Еўрасаюз паставіў Украіне 200 тысяч боепрыпасаў і дзве тысячы ракет. Абяцалі мільён
Краіны Еўрасаюза ўжо паставілі Украіне больш за 200 тысяч артылерыйскіх боепрыпасаў і больш за дзве тысячы ракет розных тыпаў. Пра гэта ў размове з агенцтвам France Presse паведаміў афіцыйны прадстаўнік ЕС Петэр Стана, паведамляе «Радыё Свабода».
У пачатку 2023 года Еўрасаюз узгадніў план паставак боепрыпасаў Украіне на суму два мільярды еўра. Пакет дапамогі прадугледжвае як непасрэднае забеспячэнне ўкраінскіх войскаў з наяўных у еўрапейскіх краін запасаў, так і замовы на вытворчасць новых боепрыпасаў. Мэта плана — на працягу года забяспечыць Украіну мільёнам снарадаў. Такім чынам, Украіна атрымала пятую частку абяцанага ЕС мільёна снарадаў.
У адпаведнасці з першым этапам плана, які дзейнічаў з лютага да канца мая, быў выдаткаваны адзін мільярд еўра для аплаты краінам ЕС прыкладна паловы кошту снарадаў, пастаўленых з іх арсеналаў. Пры гэтым ажыццявіць пастаўкі ў прадугледжаным аб’ёме не ўдалося, адзначае France Press.
Паводле звестак ЕС, краіны, якія ў яго ўваходзяць, з пачатку вайны Расіі супраць Украіны перадалі Кіеву вайскова-тэхнічную дапамогу на суму 20 мільярдаў еўра. ЗША па стане на канец ліпеня выдзелілі Украіне каля 44 мільярдаў даляраў.
Каментары