Сірыл Рамафоса на сустрэчы, прысвечанай вайне ва Украіне, заклікаў прэзідэнта Расіі аднавіць працу збожжавай угоды. Расшыфроўка сустрэчы апублікавана на сайце Крамля.
«Мы сюды прыйшлі не для таго, каб прасіць пра нейкія «дары». Мы, вядома, разумеем, што вы са шчодрасці вырашылі бязвыплатна даць збожжа некаторым афрыканскім краінам, якія сутыкаюцца з пэўнымі складанасцямі, аднак гэта не наша асноўная мэта тут. Гэта не галоўная наша задача, каб дамагчыся нейкіх паставак такога характару», — заявіў Рамафоса.
Прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі падкрэсліў, што краіны Афрыкі прапаноўвалі Расіі аднавіць удзел у збожжавай угодзе і гаварылі аб неабходнасці «адкрыцця Чорнага мора», каб яно «было адкрытае для сусветных рынкаў».
Раней Уладзімір Пуцін на пасяджэнні форуму «Расія-Афрыка» заявіў, што Расія гатова бясплатна найбліжэйшыя тры-чатыры месяцы паставіць некалькім афрыканскім краінам па 25-50 тысяч тон збожжа. Паводле слоў Пуціна, РФ можа паставіць збожжа Буркіна-Фасо, Зімбабвэ, Малі, Самалі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы і Эрытрэі.
Тэрмін збожжавай угоды скончыўся 17 ліпеня. Расійскія ўлады абвясцілі, што яна спыненая, бо частка дамоўленасцяў, якія тычацца Расіі, нібыта не выканана. З 18 ліпеня расійскія войскі наносяць удары па аб'ектах партовай інфраструктуры Украіны, у тым ліку ў Адэсе.
Каментары