Займаўся боксам, рана ажаніўся. Пяць фактаў пра новага міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі
На гэтую пасаду Лукашэнка прызначыў доўгажыхара ведамства Генадзя Трубілу.
Быў намеснікам у трох міністраў
Да пасады кіраўніка ведамства Трубіла ішоў 11 гадоў. У 2012 годзе ён быў прызначаны намеснікам міністра, у 2018-м — першым намеснікам кіраўніка ведамства.
Начальнікамі Трубілы былі Андрэй Шорац (у 2014 годзе яго паставілі кіраваць Мінскім гарвыканкамам), Аляксандр Церахаў (з міністэрскай пасады сышоў пасля адстаўкі ў 2020 годзе ўрада Сяргея Румаса) ды Андрэй Хмель (яго прызначылі сёлета ў маі старшынёй Гродзенскага гарвыканкама).
Прасіў у маці дазволу на ранні шлюб
52-гадовы Генадзь Трубіла родам са Слоніма.
Бацькі Трубілы працавалі на мясцовым льнозаводзе. Бацька, Аляксей Аляксеевіч, рабіў трактарыстам, а маці, Францішка Ігнатаўна, была падвязчыцай валакна. Акрамя сына Генадзя яны мелі і меншую дачку Галіну. Цяпер яна загадчыца дзіцячага садка ў Слоніме.
Як кажуць крыніцы, блізкія да сям’і новапрызначанага міністра, Генадзь Трубіла ажаніўся даволі маладым — было яму каля дваццаці. Дазволу прасіў у маці, якая не пярэчыла ранняму шлюбу сына.
У сям’і Генадзя і Таццяны Трубілаў двое сыноў. Большаму Дзянісу — 30, а меншаму Вадзіму — 15 гадоў.
Хацеў стаць дальнабойнікам, але перадумаў, паслухаўшыся маці
Генадзь Трубіла з дзяцінства захапляецца боксам. Дагэтуль трымае сябе ў спартовай форме.
Хацеў стаць кіроўцам-дальнабойнікам, але маці пераканала яго выбраць іншую прафесію.
Трубіла — выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт), а таксама Акадэміі кіравання пры Лукашэнку.
Па сканчэнні інстытута Трубіла застаўся ў Мінску. Працаваў механікам на прыватнай вытворчасці, а затым падаўся ў жыллёва-камунальную гаспадарку.
Займаў кіроўныя пасады ў ЖРЭУ Фрунзенскага раёна сталіцы і тры гады, да прызначэння ў міністэрства, быў дырэктарам гэтай арганізацыі.
Супакойваў насельніцтва
Генадзь Трубіла адзін з аўтараў Жыллёвага кодэкса, які быў зацверджаны Палатай прадстаўнікоў у 2012 годзе.
Новапрызначаны міністр займаўся пытаннямі цеплавой мадэрнізацыі жылых дамоў, замены цеплавых сетак. Сачыў за выканнем заданняў забеспячэння малых паселішчаў якаснай вадой і рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў.
Генадзь Трубіла на ранейшых пасадах у міністэрстве зацвярджаў рашэнні, калі ў жылыя дамы прыйдзе ацяпленне.
Падчас пандэміі Трубіла супакойваў жыхароў Мінска, што ўвесну гарачую ваду адключаць не будуць.
«Мы будзем рэкамендаваць, — казаў ён у 2020 годзе, — каб майскія адключэнні перанеслі на пазнейшы тэрмін, напрыклад, на верасень. Але я хачу адзначыць, што ўсё роўна падрыхтоўчыя мерапрыемствы да ацяпляльнага перыяду павінны праводзіцца».
Трубіла абяцаў, што цэны на камунальныя паслугі калі і будуць расці, то не значна. Напрыклад, у 2022 годзе ён казаў, што да канца 2023 году падаражэння не будзе наогул.
«У нас тарыфы на паслугі ЖКГ павышаюцца ў памеры $5 у эквіваленце, але збалансавана: з 1 студзеня і 1 ліпеня. З 1 ліпеня сёлета павышэння не было і да канца года яно не прадугледжана», — тлумачыў ён.
Абяцае, што супрацоўнікі ЖКГ будуць «крайне адкрытыя і ўважлівыя ў працы з насельніцтвам»
Лукашэнка патрабуе ад Генадзя Трубілы, каб ён прыўнёс у сістэму ЖКГ навізну і каб менш было скаргаў ад насельніцтва.
«Каб гэтае міністэрства нарэшце даказала, што яму быць. Што Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў краіне патрэбнае», — настаўляў новапрызначанага кіраўніка ведамства Лукашэнка.
Генадзь Трубіла лічыць, што цэнтральнае месца ў функцыянаванні галіны займае павышэнне эфектыўнасці і аператыўнасці вырашэння праблемных пытанняў грамадзян.
Паводле Трубілы, у 2022 годзе ў сістэме ЖКГ было на 5-7 працэнтаў меней скаргаў, чым годам раней.
Ён абяцае, што супрацоўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі будуць «крайне адкрытыя і ўважлівыя ў працы з насельніцтвам».
Трубіла спадзяецца, што само насельніцтва будзе беражліва ставіцца да «захавання і ўтрымання ў належным стане месцаў агульнага карыстання жылых дамоў, прылеглай да іх тэрыторыі», а таксама, што людзі будуць збіраць камунальныя адходы асобна.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Рост тарыфаў у ЖКГ адвязалі ад даляра і прывязалі да базавай велічыні
Каментары