Тэрміновыя ўклады ў беларускіх рублях. Ці застанецца выгада праз год з улікам дэвальвацыі?
Паглядзелі, наколькі выгадна рабіць безадзыўныя рублёвыя ўклады. Што стала б з грашыма, калі б мы іх паклалі на дэпазіт год таму?
Высокія працэнты і нізкія вынікі
Станам на пачатак жніўня, беларускія рублі можна пакласці на безадзыўны ўклад на год пад 10,6% гадавых. Напрыклад, такі працэнт прапануе найбуйнейшы банк краіны — Беларусбанк.
Але мінулым летам стаўкі былі вышэйшыя. Самым выгадным у ліпені 2022 быў дэпазіт з фіксаванай стаўкай 20% на 13 месяцаў. (Прыбытак ад укладаў з тэрмінам большым за 1 год не абкладаецца падаткам, таму банкі часцяком прапануюць рабіць уклад на 13, а не 12 месяцаў.)
Для зручнасці разлікаў возьмем суму 10 000 рублёў, што па тагачасным курсе Нацыянальнага банка раўнялася 3850 далярам ЗША.
Праз 13 месяцаў замест 10 тысяч рублёў вы б атрымалі 12 166 рублёў. То-бок чысты прыбытак складае 2166 рублёў. Няблага, але гэта ў нацыянальнай валюце.
Калі перавесці рублі ў даляры па актуальным курсе Нацбанка, мы атрымаем 3940 даляраў ЗША. Такім чынам, атрыманы прыбытак за 13 месяцаў складзе ўсяго 90 даляраў ЗША.
Ці выгадней рабіць уклады ў валюце?
Працэнтныя стаўкі па дэпазітах у валюце цяпер у рамках хібнасці. За амерыканскую валюту, напрыклад, можна разлічваць на 0,3% гадавых, калі разглядаць уклады тэрмінам на 1 год.
З еўра сітуацыя яшчэ больш сумная, наступная лічба пасля коскі — таксама 0. Калі гэта ўклад на год, то банкі прапануюць 0,05% гадавых у еўра.
Але летась сітуацыя выглядала зусім інакш. Праз тое, што з пачаткам вайны людзі пачалі масава здымаць грошы з укладаў, банкі былі зацікаўленыя ў тым, каб іх прыцягнуць. Таму мінулым летам стаўкі па валютных дэпазітах былі нерэальна высокія.
У далярах ЗША можна было адкрыць безадзыўны дэпазіт з фіксаванай стаўкай да 6% гадавых.
Такім чынам, з леташніх 3850 даляраў праз год пасля аплаты падатку ў вас было б ужо $4050. Чысты прыбытак з такой сумы ў такім выпадку склаў бы 200 даляраў ЗША. Гэта ў два разы больш, чым у выпадку з рублямі.
Які дэпазіт выгадна адкрываць у 2023 годзе?
Цяпер валютныя ўклады сталі настолькі нявыгаднымі, што яны нават блізка не пакрыюць інфляцыйныя страты. Cтаўкі па рублёвых дэпазітах таксама моцна праселі ў параўнанні з мінулым годам.
Але варта адзначыць, што банкаўскія ўклады з'яўляюцца інструментам не для прымнажэння назапашванняў, а для іх зберагання. Хаця пры ўдалых абставінах рублёвыя дэпазіты могуць прынесці неблагі прыбытак. Але для гэтага трэба, каб курс заставаўся стабільным, а стаўкі высокімі. Летась сапраўды былі перыяды, калі на кароткатэрміновых (3—6 месяцаў) безадзыўных укладах у рублях можна было падзарабіць, бо беларускі рубель летась як заўважна прасядаў, так і ўмацоўваўся.
Даляр, еўра ці кітайскі юань? Захоўванне грошай у якой з валют аказалася самым выгадным за мінулы год
Чаму ў Пецярбургу масава гараць новыя аўтобусы МАЗ? Наступствы санкцый
Каментары
Таму ўсе гэтыя разважанні цікавыя альбо для некваліфікаваных інвестараў, альбо для аматараў фінансавых спекуляцый.