Make Palessie sexy again. Беларуская айцішніца з Новай Зеландыі расказвае пра гаворку і звычаі сваёй роднай вёскі
«На Палессі людзі размаўляюць на вельмі спецыфічнай мове. Яна адрозніваецца і ад беларускай, і ад украінскай. І я падумала: чаму мы так не ганарымся, што мы маем? Чаму не распавядаем адусюль пра свае адметнасці? Чаму некаторыя людзі жывуць усё жыццё ў Беларусі і не ведаюць, што такое існуе? Таму я вырашыла стварыць Instagram-праект, прысвечаны маёй роднай вёсцы Опаль Іванаўскага раёна», — піша на devby.io Вольга Аполька, якая цяпер жыве і працуе ў Новай Зеландыі.
Я апошняя ў нашай сям'і, хто ведае мову і традыцыі
Мой дзядзька пытаў мяне: «А калі ты кажаш, якое ў цябе прозвішча, ці людзі смяюцца?». А справа вось у чым: завуць мяне Аполька Вольга Іванаўна, і я з вёскі Опаль (па-опальску мы гаворым «Опаль» або «Гопіль») Іванаўскага раёна. Сапраўды, можа быць смешна.
Вось ужо 1,5 года я жыву ў Новай Зеландыі. Першы год у мяне была дэпрэсія мігрантаў. Было цяжка сябе знайсці. Тут зусім іншы лад жыцця. У Оклендзе я не вітаюся са знаёмымі на кожным скрыжаванні, як гэта было ў Менску.
Паралельна я назірала, як у Новай Зеландыі аднаўляюць мову і культуру карэннага насельніцтва — маоры.
Я зразумела: забываю опальскія словы. Размаўляю з матуляй па тэлефоне — напружваюся. Я апошняя ў нашай сям’і, хто ведае мову і традыцыі. Калі не буду іх запісваць, іх забудуць.
Хочацца make Palessie sexy again. Паказаць, што можна быць моднай, сучаснай, і ў той жа час гаварыць па-палеску.
Аўдыторыя майго праекта — беларусы (і ў краіне, і па-за межамі). У мяне няма аніякіх фундатараў, я сама раблю ўсё.
Мне пішуць людзі з маёй вёскі: «Насамрэч мы трошкі інакш гаворым»
У мяне ёсць пэўныя рубрыкі:
- Opal daily talk — як гавораць у Опалі ў параўнанні з рускай і ангельскай.
- Гатую палескія стравы.
- Стрымы. Разам з іншай папулярызатаркай Палесся, дзяўчынай з вёскі Велямічы (Столінскі раён) зрабілі адзін жывы эфір. Падчас яго размаўлялі на нашых дыялектах і распавядалі пра дзяцінства ў палескіх вёсках. А ўжо ў гэтую сераду, 23 жніўня, пагаворым пра святы, кухню, спевы.
- Загадваю опальскае слова падпісантам, і яны спрабуюць адгадаць, што яно значыць.
- Публікую фоткі з Опаля. Шкадую, што мала здымала, калі была ў Беларусі. Спадзяюся знайсці кагосьці, хто б мне дапамагаў з блогам. Бо хочацца дадаваць больш мясцовага кантэнту.
- Распавядаю пра жыццё ў Новай Зеландыі — як здаць на правы, як працуюць галерэі, што паглядзець, дзе паесці.
Мне дапамагае мама, якая дагэтуль у Опалі, мой галоўны source of thruth. Таксама мой дзядзька, які даўно жыве ў Менску, але ўсё яшчэ памятае гаворку і нават дасылае маёй маме па пошце (!) лісты з опальскімі словамі.
Я кіруюся фанетычным прынцыпам пры запісы опальскіх словаў: як чуеш, так і пішаш. Мая мэта паказаць: мова жывая. Калі і будуць памылкі, то гэта другаснае. На мяне падпісаліся суседкі з вёскі. Часам пішуць: «Гэтае слова не так гаворыцца». Клёва, што яны так уключыліся, сапраўдныя эксперткі.
Існуюць падобныя праекты. Напрыклад, дзяўчына з Велямічаў пра якую я казала вышэй, ёсць блог з мемамі на паляшуцкай мове — калі я яго пабачыла то некалькі гадзінаў не магла адарвацца. Таксама мне пісалі людзі з украінскага Палесся.
Што такое вёска Опаль
Опаль — гэта вёска на беларускім Палессі на мяжы з Украінай. Да райцэнтра Іванава — паўгадзіны на машыне. У маё дзяцінства там жыло каля 2 тысяч чалавек (мінімум 1,5 тысячы). А цяпер там засталося толькі 440 чалавек.
