«Як звычайна, аптымістычны і баявы». Палітвязень Івашын патэлефанаваў жонцы
Палітвязень-журналіст Дзяніс Івашын, асуджаны на 13 гадоў і пераведзены на турэмны рэжым, патэлефанаваў жонцы. Перад гэтым Вольга Івашына трывожылася, што ад мужа 58 дзён няма навінаў.
«Дзень сёння зранку выдаўся цудоўным. Пачаўся ён з… нечаканага тэлефанавання Дзяніса Івашына! Мы здолелі паразмаўляць усяго пару хвілінаў праз тэхнічныя складанасці з майго боку. Але ж Дзяніс паспеў павіншаваць мяне з заўтрашнімі ўгодкамі нашага шлюбу і сказаць, што я — усё самае дарагое і важнае ў яго жыцці! Я паспела яшчэ раз яго павіншаваць з народзінамі, бо майго віншавальнага ліста Дзяніс пакуль не атрымаў».
Паколькі сувязь перарвалася, а на тэлефанаванне любы вязень гэтай турмы мае да 15 хвілін, супрацоўнікі адміністрацыі дазволілі Дзянісу патэлефанаваць другі раз, і ён звязаўся з маці.
«Такім чынам мы даведаліся, што Дзяніс, калі ўсё з ім будзе ў парадку, зможа тэлефанаваць нам раз на месяц. Спадзяемся, што так і будзе далей. А Дзяніс, мяркую, быў вельмі ўдзячны адміністрацыі за саму магчымасць патэлефанаваць, бо ён быў этапаваны ў Жодзіна ўжо пасля размеркавання чарговасці і мусіў бы чакаць яшчэ месяц, а тут змог павіншаваць мяне і паразмаўляць з маці. Голас у Дзяніса быў, як звычайна, аптымістычны і баявы, як і ягоны настрой. Ён даведаўся трошкі навінаў пра нас, пра свайго абаронцу ды нашае лецішча, то, пэўна, застаўся задаволены. А для мяне было з рога ўсяго многа добрага за сёння: па абедзе яшчэ дайшоў ліст №46 з чамусьці замаляванай датай і ў ім дадатковая прыгожая паштовачка. Але не ўсё адразу, буду патрошкі дзяліцца з вамі сваімі скарбамі», — дадала Вольга Івашына.
Каментары