Грамадства1717

«Часам страшылкі пра беларусаў перасягаюць рамкі». Галоўрэд рускамоўнага Delfi — пра спрэчны фільм Мікалая Мамінава і логіку літоўскіх палітыкаў

У канцы ліпеня літоўскі партал Delfi ўляцеў у беларускую інфапрастору з дакументалкай аб пратэстах 2020-га «Хроніка сучаснасці». Многія беларусы пазналі сябе на тых кадрах — і жахнуліся, бо гэта цяпер азначае патэнцыйныя турэмныя тэрміны. «Наша Ніва» пагутарыла з галоўным рэдактарам рускамоўнага Delfi Алегам Ерафеевым пра стужку і ўспрыманне беларусаў у Літве.

Партал Delfi — адно з найбольш папулярных выданняў Літвы. Ëн належыць эстонскай Ekspress Grupp, такія ж парталы працуюць у Латвіі і Эстоніі. 48-гадовы Алег Ерафееў узначальвае рускамоўную версію літоўскага Delfi. Менавіта на ёй быў апублікаваны дакументальны фільм, які выклікаў у беларусаў супярэчлівую рэакцыю. Дарэчы, Delfi збіраецца перавыдаць фільм у найбліжэйшыя дні, яшчэ больш заблюраным. Пра яго першая частка нашай гутаркі. А ў другой частцы — гаворка пра стаўленне да беларусаў і пра тэндэнцыі літоўскай палітыкі адносна іх.

«НН»: Як фільм «Хроніка сучаснасці» з’явіўся ў рэдакцыі Delfi?

АЕ: Аўтар [Мікалай Мамінаў] прыйшоў да нас і прапанаваў яго. Мы паглядзелі гэты матэрыял, нас зацікавіла.

У Літве дагэтуль не было такога фільма. Як і большасць медыя, мы, вядома, выкарыстоўвалі і выкарыстоўваем пэўныя кадры беларускіх пратэстаў, калі расказваем пра іх. Але не было такога поўнаметражнага твора, дакументальнай хронікі таго, што адбывалася. Фільм цікавы, бо за гадзіну з лішкам мы можам убачыць пратэсты і згадаць, што ўсё гэта сапраўды адбывалася ў Беларусі. Мы бачым больш-менш структураваную працу, у якой ёсць метраж, па якім мы можам меркаваць, што і як адбывалася на мінскіх вуліцах у той час.

«НН»: То-бок гэта ўнікальны матэрыял для вас?

АЕ: Не тое каб унікальны, бо там шмат кадраў тых жа сітуацый, што мы бачылі раней, хіба што гэта знята з іншых ракурсаў. Але ў фільма ёсць сюжэтная лінія, можна паглядзець па храналогіі, як цягам гэтых трох дзён развіваліся падзеі.

«НН»: Як рыхтавалі фільм да паказу?

АЕ: Мікалай [Мамінаў] прынёс ужо гатовы фільм. Што да нас, мы рабілі літоўскія цітры, бо фільм выходзіў у першую чаргу на літоўскую аўдыторыю. Таксама мы займаліся колеракарэкцыяй і рэтушаваннем.

Адразу было зразумела, што без блюру гэты фільм паказваць нельга, бо там хапае буйных планаў людзей. Пару тыдняў у нас сышло, каб яго заблюрыць. Зрабілі адзін раз і ўбачылі, што гэтага недастаткова, потым зрабілі блюр другі і трэці раз, і толькі пасля гэтага апублікавалі фільм.

Цяпер заблюрылі яго ўжо чацвёрты раз, і гэта таксама доўжылася доўга. Пасля таго, як мы адключылі фільм на ютубе, мы над ім яшчэ папрацавалі, каб да нас зусім не было прэтэнзій. Глядзелі, чым можна дапоўніць яго, каб не зусім прыбраць адтуль усё цікавае, інакш ён тады выглядаў бы вельмі дзіўна.

«Беларускае грамадства цяпер у закладніках»

«НН»: Што адбывалася пасля таго, як вы размясцілі гэты фільм на ютубе?

АЕ: Нам пачалі званіць і пісаць людзі, якія прасілі прыбраць яго, бо яны ў ім пабачылі сябе ці сваіх знаёмых і цяпер баяцца, што іх пазнаюць.

Мы, вядома, бачылі, як у каментарах нехта пісаў пад выглядам ГУБАЗіКа і спрабаваў наганяць страх. Але ў той жа час некаторыя калегі з-за межаў Беларусі, не сілавікі і не спецслужбоўцы, пачалі наганяць у фэйсбуку страх яшчэ раней за ГУБАЗіК. У нас узнікла пытанне: навошта гэта было рабіць?

