У пункце пропуску «Казловічы» на польска-беларускай мяжы мытнікі затрымалі незадэклараваны груз з 450 вырабленых шыншылавых скурак, паведамілі ў Брэсцкай мытні. Тавар быў знойдзены ў грузавым аўтамабілі Citroen з эстонскімі нумарамі, які вёз з Літвы зборны груз.
«Падазрэнне ў мытнікаў выклікаў той факт, што даволі дарагое футра ацанілі танна — па таварасуправаджальных дакументах яго кошт складаў каля трох тысяч рублёў», — паведамілі ў Брэсцкай рэгіянальнай мытні.
Падчас мытнага кантролю было ўстаноўлена, што насамрэч такая партыя скурак шыншылаў каштуе не менш за 82 тысячы рублёў. Больш за тое, некалькі штук увогуле не былі заяўленыя ў дакументах.
Супраць парушальнікаў распачалі адміністрацыйны працэс па ч. 1 і ч. 3 арт. 15.5 КаАП (недэклараванне альбо падача недакладных звестак пра тавары).
Футра шыншыл належыць да разраду вельмі каштоўных і дарагіх, бо яно мяккае і амаль бязважкае. Футры з шыншыл дарагія, бо на адзін выраб сыходзіць да 100 скурак.
Каментары