«Нельга справіцца з нацызмам без барацьбы з лібералізмам». Сілы, якія выдаюць сябе за «антыфашыстаў», правялі кангрэс у Мінску
17-19 жніўня ў Мінску праходзіць так званы II Міжнародны антыфашысцкі кангрэс пад эгідай Міністэрства абароны Беларусі. Сабралі найбольш цікавыя выказванні.
Кажучы пра жаданне папярэдзіць свет аб небяспецы фашызму, арганізатары, хутчэй за ўсё, маюць на ўвазе «рускі свет», бо ніякія іншыя мовы, акрамя рускай, на гэтым «міжнародным» мерапрыемстве не заўважаныя, не вялася трансляцыя ў сацсетках на міжнародную аўдыторыю, няма ўласнай айдэнтыкі ці хэштэгаў, па якіх можна было б знайсці матэрыялы аб працы кангрэса.
Першы такі кангрэс быў праведзены Міністэрствам абароны Расіі ў жніўні мінулага года. Калі стала зразумела, што дасягнуць сваіх мэт у вайне з Украінай агрэсару не ўдаецца, Расія пачала пазіцыянаваць сябе як ахвяру агрэсіі Захаду, які выкарыстоўвае супраць яе Украіну. Сёлета ў Мінску, сталіцы адзінага расійскага сатэліта, гэтая лінія была прадоўжаная.
Удзельнікам з’езда накіраваў сваё вітанне Аляксандр Лукашэнка:
«І сёння ўсе беларусы разам з удзельнікамі Другога антыфашысцкага кангрэса рашуча кажуць: «Не вайне! Не фашызму і неакаланіялізму!»
Лукашэнка таксама выказаў упэўненасць, што іх чуюць і падтрымліваюць усе краіны і народы, якія выступаюць за «новы справядлівы, шматпалярны, бяспечны свет».
Беларускі міністр абароны Віктар Хрэнін, чыё ведамства арганізоўвала гэты кангрэс, не шкадаваў добрых слоў для суседзяў: «Як Украіна і балтыйскія дзяржавы, Польшча таксама рэалізоўвае палітыку мілітарысцкага нацыяналізму, элементамі якой з'яўляецца курс на дэкамунізацыю і гераізацыю ваенных злачынцаў тыпу Рамуальда Райса. Адраджэнне фашызму ў Польшчы, балтыйскіх дзяржавах, Украіне невыпадковае, бо яны рабалепна ідуць у фарватары свайго суверэна, які падняў сцягі фашызму і нацызму».
На думку міністра абароны, тое, што адказнасць за развязванне Другой сусветнай вайны кладзецца на Германію і Савецкі Саюз як на два «таталітарныя» рэжымы, «красамоўна адлюстроўвае агульную традыцыю заходняй расісцкай ідэалогіі перакладаць віну за свае каланіяльныя злачынствы на іншыя народы».
Апошняе не замінае Хрэніну перакладаць віну за сённяшнюю вайну з Расіі на Украіну і Захад. Міністр абароны Беларусі заявіў, што, маўляў, украінскі рэжым па ўказаннях сваіх заходніх куратараў рукамі ўкраінскіх неанацысцкіх фарміраванняў ажыццяўляў знішчэнне рускамоўнага насельніцтва.
«Сёння ў авангардзе барацьбы з неанацызмам знаходзіцца брацкая нам Расія, якая праводзіць спецыяльную ваенную аперацыю ва Украіне. Беларусь забяспечвае ёй надзейны заслон на сваёй тэрыторыі ад удару з боку натаўскіх войскаў у спіну».
Лукашэнкаўскі рэжым увогуле крайне занепакоены захаваннем рускай этнічнай ідэнтычнасці.
«Дэманстратыўна сталі ўціскацца правы рускіх на захаванне этнічнай ідэнтычнасці і ў балтыйскіх дзяржавах. Меркавалася, што Расія загразне ў развязаных этнічных канфліктах на яе межах і не зможа паспяхова развівацца, назаўжды выпаўшы з пула ўплывовых міжнародных гульцоў», — заўважае Хрэнін.
