«Не дай страху табой авалодаць». 27 ліпеня Алег Груздзіловіч прэзентуе сваю кнігу пра зняволенне
Пачатак прэзентацыі а 18:30 ў Беларускім доме па адрасе Вільня, вуліца Віленская, 20, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Журналіст Алег Груздзіловіч, які правёў дзевяць месяцаў у турме, напісаў кнігу пра свой сумны досвед. У выданні «Мае турэмныя муры» аўтар, нягледзячы на ўсю драматычнасць тэмы, прытрымліваецца свайго фірмавага іранічнага стылю і спрабуе ўбачыць прыкметы чалавечнасці нават у вертухаях.
— Гэта кніга не толькі пра быт, а хутчэй — уласныя ўспаміны пра перажытае ў турме. Кавалак жыцця, які немагчыма выкінуць, — распавядаў аўтар у інтэрв’ю БАЖ. — Натуральна, што чалавек, пабываўшы ў такой «вандроўцы», хоча расказаць другім аб гэтым вопыце. Адначасова была спроба нешта пераасэнсаваць.
Прэзентацыя кнігі «Мае турэмныя муры» пройдзе ў Вільні 27 ліпеня (чацвер) у Беларускім доме. Наведнікі змогуць атрымаць кнігу з аўтографам аўтара ў падарунак.
Каментары