Расійскі тэлеграм-канал Baza паведаміў, што ў ноч на 20 ліпеня аэрадром у расійскай Разанскай вобласці атакавалі з дапамогай беспілотнага лятальнага апарата. Як мяркуецца, гаворка ідзе пра аэрадром «Дзягілева», які ўжо атакавалі ў снежні 2022 года.
Паводле інфармацыі крыніц «Базы», аэрадром у Разанскай вобласці атакавалі а 3-й гадзіне ночы 20 ліпеня — у гэты час быў чуваць выбух. Пазней у раёне стаянкі самалётаў у Маскоўскім раёне вобласці выявілі варонку дыяметрам 10 см і глыбінёй 1,5 см, што можа быць наступствам выбуху.
«Паводле папярэдніх звестак, выбух мог быць зроблены з дапамогай квадракоптара, вырабленага саматужным спосабам», — піша Baza. Паводле яе звестак, пашкоджанняў і пацярпелых няма.
Іншыя крыніцы пра гэты інцыдэнт не паведамляюць.
Як вядома, у Разанскай вобласці размешчаны вайсковы аэрадром «Дзягілева», дзе дыслакуецца 43-ці цэнтр баявога прымянення і перанавучання лётнага складу.
Каментары