Хрэнін таксама зачытаў тую ж думку, якую развілі генерал Вальфовіч, мітрапаліт Веніямін і экс-бээрэсэмавец Бузоўскі: «Сёння неафашызм, які культывуецца элітай шэрага дзяржаў свету, не апрануты ў карычневыя або чорныя кашулі і боты. Ён прыкрываецца шырмай барацьбы за дэмакратыю і правы чалавека, а таксама абаронай сваіх нацыянальных інтарэсаў ва ўсіх краінах свету. Арыйскія стандарты яны замянілі на ліберальна-дэмакратычныя каштоўнасці.
Фільтраванне народаў ажыццяўляецца на адпаведнасць новаму эталону праз палітычны ціск і шантаж, нелегітымныя санкцыі, каляровыя рэвалюцыі, мяцяжы і проксі-войны».
Заходняя палітычная эліта, на яго думку, лічыць сябе гаспадарамі жыцця, якім дазволена ўсё, і яна дэманструе ўсім сваю беспакаранасць.
Гэта ў Беларусі простым людзям забаронена назіраць за падлікам галасоў на выбарах, але ўсёдазволенасць дэманструе заходняя эліта.
Мітрапаліт падкантрольнай Крамлю Рускай праваслаўнай царквы Веніямін знайшоў просты адказ на тое, чаму забыліся на жахі і пакуты вялікай вайны:
«Чаму ўзніклі правалы ў памяці ў многіх народаў? Адказ дастаткова просты — таму што, штучна прыкрываючыся лозунгамі дэмакратыі, правоў чалавека, заахвочваецца сучасны нацысцкі рэжым, у тым ліку і ва Украіне».
«Безадказныя сілы ў свеце робяць усё, каб сітуацыю ва Украіне перавесці ў плоскасць рэальнай вайны Захаду з Расіяй і Беларуссю».
Да ідэалагічных асноў супрацьстаяння з Захадам звярнуўся намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі:
«Неалібералізм на нашых вачах трансфармуецца ў ідэалогію неаліберальнага фашызму. Гэта не прапагандысцкая метафара.
Амерыканскі палітолаг Фрэнсіс Фукуяма, адзін з вядомых прадстаўнікоў неалібералізму і гіперглабалізму, у нядаўнім артыкуле казаў ясна, што лібералізму патрэбная нацыя».
Не прапагандысцкая метафара, але прапагандысцкае клішэ «неаліберальны фашызм» паходзіць з маргінальных антысеміцкіх публікацый канца 1990-х — пачатку 2000-х, якія маюць характэрныя назвы кшталту «Яўрэйскі фашызм у Расіі». Толькі ў апошнія гады ён атрымаў шырокае прызнанне ў расійскіх патрыятычна-шавіністычных колах і канспіралагічна-геапалітычных выданнях, але ніколі не выкарыстоўваўся ў навуковых публікацыях, бо з’яўляецца аксюмаранам: фашызм і лібералізм — процілегласці.
Мэтай жа вялікага цывілізацыйнага супрацьстаяння, якое выліваецца ў каляровыя рэвалюцыі, сацыяльныя ўзрушэнні, узброеныя канфлікты, разбурэнне краін і імперый, Бузоўскі бачыць у духоўнай сферы:
«Такія катэгорыі, як дэмакратыя, правы чалавека, свабода слова, грамадзянская супольнасць, мэты ўстойлівага развіцця, «зялёная» эканоміка, гендарная роўнасць, сталі звычайнымі для ўспрымання».
На думку Ігара Бузоўскага, «неаліберальны фашызм становіцца адкрыта прызнанай ідэалогіяй Захаду.
Нельга справіцца з нацызмам без фундаментальнай ідэалагічнай барацьбы з лібералізмам, — заявіў Бузоўскі.
— Для гэтага нам патрэбная ідэалогія, таму што нас атакуюць ідэалогіяй. Простым цвярозым сэнсам гэтую ідэалогію не перамагчы, патрэбная свая», — лабіраваў ідэалагічнае пытанне былы галоўны ідэолаг лукашэнкаўскай Адміністрацыі, якога за нейкія грахі панізілі да пасады намесніка міністра і там ужо дзясятак гадоў трымаюць.
Паводле ж даследчыкаў фашызму, адна з яго характэрных прыкмет з улікам агульнай супярэчлівасці — гэта якраз антыліберальная скіраванасць.
Таксама Бузоўскі падзяліўся сваёй траўмай ад беларускай рэвалюцыі 2020 года:
«Сімвалам стаў сцяг, які як мінімум выклікае гістарычныя спрэчкі і асацыюецца з калабарацыянізмам у Беларусі».
