Паводле папярэдніх разлікаў, станцыя «Луна-25» перайшла на неразліковую арбіту, сутыкнулася з Месяцам і спыніла сваё існаванне, паведаміў Раскосмас, як пішуць расійскія медыя.
«Луна-25» павінна была сесці ў раёне паўднёвага полюса Месяца, на поўнач ад кратара Багуслаўскі 21 жніўня.
У выпадку поспеху апарат мусіў прапрацаваць на спадарожніку Зямлі адзін год.
Асноўнымі задачамі місіі вызначаліся адпрацоўка тэхналогій мяккай пасадкі, даследаванне ўнутранай будовы і разведка рэсурсаў, у тым ліку вады.
Ракета-носьбіт «Саюз-2.1б» з месяцовай станцыяй «Луна-25» стартавала з касмадрома Усходні ў Амурскай вобласці ноччу 11 жніўня. Праз пяць дзён яна выйшла на арбіту штучнага спадарожніка Месяца.
Учора ў Раскосмасе паведамілі, што пры пераходзе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Луна-25» на перадпасадачную арбіту адбылася няштатная сітуацыя.
Аўтаматычная станцыя «Луна-25» — першая ў сучаснай гісторыі Расіі месяцовая місія. Папярэдняя станцыя «Луна-24» была запушчаная ў 1976 годзе Савецкім Саюзам і даставіла на Зямлю 170 г месяцовага грунту.
Каментары