Здарэнне адбылося ў пятніцу ў вёсцы Горадня. Ратавальнікам Пружаншчыны патэлефанавала ўсхваляваная жанчына і паведаміла, што кабыла, якую яна пакінула на выгуле ў суседнім двары, правалілася ў калодзеж з вадой.
— Я адразу падумала, што яна адвязалася і ўцякла, так ужо бывала не раз, — распавяла гаспадыня, — але потым падышла за калком і ўбачыла яе ў калодзежы. Усё затрэслася ўнутры, але сцяміла патэлефанаваць ратавальнікам: прыехалі вельмі хутка.
Ужо на месцы стала зразумела, што спатрэбіцца дадатковая тэхніка. Неабходна было зняць як мінімум два калодзежныя кольцы, а затым выцягнуць жывёлу пры дапамозе буксіровачных фалаў. Для гэтага быў прыцягнуты «Амкадор» ААТ «Пружанскае».
Дзякуючы правільным дзеянням кіроўцы і ратавальнікаў выратавальная «аперацыя» прайшла паспяхова. Расчысціўшы зямлю вакол і зняўшы два кольцы, кабылу Паліну дасталі на паверхню.
І ўжо праз некалькі хвілін шчаслівая жывёла прынялася жаваць траву.
Каментары