У акупаваным Данецку адну з вуліц назвалі імем Дарʼі Дугінай. Пра гэта паведаміў «кіраўнік» так званай «ДНР» Пушылін.
«У памяць аб Дарʼі Дугінай мы вырашылі назваць вуліцу яе імем. Цяпер у Данецку вуліца імя Дарʼі Дугінай праходзіць побач з паркам імя першага кіраўніка Данецкай Народнай Рэспублікі Аляксандра Захарчанкі», — напісаў Пушылін.
Раней вуліцу ў гонар Дугінай назвалі ў Яснагорску Тульскай вобласці і абяцалі назваць у акупаваным Мелітопалі, піша «Астра».
Дугіна працавала аглядальнікам Міжнароднага еўразійскага руху, заснаванага яе бацькам Аляксандрам Дугіным. Яна актыўна падтрымлівала ваеннае ўварванне РФ ва Украіну. Так, у апошнім дакладзе Дугінай, зробленым на форуме «Армія-2022», гаворыцца, што падзеі ў Бучы — «інсцэніроўка з трупамі людзей, якія выдаюцца за ахвяр расійскай агрэсіі».
Выбух аўтамабіля, у якім знаходзілася Дугіна, адбыўся 20 жніўня 2022 года каля 10 гадзін вечара на Мажайскай шашы ў Адзінцоўскай гарадской акрузе. Жанчына вярталася з фестывалю, дзе яе бацька чытаў лекцыю «Метафізічны дуалізм гістарычнага мыслення».
Паводле версіі РФ, за арганізацыяй забойства Дугінай стаяць украінскія спецслужбы. Па справе аб забойстве ў РФ завочна арыштавалі ў лістападзе 2022 года грамадзянку Украіны Ірыну Воўк. Яе назвалі выканаўцай забойства Дугінай.
Каментары