Карпянкоў пра новыя атрады спецназа: Мы будзем выкарыстоўваць багаты досвед НКВД
Намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў учора праінспектаваў абсталяванне і гатоўнасць новага падраздзялення спецыяльнага прызначэння «Буран» у Гомелі, створанага на базе вайсковай часці 5525.
За адпрацоўкай умоўных сітуацый на розных лакацыях сачылі таксама старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, начальнік УУС Аляксандр Шастайла, вайсковы камісар вобласці Андрэй Крываносаў і іншыя, як паведамляе Гомельскі аблвыканкам.
«Мы іх стваралі для ўзмацнення нашых баявых магчымасцяў, перш за ўсё для таго, каб яны былі гатовыя і здольныя весці сучасныя баявыя дзеянні, маглі высочваць і знішчаць дыверсійна-выведвальныя групы і незаконныя ўзброеныя фармаванні, якія да нас сюды непасрэдна могуць уварвацца», — расказаў Карпянкоў.
«Мы стараемся рэалізаваць той унікальны багаты досвед, які ёсць у падраздзяленнях НКВД, калі яны выяўлялі дыверсантаў, паліцаяў, калабарантаў, якія хаваліся ў нашых лясах. Нашы падраздзяленні здольныя выконваць задачу і ў цывільным адзенні, высочваючы, і ў цяжкім абмундзіраванні, праводзячы вайсковыя спецаперацыі. Такія групы, яны называліся чэкісцка-вайсковыя. Гэта вось менавіта ў цесным узаемадзеянні з крымінальнай міліцыяй мы падрыхтуем падраздзяленні, якія будуць у сабе спалучаць вось гэты досвед чэкісцка-вайсковых груп», — працягнуў намеснік міністра.
Учора была разыграна наступная сцэнка. Двое злачынцаў захапіла жылы дом і ўзяло ў закладнікі мясцовых жыхароў. Байцы адпрацавалі спецаперацыю з захопам у аўтамабілі групы дыверсантаў, эвакуацыю параненага таварыша і іншыя тактычныя заданні.
«Шанцаў у ворага няма», — даў ацэнку Мікалай Карпянкоў.
Каментары
Не носи нож в кармане, а то пораниться!)