Нас папракалі: не важна, што вы паказалі, унікальна гэта ці не, але яно стане падставай для рэпрэсій. Але я магу назваць як мінімум дзесяць каналаў, дзе відэа з 2020 года ляжыць у адкрытым доступе. Там буйныя планы, агульныя — якія хочаш, і блюрам нават не пахне. Бесперспектыўна шукаць логіку ў тым, як рэжым выбірае падставу для рэпрэсій, у такім выпадку мы мусім увогуле маўчаць і нічога не рабіць. 

«НН»: Тым не менш беларускія сілавікі затрымалі пасля выхаду фільма некалькі чалавек.

АЕ: ГУБАЗіК можа паказаць яшчэ 20—30 затрыманых. Мы можам гэта праверыць? І давайце не забываць, рэпрэсіі здзяйсняе не Delfi і не нейкае іншае медыя, не беларускія незалежныя медыя, у якіх такіх відэа колькі хочаш. Рэпрэсіі здзяйсняе рэжым. Якую падставу ён выбера — гэта, на жаль, для нас недаступная інфармацыя.

А што рабіць з пратэстамі ў іншых краінах, у Расіі? Таксама ўсё заблюрыць і не паказваць? Чым тады журналісты будуць займацца? Тады перад намі паўстаюць глабальныя і вельмі цікавыя пытанні. Што тады рабіць з ютубам? Напісаць ім калектыўную скаргу з просьбай сцерці ўсё пра беларускія пратэсты пачынаючы з 2020 года?

Давайце не забываць, што калі людзі выходзілі на дэманстрацыю, яны хацелі якраз прадэманстраваць свой пратэст.

Не хачу папракаць беларусаў ці кагосьці яшчэ, але калі мы выходзім на вуліцу, мы робім гэта ўсвядомлена, каб паказаць сваё меркаванне і пратэст, прымаем рашэнне. 

Гэта не гаворыць пра тое, што нам напляваць на беларусаў і мы не праяўляем разумення да таго, што рэпрэсіі ўзмацняюцца. Наадварот, мы тры разы блюрылі фільм. Можа здарыцца так, што вы самі паставіце ў матэрыял відэа з адкрытымі тварамі, якое ляжыць у адкрытым доступе тры гады, і недзе яго пакажаце. Упэўнены, шмат людзей таксама ў ім сябе пазнаюць і здрыгануцца. І гэта ўжо ніхто не прыбярэ, а мы прыбралі наш фільм.

Не кажу пра выданне «Хроніка бягучых падзей» савецкага часу, калі людзі ладзілі пратэсты і пра іх стараліся ў гэтай хроніцы пісаць. Прычым стараліся ўдакладняць, хто канкрэтна зладзіў такі пратэст.

«НН»: Як вы ацэньваеце скандал вакол фільма?

АЕ: Мы пабачылі на гэтым прыкладзе, што за апошнія паўгода ціск на беларускае грамадства моцна вырас. Хутчэй за ўсё, калі б гэты фільм быў выпушчаны месяцаў сем таму, такой рэакцыі не было б. Па-мойму, за апошнія год-паўтара выйшла пара дакументальных стужак, дзе таксама ўсё незаблюранае, і людзі за такія працы яшчэ і ўзнагароды атрымлівалі. Такога ажыятажу, як у нашым выпадку, тады не было.

Мабыць, за гэтыя некалькі месяцаў сітуацыя так пагоршала, што такую моцную рэакцыю выклікае любы напамін пра тое, што было, што людзі пратэставалі, не жадалі і, напэўна, не жадаюць бачыць пэўных людзей ва ўладзе. 

Праз гэта мы перш за ўсё бачым страх самога рэжыму. Са страхам ідзе яго жаданне прыглушыць усё навокал сябе і скарыстаць любую магчымасць, каб раздзьмуць гэты страх.

Цяпер вымушаны канстатаваць, што, на жаль, Лукашэнка трымае пісталет ля скроні кожнага беларуса, які патэнцыйна з ім нязгодны, усё больш-менш свядомае беларускае грамадства цяпер па сутнасці ў закладніках.

«НН»: Пасля скандалу вы кантактавалі з Мамінавым?

АЕ: Так, як заўсёды, мы з ім нармальна камунікуем.

«НН»: Вы казалі, што яшчэ раз заблюрылі фільм. Плануеце яго зноў выпусціць?

АЕ: Так, мы абавязкова яго пакажам, было б дзіўна яго зусім прыбраць і не паказваць (прэм'ера стаіць у ютубе на 14 жніўня ў 18:00. — «НН»). Гэта таксама азначала б, што Лукашэнка перамагае, як і ў тым выпадку, калі б мы там зусім усё заблюрылі шэрым колерам. Выглядала б так, нібыта Беларусь і беларускае грамадства ператварыліся ў вялікую шэрую пляму і твараў у іх ужо няма.