З’язджаюць звычайна ў найбліжэйшыя буйныя гарады: Пінск, Берасце, Іванава. Мала хто пасля вучобы вяртаецца дадому. Не бачаць будучыні, бо амаль няма працы.
У Опалі ёсць адзін клуб, калі я была малая — 2 крамы, цяпер стала больш, царква — вось і ўсё. Шмат прыроды: лес, поле, кавалачкі дрыгвы, азёры, маленькая крынічка.
Людзі працуюць у калгасе, сельсавеце, больш адукаваныя — настаўнікамі ў школах або ў дзіцячым садку. Ёсць амбулаторыя.
Шмат працуе на зямлі. Вырошчваюць маліну, трускалкі і здаюць іх. Улетку праца на зямлі — гэта 70% усяго жыцця. Дзеці займаюцца школай, робяць урокі, гуляюць. А дарослыя ходзяць пасядзець-пагаварыць у госці, хтосьці вышывае. Узімку мая бабуля і маці нешта вышывалі, вязалі.
Традыцыі палешукоў
Мы вельмі ўпартыя людзі. Лепей за іншых ведаем, як трэба рабіць (асабліва жанчыны). Разбіраемся, як пасадзіць, калі і што даць жывёле, як лепей уладкаваць дом. Вельмі ўпэўненыя ў сваіх ведах і досведзе. Немагчыма нешта сказаць поперак. Для мяне гэта самая важная адметнасць палешукоў.
Ёсць традыцыйныя паляшуцкія стравы. Напрыклад «товканэця» — выкладаюць бульбяное пюрэ на патэльню і запякаюць у печцы. Не чула, каб недзе яшчэ рабілі такое.
У нас свае адметныя традыцыі пахавання. Напрыклад, на могілках завязваюць ручнікі і фартушкі. І аніхто не можа патлумачыць мне, чаму так робіцца.
У ІТ праз… медунівер і моладзевыя арганізацыі
Я вучылася ў менскім медуніверы на педыятра — змусілі бацькі. Марыла стаць журналісткай, акцёркай або перакладчыцай. Але мама лічыла, што гэта не сапраўдныя працы, а вось лекар заўсёды будзе мець хлеб.
Мне хацелася з’ехаць з Опаля, там я не здолела б цалкам рэалізаваць свой патэнцыял. На 3-м курсе, калі з’явілася крыху вольнага часу, пачала валанцёрыць у моладзевых арганізацыях. Рабіла класныя ініцыятывы, якія змянялі Беларусь да лепшага.
Падчас працы ў моладзевай групе «Рада», я пазнаёмілася з цудоўнымі Ганнай Чыстасердавай і Валянцінай Кісялёвай, стваральніцамі галерэі «Ў». Яны паклікалі мяне кіраваць галерэяй. Гэта быў цудоўны досвед, але я вырашыла рухацца далей насустрач большым гарызонтам і магчымасцям. Зайшла ў ІТ на агульнай хвалі.
Мая пазіцыя завецца HR Business Partner. Распрацоўваю праграмы: як менеджарам паводзіць сябе з людзьмі, як клапаціцца пра персанал на месцы працы, як разумець патрэбы людзей на месцы працы, як зрабіць іх досвед найбольш карысным і для іх і для кампаніі.
Увесь мой папярэдні досвед працы ў НДА — гэта пра гэта ж, толькі тайтлы іншыя. Я працую каля 3-х гадоў. Працую зараз у аўстралійскай кампаніі, якая мае офісы па ўсім свеце. Нядаўна нас купіла буйная міжнародная кампанія Globand.
Я пераязджала ў Новую Зеландыю не па працы, а праз каханне — мой партнёр паходзіць адтуль. Да лютага 2022 года ён жыў у Еўропе, а пасля пачатку вайны ва Украіне стала ясна, што мне трэба з’язджаць з Беларусі. Мне пашанцавала ўладкавацца ў аўстралійскую кампанію. У Новай Зеландыі складана знайсці працу без мясцовага досведу. Таму людзі шукаюць любую мясцовую працу, каб было што дадаць у CV.
Тут нават у банках і супермаркетах ёсць пазіцыі HR Business Partner, People Adviser. У Беларусі я такое бачыла ў нешматлікіх кампаніях.
Загадка гаворкі вёскі Таракань (цяпер — Імянін) на Берасцейшчыне
«Доўга не ведаў, як рэалізаваць гэту ідэю, але зоркі супалі». Беларускія народныя песні прагучалі ў самым цэнтры Беластока
Нацыянальная геаграфія: Мачуль. Тут плавалі на дубах, а шляхта і сяляне, хоць тыя і тыя праваслаўныя, мелі асобныя могілкі і называлі тыя ж прадметы рознымі словамі
Каментары
дарадчыца, якія цукеркі і каву купляць пэрсаналу