Ірак і некаторыя іншыя краіны з мусульманскай большасцю рэзка асудзілі спаленне Карана ў панядзелак ля будынка пасольства Ірака ў Капенгагене.
Двое сяброў групы «Дацкія патрыёты» растапталі і падпалілі святую кнігу ў латку з фольгі, паклаўшы яе на зямлю побач з іракскім сцягам. На мінулым тыдні сябры групоўкі транслявалі аналагічны акт у фэйсбуку, піша Бі-бі-сі.
Пасля гэтага каля тысячы дэманстрантаў у Багдадзе спрабавалі пранікнуць у пасольства Даніі.
На мінулым тыдні іракскі бежанец-хрысціянін атрымаў дазвол у другі раз спаліць Каран у Стакгольме. Праўда, ён не спаліў яго, але растаптаў нагамі. Шведская паліцыя спрабавала забараніць гэтае дзейства, аднак суд скасаваў забарону, спасылаючыся на законнае права на свабоду сходаў.
Швeцыі давялося эвакуяваць супрацоўнікаў свайго пасольства з Багдада пасля таго, як у будынак праніклі дэманстранты. Ірак таксама выслаў шведскага пасла, а ў мінулы чацвер пратэстоўцы ў Іраку падпалілі шведскую амбасаду ў Багдадзе.
Шведскія ўлады асудзілі спаленне свяшчэннай кнігі як ісламафобскае.
Міністэрства замежных спраў Ірака заявіла, што падобныя дзеянні дазваляюць «вірусу экстрэмізму і нянавісці» быць «рэальнай пагрозай мірнаму суіснаванню грамадстваў».
Чарговае апаганьванне кнігі ў сталіцы Даніі выклікала шматтысячную акцыю пратэсту ў еменскай сталіцы Сане, удзельнікі якой выказалі гнеў на адрас Даніі і Швецыі за тое, што яны дапускаюць падобныя дзеянні.
Турцыя назвала тое, што адбылося, «агідным нападам» на Каран, а Міністэрства замежных спраў Алжыра выклікала амбасадара Даніі і паверанага ў справах Швецыі, каб асудзіць гэтыя дзеянні.
Іран у суботу таксама выказаў пратэст у сувязі з падзеямі, якія адбыліся раней. СМІ Катара паведамілі, што на найбуйнейшым у краіне рынку Сук Аль-Баладзі на знак пратэсту былі канфіскаваныя шведскія тавары.
У суботу ў Багдадзе сілы бяспекі ўжылі слезацечны газ, каб не дапусціць вялікіх натоўпаў людзей да пасольства Даніі. Пераходы ва ўмацаваную «зялёную зону» горада, дзе размешчаны многія замежныя амбасады, былі закрытыя.
Каментары