«НН»: Беларускія незалежныя медыя больш не выкарыстоўваюць у сваіх матэрыялах фота з тварамі пратэстоўцаў, каб выпадкова не нашкодзіць…

АЕ: Безумоўна, гэта клопат, і гэта вельмі важна. Таму мы і блюрылі фільм. Было б безадказна выпусціць яго ў першапачатковым выглядзе, хаця такія кадры дагэтуль ляжаць паўсюль. Верагодна, медыйная супольнасць будзе тут стаяць перад выклікам, як працаваць далей, бо на гэтым сітуацыя не спыніцца. Раней ці пазней мы будзем вымушаныя саступаць рэжыму, у тым ліку на шкоду сваёй працы.

Беларусь і беларусы ў літоўскай палітыцы

«НН»: Як цяпер успрымаюць Беларусь звычайныя літоўцы?

Алег Ерафееў: Гэта складанае пытанне, не было вялікіх апытанняў ці даследаванняў гэтага.

На мой погляд, у сувязі з апошнімі падзеямі, у тым ліку перамяшчэннем групоўкі «Вагнер» і рознымі правакацыямі, літоўцы бачаць у Беларусі небяспечнага суседа. Але гэта, хутчэй, датычыць не самога народа, а беларускага рэжыму. 

Ёсць яшчэ мігранцкі крызіс, які доўжыцца не першы год. Мы памятаем, як у 2021-м вялікія групы мігрантаў спрабавалі перайсці мяжу, гэта была адна з гібрыдных аперацый Лукашэнкі, цяпер мы бачым іншыя праявы такіх паводзінаў. Дадайце сюды Астравецкую АЭС, дзе пастаянна нешта запускаецца і ламаецца.

«НН»: Ці дастаткова літоўцы інфармаваныя пра тое, што адбываецца ў Беларусі?

АЕ: Ёсць інфармацыя пра асноўныя працэсы, што адбываюцца ў Беларусі, таму сітуацыю можна прыкладна зразумець. Цяпер вельмі складана атрымаць усю інфармацыю пра тое, што робіць рэжым, з-за вайны ва Украіне і размяшчэння ў Беларусі расійскіх вайскоўцаў краіна закрываецца.

Але мы ведаем, што рэжым робіць тое, што хоча, цісне на людзей, задушыў пратэст. Ён прыгнятае любую актыўнасць і абмяжоўвае доступ да інфармацыі пра тое, што адбываецца. 

«НН»: Наколькі заўважная беларуская меншасць у Літве?

АЕ: Напэўна, у першую чаргу яна праяўляе сябе праз Кабінет Святланы Ціханоўскай, праз яго заявы і ўдзел у палітычных працэсах, у тым ліку літоўскіх. У жніўні 2020-га Ціханоўская прыехала сюды, потым тут апынуліся і іншыя палітычныя ўцекачы з Беларусі, у тым ліку і праваабаронцы, і ўдзельнікі пратэстаў, працуюць арганізацыі дзеля дапамогі ім. У медыйнай прасторы ўсе яны найбольш заўважныя з беларусаў.

Іншая рэч — тое, што кажуць нашы палітыкі пра беларусаў, ці мяркуюць яны, што пэўныя беларусы могуць пагражаць нацбяспецы. Падаецца, што жыхары Літвы, асабліва тыя, хто жыве ў Вільні ці ў іншых рэгіёнах, дзе вялікія беларускія супольнасці, адэкватна ўспрымаюць беларускіх эмігрантаў: усё-такі гэта і айцішнікі, і людзі са сваім бізнэсам, нехта з беларусаў працягвае займацца актывізмам. Гэта нашы суседзі, якія проста апынуліся ў вельмі складанай сітуацыі.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі беларускія пратэсты і прысутнасць беларусаў у Літве адышлі на другі план, калі не на трэці. Але рэжым не дае нам забыць пра сябе, пастаянна ладзіць нейкія правакацыі. 

Мне здаецца, што часам страшылкі пра беларусаў ад нашых палітыкаў пераходзяць рамкі — магчыма, гэта праца на свайго выбаршчыка. Я пра спробы зраўняць беларусаў з расіянамі, паказваць іх як пагрозу нацбяспецы.

Спачатку мы быццам адкрываем [у 2020-м] для беларусаў гуманітарны калідор, а потым кажам, што беларусаў зашмат у Літве. Але што змянілася? Няўжо праз тое, што ў Беларусь прыехалі вагнераўцы, беларусы сталі нейкімі іншымі? Якім чынам вагнераўцы ўплываюць на беларусаў? Для мяне гэта не надта пераканаўчая прычына нешта заціснуць і пастрожыць.

