Спорт

У Беларусі ствараюць медыйны футбольны клуб

З канца 2010-х у Расіі набірае моц медыяфутбол. Гульцы, якія ўжо не імкнуцца да трафеяў вялікага футбола, аб’ядноўваюцца ў каманды з блогерамі і медыйнымі зоркамі, збіраюць стадыёны і мільёны праглядаў у сацсетках. Зараз у расійскім медыяфутболе можа з’явіцца беларуская каманда — праўда, яшчэ пытанне, колькі беларускага ў ёй будзе.

Аляксандр Глеб

Пра тое, што беларускі клуб можа заявіцца ў расійскую Медыялігу, упершыню загаварылі ўвесну. Каманду назвалі DMedia, і, калі збудуцца планы яе стваральнікаў, клуб выступіць у новым сезоне турніру, які плануецца ўжо ў сярэдзіне жніўня. Ініцыятарам праекта называюць Платона Дзмітрыева — былога менеджара БАТЭ (вы маглі яго бачыць у роліках у клубным ютуб-канале).

Беларускія твары ў Медыялізе — гэта не навіна. Там гуляе каманда GOATS, і восенню 2022-га за яе заявіліся тры беларусы: Ігар Шытаў, Віталь Булыга і Вячаслаў Глеб (брат Аляксандра Глеба). Там жа выступаў Ігар Стасевіч, некалі капітан беларускай зборнай і БАТЭ.

Гэтым разам да медыяфутбола можа далучыцца больш вядомы з братоў Глебаў — Аляксандр, адзін з найярчэйшых беларускіх футбалістаў апошніх дзесяцігоддзяў, былая зорка лонданскага «Арсенала» і пераможца Лігі чэмпіёнаў у складзе «Барселоны». У адпаведным каментары Глеб не абверг такой магчымасці: «Калі ўсё будзе добра, зоркі супадуць, то ўсё будзе добра».

Праўда, прэзідэнт Медыялігі Мікалай Осіпаў кажа, што Глеб выступіць у клубе «Мінск», а DMedia, наколькі вядома, не збіраецца змяняць назву. Што гэта за блытаніна? Хайп на зорцы з боку арганізатараў?

Ужо дакладна ў DMedia (калі каманда выйдзе на поле) будзе Станіслаў Драгун, яшчэ адзін топавы футбольны беларус. Экс-зорка БАТЭ і былы капітан нацзборнай, Драгун трапіў у сумнавядомы чорны спіс футбалістаў, якім за грамадзянскую пазіцыю пасля жніўня-2020 закрылі шлях у нацыянальны чэмпіянат. Нейкі час Драгун жыў без футбола, а калі стала ясна, што яму так і не дадуць працягнуць выступы за ўжо родны БАТЭ, скончыў кар'еру.

Пару тыдняў таму Драгун непрыемна здзівіў сваіх заўзятараў прэс-канферэнцыяй, якая нагадвала сумнавядомыя відэа затрыманых сілавікамі людзей. Адзначым толькі адзін з яго тэзісаў: «Кожны павінен займацца сваёй справай, спартоўцы — спортам, а палітыкі — палітыкай. Я палез не туды, куды трэба».

У той жа дзень, калі выйшлі ў свет праўладныя выказванні Драгуна, DMedia выпусціла ролік з ім. У роліку футбаліст абвясціў, што далучаецца да першай беларускай медыйнай каманды.

Пасля Глеба і Драгуна прыйшоў час уласна медыйшчыкаў. На гэтую ролю ў клубе для пачатку выбралі Аркадзя Логвіна, блогера і вядучага мерапрыемстваў, які родам з Бабруйска. Логвін вядзе ютуб-канал «П'янае Зыба», дзе на сёння крыху больш за 1400 падпісчыкаў. Там ён выкладвае відэа з тусовачных лакацый (гаворка збольшага пра мінскую Зыбіцкую), дзе задае сустрэчным пытанні накшталт «Ці быў у вас сэкс утраіх?».

Наступны медыйшчык у команде — гэта Бадабумчык (Улад Музалёў), топавы беларускі тыктокер з 2,4 мільёна падпісчыкаў. Пра што ён робіць кантэнт? Вось, напрыклад, відэа Бадабумчыка, якое за два месяцы набрала 7,3 мільёна праглядаў.

@wlad.muzalev

Краш тг: «Бадабумчик»

♬ оригинальный звук - Бадабумчик‍

Раней Музалёў ужо спрабаваў выйсці за межы дваровага футбола. У чэрвені 2022-га ён трапіў на прагляд да клуба «Макслайн» — амбіцыйнага праекта з Рагачова, які цяпер месціцца ў Віцебску і гуляе ў першай лізе. У складзе на гэты сезон Бадабумчыка няма, але ж час на тое, каб завітаць на стадыён да «Макслайна», ён знаходзіць.

