Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў інтэрв'ю LRT расказаў, што баяўся пагаршэння вынікаў саміту НАТА праз гнеўны твіт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які быў ім апублікаваны па дарозе ў Вільню.
«Драматызм быў вельмі высокі, і ў нейкі момант у мяне, безумоўна, былі падставы баяцца, або тэкст можа раптам стаць нашмат горшы, або ў ім будуць прапушчаны рэчы, якія надзвычай важныя для нас і для Украіны», — сказаў прэзідэнт Літвы.
Гітанас Наўседа дадаў, што разумее эмоцыі Зяленскага, але ў той жа час ён усведамляў, што «мы ўжо дасягнулі максімуму і любая спроба пайсці далей разбурыць сам Віленскі саміт».
«Я кажу гэта вельмі адказна. Гэта магло адбыцца. Гэтага не адбылося, і менавіта таму мы сёння гаворым у зусім іншым тоне.
Урэшце, і прэзідэнт Зяленскі, як вы вельмі добра бачылі на наступны дзень, гаварыў зусім іншым тонам. І я, безумоўна, вітаю рашэнні, якія былі прынятыя ў Вільні», — сказаў Наўседа.
Па дарозе ў Вільню на саміт НАТА Зяленскі рэзка напісаў у твітары, што цяпер сярод саюзнікаў няма гатоўнасці ні запрасіць Украіну ў НАТА, ні зрабіць яе чальцом Альянсу.
Па інфармацыі медыя, украінская дэлегацыя спрабавала такім чынам паўплываць на ход дыскусій у рамках НАТА, але рэакцыя была адваротнай. Асабліва раззлаваліся ЗША, якіх пра паведамленне ў сацсетках не папярэджвалі, што прымусіла ўмяшацца брытанскую і часткова нямецкую дэлегацыю.
Каментары