Бузоўскі, нагадаем, скончыў Мінскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча па спецыяльнасці «сацыяльны педагог — псіхолаг». У сістэме ён невыпадковы чалавек — сын савецкага кадэбіста, ён пасля аднаго года афіцэрскай службы пайшоў на кіроўныя пасады ў лукамол.
Бузоўскі пахваліўся вынікамі «маштабнай работы» свайго ведамства, якому ўдалося толькі за шэсць месяцаў гэтага года ўключыць у спіс экстрэмісцкіх больш за 600 матэрыялаў. Нагадаем, што сярод экстрэмісцкіх матэрыялаў цяпер значацца нават творы аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Расійскія прадстаўнікі раскручвалі тэму магчымага хуткага нападу Захаду на Беларусь. Так, намеснік міністра абароны — начальнік Галоўнага вайскова-палітычнага ўпраўлення Узброеных сіл Расіі Віктар Гарамыкін заявіў:
«Кангрэс праходзіць на фоне найскладанейшай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Калектыўны Захад працягвае напампоўваць дзейны кіеўскі рэжым зброяй, робіць усё для зацягвання эскалацыі канфлікту. У карных акцыях і баявых дзеяннях бяруць удзел тысячы замежных наймітаў. НАТА выкарыстоўвае ўкраінскі крызіс як падставу для нарошчвання сваіх груповак. Запушчаны чарговы этап пашырэння Альянсу. Ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе мадэрнізуецца вайсковая інфраструктура, размяшчаюцца ўдарныя ўзбраенні. Пра ўзмацненне вайсковай прысутнасці ля межаў Беларусі і Расіі заявіла Генеральнае камандаванне Польшчы».
«Калектыўны Захад не гатовы перайсці да фарміравання шматпалярнага свету, ён мае намер адстойваць сваю гегемонію ўсімі сродкамі, у тым ліку ваеннымі», — дапоўніў намеснік міністра.
Першы намеснік генеральнага сакратара СНД Леанід Анфімаў, разважаючы пра супрацьстаянне фашызму і нацызму, выказваўся аб «недапушчэнні карозіі гістарычнай праўды пра гэтыя хваробы чалавечай цывілізацыі».
Сярод запрошаных гасцей быў сербскі генерал-маёр у адстаўцы Лука Кастратавіч, які традыцыйна нагадаў пра супрацьстаянне НАТА і Югаславіі. Лука Кастратавіч высока ацаніў тое, што Лукашэнка наведаў Сербію падчас агрэсіі НАТА.
Другі госць з далёкага замежжа, бразільскі журналіст Лукас Лейрас распавёў, што на Захадзе праводзіцца вялікая кампанія па дэзынфармацыі, перакручваецца паняцце фашызму. На ягоную думку, правільнае азначэнне фашызму — «нацысцкая таталітарная палітычная ідэалогія, якая ў мінулым стагоддзі ўзаконіла маштабную ваенную агрэсію супраць славян». Бразільскі госць не прамінуў таксама нагадаць пра тое, што «русафобскі неафашызм развіваецца ва ўсёй Еўропе, асабліва ў Польшчы і краінах Балтыі».
Выказаўся пра надзённыя ідэалагічныя тэмы таксама і дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч, які ў пачатку кангрэса зачытваў вітанне Лукашэнкі.
«Усяго праз 80 пасляваенных гадоў чалавецтва падышло так блізка да небяспечнай рысы — развязвання гарачай фазы новай сусветнай вайны, бенефіцыярам якой з'яўляюцца ЗША і іншыя краіны НАТА, якія не хаваюць сваіх сімпатый сёння да неанацызму».
У чым праяўляецца сімпатыя рэлігійна і расава разнастайнага Захаду да ідэалогіі, у аснове якой ляжыць перавага «белай расы», а таксама дзеля чаго Расія зрабіла першы рашучы крок у справе, бенефіцыярамі якой з’яўляюцца яе «спрадвечныя ворагі», Вальфовіч не ўдакладніў.
Агулам кангрэс пакідае ўражанне мерапрыемства, на якім удзельнікі пераконваюць іншых у тым, у што самі не вераць.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
хрэнин,а ты хоть слово по-беларуски знаешь?