Таксама ў DMedia збіраецца Raze (Андрэй Белавусаў), уладальнік акаўнта ў тыктоку на два мільёны падпісчыкаў. Белавусаву спорт таксама не чужы, ён займаўся ім амаль што прафесійна. Але гаворка ішла не пра футбол, а пра хакей на траве, дзе Рэйз нават уваходзіў у склад моладзевай зборнай, але скончыў кар'еру праз праблемы з сэрцам.

Белавусаў здымае відэа пра жыццёвыя сітуацыі і «антыпікап» — наўмысна няўдалыя спробы флірту, а таксама абыгрывае розныя інтэрнэт-трэнды. Вы маглі чуць пра яго брата Уладзіслава Белавусава, гульца зборнай па хакеі на траве і таксама папулярнага ў свой час тыктокера. На акаўнт Уладзіслава падпісаныя 2,3 мільёна чалавек.

У кастрычніку 2022-га абодвух братоў затрымалі — Уладзіслаў трапіў за краты 4 кастрычніка, а Андрэй — 12-га. У пакаянным відэа Уладзіслаў стаіць на каленях з тварам, уткнутым у дывановае пакрыццё, ролік выклалі проста ў тыкток хлопца. 20 кастрычніка браты выйшлі на волю.

Што да трэнера DMedia, то перш за ўсё на гэтую пасаду хацелі ўзяць Ігара Крывушэнку, былога коўча беларускай нацыяналкі. Гэты варыянт адкінулі: Крывушэнка нібыта не пасаваў да Медыялігі. Імя трэнера, які ўзначаліць DMedia, пакуль не раскрываюць, але па апісанні ён «яркі, эмацыйны, імпульсіўны» — тое, што трэба для лігі, заточанай пад медыйнасць і прагляды ў сеціве.

У пошуках такога коўча стваральнікі DMedia разглядалі варыянт Віталя Жукоўскага — былога трэнера «Іслачы» і БАТЭ, які цяпер працуе ў казахстанскім «Атырау». Жукоўскі ўмее ладзіць яркія прэс-канферэнцыі, і яго дужа хацелі бачыць у медыяклубе, але ж пакуль трэнер заняты.

Калі DMedia ўсё ж такі здолее заявіцца ў Медыялігу, беларусаў, магчыма, чакае кубкавае спаборніцтва з хатнімі і выязнымі гульнямі. Дакладны фармат лігі пакуль што невядомы. Але можна пэўна сказаць, што, калі беларуская каманда будзе браць у ёй удзел, месцы на хатнім стадыёне пуставаць не будуць. 

Рэч у тым, што медыяфутбол ужо неаднойчы прыязджаў у Мінск і заўжды з поспехам. У 2019-м медыяклуб «Амкал» згуляў на стадыёне ФК «Мінск» са зборнай заўзятараў мінскага «Дынама» і сарваў небывалы аншлаг — рэгістрацыя на матч скончылася недзе за 15 хвілін пасля адкрыцця.

У сакавіку гэтага года «Амкал» зноў прыехаў у Мінск, гэтым разам на стадыён «Дынама-Юні», і згуляў з дынамаўскімі ветэранамі. Трыбуны зноў былі поўныя. Медыяфутбол нашмат лепш умее прыцягваць гледачоў, чым беларуская вышэйшая ліга, дасць ён рады і гэтым разам.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Казлы, рэп і наркаман: як зоркі беларускага футбола гуляюць у аматарскай камандзе ў Расіі

Ад Швейцарыі да Новай Зеландыі. Пяць крутых футбалістак з жаночага чэмпіянату свету

Сціплы геній з іспанскай вёскі. Хто такі Карлас Алькарас — малады пераможца Уімблдана

Каментары

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты17

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Усе навіны →
Усе навіны

У Ашмянскім раёне мужчына лінуў бензінам у печку, каб лепш гарэла1

ФІФА «аддала» Крым Расіі падчас лёсавання кваліфікацыі ЧС-20261

Дачцэ Сяргея Далідовіча дазволілі выступаць на Кубку свету па біятлоне за каманду ўцекачоў з Беларусі

Парламент Грузіі прыняў закон аб забароне масак на пратэстах1

У футбольным сімулятары ад Раналду ёсць беларуская мова4

«Бедненька, але чысценька. А народ знешне не адрозніць ад нас». Расійскі чыноўнік з'ездзіў у Гомель і засумняваўся ў Маскве6

Вызначыліся супернікі зборнай Беларусі ў адборачным турніры да ЧС-20263

Латушка — камандзе Бабарыкі: Большасць выступае за тое, каб працягваць ціск31

У Мінпрацы расказалі, як зрабіць сабе 3 студзеня выходным днём

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты17

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Галоўнае
Усе навіны →