Проста трэба разабрацца, ці могуць нашы службы праверыць і адсеяць тых, хто працаваў з рэжымам, у каго ёсць падсанкцыйны бізнэс. Калі вы не ў стане гэта зрабіць, няма чаго пужаць людзей, проста трэба працаваць.

«НН»: Беларускім медыя вядомыя выпадкі, калі ў «пагрозе нацбяспецы» абвінавачвалі людзей, фармальным чынам звязаных у мінулым з МУС ці вайсковымі структурамі.

АЕ: Ведаю такія гісторыі, мы самі асвятляем аналагічны выпадак. Грамадзянін Літвы жанаты з беларускай, але яна не можа да яго прыехаць, бо ёй анулявалі літоўскія дакументы і яшчэ на пяць гадоў забаранілі наведваць ЕС. Трэба разбірацца, якія крытэрыі пагрозы.

Раней у Літве разважалі, каго прызнаваць супрацоўнікам рэпрэсіўных органаў Савецкага Саюза — КГБ і НКВД. Ці лічым мы злачынцам умоўнага кіроўцу або кухара ў сталовай?

Або глядзім на сітуацыю адэкватна і спрабуем разабрацца, хто сапраўды здзяйсняў рэпрэсіі? Дакладна не скажу, да якой высновы прыйшла Літва. Але людзей, якія не прымалі звязаныя з рэпрэсіямі рашэнні, тут не пераследавалі.

З беларусамі атрымліваецца падобна. Чалавек некалі служыў у савецкай ці беларускай арміі, потым, магчыма, выходзіў на пратэсты, а цяпер атрымлівае мокрай анучай па твары. Гэта пытанне да нашых палітыкаў і адказных устаноў, якія займаюцца гэтымі справамі.

«НН»: Гэта выдаткі сітуацыі?

АЕ: Напэўна. Магчыма, іграе ролю страх, недахоп рэсурсаў для таго, каб даць рады працэсам. Таму і прымаюцца больш радыкальныя рашэнні, якія пры фармальным падыходзе да іх выканання могуць балюча ўдарыць па тых, каго і так б'юць дома.

Чуў нядаўна каментар старшыні камітэта абароны і нацыянальнай бяспекі Літвы Лаўрынаса Кашчунаса. Ён казаў прыкладна так: вы, вядома, выбачайце, але ў першую чаргу нас цікавіць наша сітуацыя. 

Я так разумею, што Кабінет Ціханоўскай знаходзіцца ў кантакце з літоўскімі палітыкамі і спрабуе вырашыць гэтыя пытанні. Яшчэ важна, як гэта ўсё бачыць літоўскі выбаршчык. Калі яму падаць Беларусь як страшылку і вялікую пагрозу, тут нічога не выправіш, бо не ў кожнага літоўца ёсць сусед-беларус, і тады літовец не ведае, якія яны — беларусы. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары17

  • Alex
    11.08.2023
    Литве конечно спасибо за все, но планировать будущее в стране, которая идет по тем же стопам, не понимая того, что своими мерами они ничем не отличаются от того же режима, как белорусы уехали из рб из-за «очень успешного» менеджмента хозяйственника, также и уедут быстро из Литвы. Есть куча европейских стран, которые с удовольствием примут белорусских специалистов и не будут вставлять палки в колеса… белорусы приезжали в Литву не для того, чтобы их пинали также как в РБ, они просто хотят жить нормально, но видимо уже в другой стране…тк нет сил терпеть вот это все. И разве это европейская страна…печально все это.
  • Лох
    11.08.2023
    700 ракет по Украине тоже придуманы?
    Европейские лохи такие лохи
  • LETUVYSAS
    11.08.2023
    Alex,CEJ VILNIUS???

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»27

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскія МіГ-31К ужо не ў Беларусі?1

Партугалія пачне выдаваць гуманітарныя візы. Іх змогуць атрымаць і беларусы

Паўночнакарэйскія войскі ўжо на тэрыторыі Украіны — The Washington Post

«Квадроберства ў Беларусі існуе даўно». Найлепшыя твіты тыдня8

Беларусы адпачылі ў Еўропе, патраціўшы па 200 еўра на чалавека за 12 дзён1

Туск хоча пастрожыць міграцыйную палітыку ў Польшчы, але актыўна прыцягваць працоўныя рэсурсы5

Тры маляўнічыя прысядзібныя паркі, якія варта наведаць увосень2

За апошнія два дні на беларускіх метэастанцыях зафіксавана 11 рэкордаў цяпла

Лукашэнка спадзяецца, што расіяне знойдуць яму нафту на Гомельшчыне8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»27

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»

Галоўнае
Усе навіны →