У Смаргоні жанчыне праз траўму ў цэху «Еўраопта» ампутавалі частку рукі. Яна падала ў суд і дамаглася кампенсацыі
У Смаргоні жанчына працавала ў цэху «Еўраопта» і страціла частку правай рукі праз няшчасны выпадак на вытворчасці. Яна падала ў суд на гандлёвую сетку і выйграла справу — ёй пастанавілі выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 10 тысяч рублёў. Пра гэтую гісторыю распавядае «Зеркало» са спасылкай на рашэнне суда Смаргонскага раёна.
У красавіку 2018 года жанчына ўладкавалася ў краму «Еўраопт» кухоннай рабочай, а потым перайшла ў цэх па вытворчасці паўфабрыкатаў.
У ліпені 2022 года падчас працы ў цэху супрацоўніца праходзіла міма ўключанай істужачнай пілы для распілоўвання мяса. У гэты момант ёй на нагу павалілася каляска са свінымі тушамі, якую разгружаў іншы працаўнік. Ад удару жанчына страціла раўнавагу і ўпала на пілу, пашкодзіўшы руку.
Судмедэкспертыза вызначыла атрыманыя ёю траўмы як «менш цяжкія цялесныя пашкоджанні па прыкмеце значнай стойкай страты агульнай працаздольнасці менш чым на адну траціну».
Дырэктар філіяла ТАА «Еўрагандаль» у Гродне праз два тыдні падпісаў акт аб няшчасным выпадку на вытворчасці: яго прычынай была названая тэхнічная няспраўнасць істужачнай пілы з-за адсутнасці агароджы, а асобай, якая дапусціла парушэнні працоўнага заканадаўства, прызнаны абвальшчык мяса.
У Следчым камітэце правялі праверку па факце прычынення цялесных пашкоджанняў на вытворчасці, але ў выніку адмовіліся распачаць крымінальную справу, спаслаўшыся на адсутнасць складу злачынства.
Тады пацярпелая падала пазоў у суд супраць ТАА «Еўрагандаль» з патрабаваннем выплаціць ёй грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 10 000 рублёў.
«У сувязі з атрыманымі траўмамі пазоўніцы былі прычыненыя фізічныя і маральныя пакуты», — адзначаецца ў пастанове суда.
Яна патлумачыла, што доўгі час пакутавала ад болю і была вымушаная прымаць моцныя абязбольвальныя прэпараты. У бальніцах Смаргоні і Мінска жанчыне зрабілі тры аперацыі па выдаленні часткі фаланг пальцаў правай рукі, пасля гэтага яна не можа працаваць па гаспадарцы.
Прадстаўнік «Еўрагандлю», хоць і часткова прызнаў іскавыя патрабаванні, выплачваць поўную суму кампенсацыі не пагадзіўся. Аднак суд усё ж заняў бок пацярпелай жанчыны, пастанавіўшы пакрыць ёй шкоду ў 10 000 рублёў і выдаткі па аплаце юрыдычнай дапамогі на суму 550 рублёў, а таксама заплаціць дзяржпошліну ў памеры 111 рублёў.
Рытэйлер не стаў апратэстоўваць рашэнне суда і выканаў патрабаванні.
Каментары
хіба што ў нябёсны