Вярхоўны суд ліквідаваў Рэспубліканскую партыю і Сацыял-дэмакратычную партыю народнай згоды
Вярхоўны суд ліквідаваў яшчэ дзве праўладныя партыі — Рэспубліканскую партыю і Сацыял-дэмакратычную партыю народнай згоды. Гэта вынікае з паведамлення расійскага агенцтва ТАСС, якое атрымала адпаведную інфармацыю ў самім судзе.
Рашэнне аб ліквідацыі Рэспубліканскай партыі Вярхоўны суд прыняў 8 жніўня, Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды — 9 жніўня. Першая праіснавала больш за 29 гадоў, другая — больш за 26 гадоў. Праўда, увесь гэты час абедзве партыі рэальнай дзейнасці практычна не праводзілі і не спрабавалі праводзіць, яны былі патрэбныя ўладам хутчэй у якасці шырмы. А цяпер патрэбныя быць перасталі.
Прэс-служба Вярхоўнага суда пра гэтыя рашэнні пакуль не паведаміла. Згаданыя палітычныя структуры дагэтуль фігуруюць у спісе партый на сайце Міністэрства юстыцыі і маюць статус дзейных у Адзіным дзяржаўным рэгістры.
Каментары