальную справу па артыкуле аб распальванні варожасці, бо «не варта блытаць лаяльнасць праваахоўнікаў з праявамі слабасці».
Чэрвеньскім вечарам ДПС Лоеўскага РАУС у вёсцы Бывалькі Лоеўскага раёна пабачыла дзяўчыну, якая рухалася без флікераў. Яе запрасілі ў службовы аўтамабіль для складання адміністрацыйнага пратакола.
Да машыны ДАІ падышла і 39-гадовая маці дзяўчыны. Яна стала здымаць відэа, якое пазней выклала ў інтэрнэт.
Як паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама, жанчына «ўсяляк спрабавала перашкаджаць вядзенню адміністрацыйнага працэсу, здымала тое, што адбываецца на тэлефон,
эмацыйна каментавала дзеянні супрацоўніка міліцыі і давала ацэнку дзеянням праваахоўнікаў у цэлым».
Пазней дадому да жанчыны прыбыла следча-аператыўная група, якая абвясціла, што ў адносінах да яе праводзіцца праверка па факце публічнай абразы прадстаўніка ўлады. Ёй прапанавалі праехаць у РАУС, але жанчына адмовілася.
«Байцы АМАПа УУС Гомельшчыны з выкарыстаннем фізічнай сілы даставілі «буйную» жанчыну ў аўтатранспарт», — піша сайт міліцыі.
На жанчыну склалі пратакол аб непадпарадкаванні і аштрафавалі на 185 рублёў.
18 жніўня ў дачыненні да яе распачалі крымінальную справу па артыкуле аб распальванні сацыяльнай варожасці або варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.
«Супрацоўнікі міліцыі пры выкананні службовых абавязкаў заўсёды добразычлівыя, з павагай ставяцца да ўсіх грамадзян. Але не варта блытаць лаяльнасць праваахоўнікаў з праявамі слабасці», — пракаментаваў начальнік УУС Гомельскага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Аляксандр Шастайла.
Каментары
Прям, герои в омоне! Па мЯдали каждому!... И квартире.