У Беларусі распрацавалі кілбасу для школьнікаў з павышаным індэксам масы цела
За кошт зніжэння ў рэцэптуры да 30% тлушчу ўдалося знізіць каларыйнасць з 246 да 160 кілакалорый на 100 грамаў прадукту.
Беларускія навукоўцы распрацавалі дыетычную кілбасу для школьнікаў, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў сераду намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі Алена Сцяпанава, піша «Спутнік».
Яна распавяла, што для дашкольнікаў і школьнікаў выпускаецца каля 30 найменняў малочных і мясных вырабаў: паўфабрыкаты, кілбасы, паштэты.
«З навінак — кілбасныя вырабы для харчавання дзяцей з павышаным індэксам масы цела. За кошт зніжэння ў рэцэптуры да 30% тлушчу нам удалося паменшыць каларыйнасць з 246 да 160 кілакалорый на 100 грамаў прадукту», — адзначыла Сцяпанава.
Паводле яе слоў, у прадуктах для школьнікаў на 10% была зніжана колькасць солі і павялічана колькасць вітамінаў групы B і магнію.
«Будзем працаваць далей над пашырэннем асартыменту і задавальненнем патрэбы нашых дзетак», — канстатавала навуковец.
Каментары